У выдавецтве Мінскай духоўнай акадэміі выйшла новая кніга ігумена Арсенія (Сакалова) «Кніга прарока Міхея: пераклад і каментарый»
21 кастрычніка 2021У выдавецтве Мінскай духоўнай акадэміі выйшла манаграфія ігумена Арсенія (Сакалова) «Кніга прарока Міхея: пераклад і каментарый».
У новым даследаванні ігумена Арсенія (Сакалова) чытачу прапануецца падрабязны каментарый да кнігі прарока Міхея, якая ўваходзіць у склад кніг малых прарокаў біблейскага Старога Запавету. Каментарый абапіраецца на старажытнаяўрэйскі масарэцкі тэкст і ўлічвае аўтарытэтныя старажытныя пераклады. Падвяргаючы старажытны тэкст гісторыка-філалагічнага аналізу, аўтар адначасова паказвае павучальны патэнцыял кнігі, актуалізуючы яе прароцтвы.
Выданне адрасавана багасловам, біблеістам, рэлігіязнаўцам, гісторыкам, культуролагам і ўсім, хто цікавіцца Бібліяй.
Кніга апублікавана ў якасці дадатку да біблейскага часопісу «Скрыжалі» у серыі «Манаграфіі па біблеістыцы» і рэкамендавана да выдання кафедрай біблеістыкі і багаслоўя Мінскай духоўнай акадэміі (пратакол № 9 ад 14 мая 2021 г.).
***
Ігумен Арсеній (Сакалоў) – доктар багаслоўя, прадстаўнік Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі пры Патрыярху Антыяхіі і ўсяго Усходу (Дамаск, Сірыя), галоўны навуковы супрацоўнік Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры (Масква, Расія), правадзейны член Імператарскага праваслаўнага палесцінскага таварыства, ганаровы доктар Мінскай духоўнай акадэміі. Аўтар шматлікіх кніг, сярод якіх — каментарыі да кніг Іісуса Навіна, прарокаў Амоса і Асіі.