У Дубненскім сельсавеце Мастоўскага раёна ўшанавалі памяць землякоў, расстраляных і спаленых у вёсцы Княжаводцы

24 ліпеня 2019

top.jpg

Падчас карнай аперацыі нямецкіх войскаў 23 ліпеня 1943 года ў вогненным пекле загінула 970 чалавек. Да 75-годдзя трагічнай даты на месцы масавага пахавання мірных жыхароў праведзена рэканструкцыя помніка «Журботная маці» і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Ушанавалі памяць землякоў напярэдадні трагічнай даты і сёлета. Раніцай у нядзелю ў храме Мікалая Цудатворца адбылася малітва за забітых. Набажэнства ўзначаліў настаяцель храма протаіерэй Мікалай Гляд.

Затым ля брацкай магілы ў Княжаводцах прайшоў жалобны мітынг. У ім удзельнічалі мясцовыя жыхары, прадстаўнікі ўлады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый.

Вядучыя Мая Слуцкая і Максім Дуброўка ўспомнілі пра падзеі 23 ліпеня 1943 года ў Княжаводцах, назвалі спаленыя немцамі вёскі Мастоўскага раёна, іншыя факты гібелі мірнага насельніцтва ў гады вайны. Да брацкай магілы павольна падышлі дзве дзяўчыны ў чорным і белым адзенні. Адна з іх сімвалізавала Смутак, іншая Памяць. Яны звярнуліся да прысутных з заклікам захаваць мір, каб не дапусціць такой трагедыі, якая адбылася на гэтай зямлі. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых жыхароў Княжаводцаў.

Настаяцель Свята-Мікольскага храма ў аграгарадку Дубна протаіерэй Мікалай Гляд адслужыў ліцію па забітых. Былі названыя імёны ўсіх загінущшых. Айцец Мікалай асвяціў брацкую магілу і помнік «Журботная маці».

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Табала перадаў капсулу з зямлёй з брацкай магілы ў Княжаводцах клірыку прыхода храма Усіх Святых у Мінску Сергію Яўтушыку і лаўрэату прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Анатолю Шаркову. Капсулу ўсталююць у крыпце храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску

У гэты ж дзень клірык прыхода храма Усіх Святых у Мінску Сергій Яўтушык і лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Анатоль Шаркоў пабывалі ў Свята-Мікольскім храме ў аграгарадку Дубна, азнаёміліся з яго гісторыяй і сённяшнімі пераменамі.

Гродзенская епархія / Church.by