У Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся гала-канцэрт «Харавы сабор», прымеркаваны да святкавання 30-годдзя прыхода іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» [+відэа]

17 лістапада 2022

top.jpg

16 лістапада 2022 года ў Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся гала-канцэрт «Харавы сабор», прымеркаваны да святкавання 1030-годдзя Праваслаўя на Беларускіх землях і 30-годдзя прыхода іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць».

У ліку гледачоў на канцэрце прысутнічалі Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па ўзаемадзеянні з казацтвам, старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па царкоўнаму мастацтву, архітэктуры і рэстаўрацыі, благачынны 2-й Мінскай гарадской акругі, настаяцель прыхода храма ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» горада Мінска протаіерэй Ігар Карасцялёў, старшыня Савета па культуры Мінскай епархіі, дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча протаіерэй Іаан Задарожын, галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Анісімаў і іншыя ганаровыя госці.

Яго Высокапраасвяшчэнства звярнуўся да прысутных з прывітальным словам і ўручыў узнагароды БПЦ: галоўнаму дырыжору заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Рыгора Шырмы, рэгенту вялікага хору прыхода храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» горада Мінска Вользе Янум за шматгадовае і добрасумленнае нясенне послуху на клірасе і ў сувязі з 30-гадовым юбілеем хору – ордэн святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай; галоўнаму дырыжору і мастацкаму кіраўніку Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Аляксандру Анісімаву за плённае супрацоўніцтва з БПЦ і ў сувязі з 75-годдзем – медаль свяціцеля Кірыла Тураўскага; мастацкаму кіраўніку і дырыжору Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь Наталлі Міхайлавай за плённае супрацоўніцтва з БПЦ і ў сувязі з 85-годдзем Беларускай дзяржаўнай філармоніі – медаль святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай; генеральнаму дырэктару Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандру Мікіце за плённае супрацоўніцтва з БПЦ і ў сувязі з 85-годдзем Беларускай дзяржаўнай філармоніі – медаль свяціцеля Кірыла Тураўскага; калектыву Беларускай дзяржаўнай філармоніі за плённае супрацоўніцтва з БПЦ і ў сувязі з 85-годдзем Беларускай дзяржаўнай філармоніі – грамату Патрыяршага Экзарха.

У канцэрце прынялі ўдзел Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Рыгора Шырмы (галоўны дырыжор – Вольга Янум), Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік і дырыжор – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава), Архіерэйскі хор Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора (мастацкі кіраўнік і рэгент Віталь Сабалеўскі), святочны хор храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» (рэгент Вольга Янум), дзіцячы хор нядзельнай школы храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» (рэгент Людміла Літошык).

Дырыжорам і аўтарам праекта выступіла Вольга Янум, рэжысёрам праекта – Віталь Сабалеўскі.

***

26 красавіка 1991 года, у пятую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС, на вуліцы Прытыцкага горада Мінска адбылася закладка памятнага каменя і асвячэнне месца, дзе ў памяць аб ахвярах трагедыі першы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт благаславіў узвесці сабор у гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць».

У ліпені 1991 года прыход наведаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II, які благаславіў прыхаджан на будаўніцтва храмавага комплексу і перадаў у дар прыходу абраз Прасвятой Багародзіцы «Усіх тужлівых Радасць».

Пачынаючы з чэрвеня 1992 года набажэнствы ў парафіі адбываліся ў прыстасаванай пад храм брызентавай армейскай палатцы.

У красавіку 1993 года пачалося будаўніцтва Свята-Еўфрасіннеўскай хрысцільнай царквы, а ў снежні таго ж года – узвядзенне званіцы.

У чэрвені 1994 года прыход прыступіў да будаўніцтва будынка нядзельнай школы. 6 лістапада 1994 года мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт здзейсніў малебен на пачатак будаўніцтва сабора іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» і змясціў у яго падмурак спецыяльную капсулу з памятнай граматай.

Да лета 1995 года хрысцільная Свята-Еўфрасіннеўская царква была гатовая прыняць прыхаджан. Першую літургію ў новым храме здзейсніў 23 чэрвеня 1995 года Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II. Свята-Еўфрасіннеўская царква стала першым праваслаўным храмам у Мінску, узведзеным пасля 1914 года.

У красавіку 1996 года – у 10-ю гадавіну Чарнобыльскай катастрофы – пры ўдзеле гасцей з 17 краін свету быў закладзены Сад надзеі. Кожную вясну ў ім расцвітаюць яблыні, грушы, вішні, і нават японская сакура, сімвалізуючы перамогу жыцця над смерцю.

У 1997 годзе было скончана будаўніцтва будынка вучэбнага корпуса, у якім сёння размяшчаюцца нядзельная школа, сацыяльныя майстэрні, Мінскае духоўнае вучылішча, Школа катэхізатараў, аддзяленне званароў, сацыяльны аддзел Мінскай епархіі, Выдавецтва Беларускага Экзархату, маладзёжнае брацтва.

На другім паверсе вучэбнага корпуса асвячана дамавая царква ў гонар святых мучаникаў 14 000 немаўлятаў Віфлеемскіх, дзе штотыдзень здзяйсняюцца богаслужэнні для людзей з праблемамі слыху. Гэтыя ўнікальныя службы здзяйсняе протаіерэй Аляксій Клімаў, які спецыяльна для гэтага вывучыў мову жэстаў.

Святары рэгулярна здзяйсняюць набажэнствы ў прыпісаных да прыхода храмах. Службы праходзяць у капліцы блажэннай Ксеніі Пецярбургскай у дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы і ў капліцы блажэннай Матроны Маскоўскай пры Беларускім таварыстве інвалідаў па зроку.

Кожны, хто ўваходзіць на парафіяльную тэрыторыю, заўважае злева ад брамы невялікую капліцу, сцены якой ўпрыгожаны мазаічнымі абразамі. Гэтая капліца, асвечоная ў імя Святога Духа, узведзена на месцы алтарнай часткі царквы-палаткі, у якой на працягу чатырох гадоў зімой і летам у любое надвор'е здзяйсняліся богаслужэнні.

У 2013 годзе вызначэннем Мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) прыход атрымаў статус цэнтра духоўнай асветы і сацыяльнага служэння Беларускага Экзархату. На базе прыхода праходзяць канферэнцыі, семінары, духоўна-культурныя мерапрыемствы, выставы і прэзентацыі.

 Church.by

Чытайце нас у TelegramViberInstagramВКонтакте

Фотарэпартаж