У Беларускім Экзархаце адзначаць 85-годдзе з дня смерці і 145-годдзе з дня нараджэння новамучаніка Уладзіміра Хіраскі

03 сакавіка 2018

VH5.jpg

Беларуская Праваслаўная Царква арганізуе шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 85-годдзю са дня скону і 145-годдзю з дня нараджэння свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі.

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у гэтым годзе пройдзе першы рэспубліканскі конкурс навукова-даследчых і творчых работ «Ушаноўваем імя святога свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі». Вынікі конкурсу будуць падведзены ў рамках мерапрыемстваў Года малой радзімы ў маі 2018 года. Арганізатарамі конкурсу выступаюць Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы сумесна з навукова-метадычным часопісам «Роднае слова».

Часопіс «Роднае слова» з'яўляецца вядучым рэцэнзуемым навуковым часопісам, уключаным Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Беларусі ў Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для публікацыі вынікаў дысертацыйных даследаванняў. Выданне мае багатую гісторыю, на яго старонках штомесяц публікуюцца матэрыялы з розных галін навукі: філалогіі, культуралогіі, мастацтвазнаўства, педагогікі. Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці часопіса з'яўляецца падтрымка навукова-даследчай дзейнасці адоранай моладзі.

Вясновыя канцэрты ў гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі адкрыюць у гэтым годзе інклюзіўны фестывальны тыдзень для невідушчых і са слабым зрокам дзяцей. У рамках гэтага тыдня невідушчыя і слабавідушчыя юныя артысты выступяць перад сваімі аднагодкамі ва ўстановах адукацыі горада Мінска.

Таксама для ўвекавечання памяці беларускага святога, які рупіўся на ніве праваслаўнага асветніцтва, рашэннем Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ад 29 верасня 2017 года (журнал № 49) у гонар свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі заснаваны медаль Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў дзвюх ступенях.

Гэтая ўзнагарода з'яўляецца формай заахвочвання святароў і міран за:

– шматгадовую працу і заслугі ў пастырскім служэнні, багаслоўскай, навуковай, адміністратыўнай і культурна-асветніцкай дзейнасці;

– адраджэнне духоўнага жыцця, катэхізатарскую і місіянерскую дзейнасць;

– шматгадовую працу на ніве рэлігійнай адукацыі ў нядзельных школах;

– умацаванне ўзаемадзеяння свецкай і царкоўнай сістэм адукацыі ў сферы духоўна-маральнага выхавання і асветы;

– шматгадовую высокую якасць духоўна-маральнага выхавання і навучання дзяцей і моладзі;

– укараненне інавацыйных распрацовак у сферу адукацыі, якія садзейнічаюць духоўна-маральнаму развіццю дзяцей і моладзі;

– дабрачыннасць у справе рэлігійнай адукацыі;

– развіццё, умацаванне, папаўненне і папулярызацыю рэлігійнай, гістарычнай і культурна-асветніцкай дзейнасці публічных бібліятэк і бібліятэчных фондаў у Рэспубліцы Беларусь;

– іншае дбанне на славу Божую ў сферы духоўнай адукацыі і катэхізацыі.

Church.by