У дзень памяці Сабора Беларускіх святых мітрапаліт Філарэт узначаліў прастольную ўрачыстасць дамавога храма Мінскага епархіяльнага ўпраўлення
25 чэрвеня 201725 чэрвеня 2017 года, у Нядзелю 3-ю пасля Пяцідзесятніцы, дзень памяці Сабора Беларускіх святых, Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт і епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній здзейснілі Бажэственную літургію ў дамавым храме Мінскага епархіяльнага ўпраўлення ў гонар Сабора Беларускіх святых.
Архіпастырам саслужылі: благачынны 3-й Мінскай гарадской царкоўнай акругі, настаяцель прыхода храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага горада Мінска протаіерэй Мікалай Коржыч і ключнік храма Сабора Беларускіх святых іерэй Макарый Кавалёў.
За богаслужэннем маліўся сакратар Слуцкага епархіяльнага ўпраўлення, настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Чыжэвічы Салігорскага раёна протаіерэй Мікалай Лабынька.
Літургічныя спевы выканаў хор пад кіраўніцтвам Анастасіі Цімафеевай.
Па адпусьце Літургіі было здзейснена слаўленне свята.
Мітрапаліт Філарэт павіншаваў усіх з прастольным святам храма і звярнуўся да вернікаў са словам настаўлення.
— Збаўца заклікае нас быць соллю зямлі і святлом свету. Гэтыя словы здаюцца занадта ўзвышанымі, але Гасподзь верыць у чалавека, дзеля якога змірыўся да смерці крыжовай і якому Сваім Уваскрасеннем дараваў радасць вечнага быцця. І няхай будуць Беларускія святыя нашымі настаўнікамі і памочнікамі ў духоўнай працы! Усе святыя зямлі Беларускай, маліце Бога за нас! — сказаў, у прыватнасці, Ганаровы Патрыяршы Экзарх.
Епіскап Антоній, у сваю чаргу, звярнуўся да Высокапраасвяшчэннейшага ўладыкі, святароў і хрысталюбівай паствы з прывітальным словам, у якім нагадаў, што свята Сабора Беларускіх святых — гэта падарунак мітрапаліта Філарэта праваслаўнаму народу Белай Русі. Менавіта па ініцыятыве ўладыкі Філарэта ў 1984 годзе Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы ўнёс дзень памяці угоднікаў Божых, у зямлі Беларускай прасіяўшых, у царкоўны каляндар. А дамавы храм Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, пабудаваны ў 1985 годзе, з'яўляецца першым храмам у гонар Сабора Беларускіх святых у нашай краіне.
Ад імя ўсіх малітоўна ўшанаваўшых прастольнае свята ўладыка Антоній уручыў мітрапаліту Філарэту букет белых руж і прасфору.
Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, Ганароваму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Філарэту, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Паўлу, усім прысутным, хто маліўся, было абвешчана мнагалецце.