У выдавецтве Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра горада Полацка выйшаў «Праваслаўны каляндар» на 2022 год з фотаздымкамі ўнікальнага фрэскавага роспісу
05 лістапада 2021У выдавецтве Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра выйшаў «Праваслаўны каляндар» на 2022 год з фотаздымкамі фрэскавага роспісу Спаса-Праабражэнскага храма абіцелі.
У цяперашні час гэтыя ўнікальныя фрэскі XII стагоддзя рэстаўруюць спецыялісты з Беларусі і Расіі.
Праабражэнскі храм быў распісаны каля 1161 года па заказу прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Пры даследаванні роспісу храма становіцца відавочным наяўнасць тонка прадуманай, па-багаслоўску глыбокай агульнай задумы, за якой адгадваецца асоба прападобнай.
Нягледзячы на тое, што храм распісаны ў візантыйскім стылі, аднак тэматыка роспісу характэрная для Старажытнай Русі. Майстры пісалі натуральнымі фарбамі па сырой тынкоўцы, што забяспечыла высокую захаванасць роспісу.
Спаса-Праабражэнская царква — адзіны ў Беларусі помнік XII стагоддзя, дзе амаль цалкам, ад падэшвы да сцен купала, захаваўся фрэскавы роспіс. Да нядаўняга часу ён быў малавядомы, паколькі многія стагоддзі хаваўся пад наслаеннямі позніх тынку, запісаў, афарбовак, бруду і сажы. У перыяд, калі манастыр займалі езуіты (1580-1820), фрэскі былі падрапаны шматлікімі лацінскімі графіці. Неаднаразова роспісы панаўляліся і перапісваліся. Толькі ў XIX стагоддзі храм двойчы быў нанова распісаны алейнымі фарбамі, у 1833 і 1886 гадах. Пра існаванне старажытнага фрэскавага роспісу стала вядома ў 1920-я гады, калі было зроблена некалькі пробных даследаванняў.
Каляндар выдадзены ў настольным фармаце "домік" (21 х 15 см). Яго можна набыць у царкоўнай лаўцы на тэрыторыі манастыра.