У Мінску пачалося святкаванне Дня праваслаўнай кнігі

09 сакавіка 2023

top.jpg

9 сакавіка 2023 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў урачысты акт з нагоды Дня праваслаўнай кнігі.

Святочнае мерапрыемства адбылося ў канферэнц-зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. У ліку запрошаных гасцей былі епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, старшыня Сінадальнага аддзела па справах манастыроў і манаства БПЦ епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Адміністрацыі Прэзідэнта, Апарата ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, пасольства Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь, святары, прадстаўнікі навучальных устаноў і іншыя ганаровыя госці.

Прысутных павітаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён выказаў перакананасць, што, нягледзячы на развіццё інфармацыйных тэхналогій, кніга не страціць сваёй значнасці і заўсёды будзе неабходная па-сапраўднаму думаючым людзям. Бо, замест чарады разрозненых фактаў і кліпавых урыўкаў, кніга дае нам цэласнае ўяўленне пра з'явы свету, фарміруе цэласнасць мыслення. Яна патрэбна і таму, што ўвесь назапашаны чалавецтвам вопыт выбудаваны, сфарміраваны ў кніжнай традыцыі. Яна неабходная сучаснаму чалавеку, каб не страціць духоўную глыбіню і чалавечнасць.

Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы падкрэсліў, што сёння важна выдаваць больш кніг: не проста займальных, але добрых, мудрых.

«Сённяшні момант з асаблівай вастрынёй ставіць перад нашым грамадствам надзённую задачу выхавання на аснове традыцыйных духоўных каштоўнасцей. Педагогі, бацькі востра адчуваюць недахоп сучасных яркіх апавяданняў, прытчаў, гісторый, у якіх раскрываецца душа беларускага народа, – канстатаваў архіпастыр. – У нас ёсць багатая літаратурная спадчына, але з сучасным школьнікам трэба гаварыць на даступнай яму мове, распавядаць не пра абстрактныя катэгорыі, а пра найважнейшыя нашы каштоўнасці: саборнасць, беражлівыя адносіны да сям'і, вернасць лепшай спадчыне нашых продкаў, міралюбнасць, стрыманасць, справядлівасць, працавітасць, пачуццё гонару і абавязку».

У сувязі з гэтым Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы выказаў прапанову Саюзу пісьменнікаў, Саюзу журналістаў, грамадскім арганізацыям «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын» аб'явіць сумесны літаратурны конкурс па стварэнні твораў духоўна-маральнага зместу для дзяцей і юнацтва.

Далей прагучалі вітальныя словы ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака, кіраўніка прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў горадзе Мінску Марыяны Шчоткінай, намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч, намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, начальніка ўпраўлення грамадскіх камунікацый Галоўнага ўпраўлення інфармацыйнай палітыкі і грамадскага развіцця Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Арцёма Свірыдава, выконваючага абавязкі саветніка-пасланніка пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Уладзіміра Ваньке, начальніка ўпраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзіміра Андрыевіча, часовага паверанага ў справах Сербіі ў Беларусі Аляксандра Црэвара, старшыні Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь Алеся Карлюкевіча, генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксаны Кніжнікавай.

Падчас урачыстага акта адбылася перадача ў дар Беларускай Праваслаўнай Царкве і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі факсімільнага выдання Бібліі Матфея Дзясятага 1507 года. Як адзначыла кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Мар'яна Шчоткіна, праект быў рэалізаваны бібліятэкай Расійскай акадэміі навук, Інстытутам рускай літаратуры і Пастаянным камітэтам. Біблія – унікальны помнік літаратуры, славянскай культуры і кніжнага мастацтва. Выданне ўключае два тамы: у першым размешчаны 92 біблейскіх тэксты, у другім – даследчая частка.

«Шырокія пласты насельніцтва не мелі магчымасці азнаёміцца з такім рарытэтам, які захоўваецца ў фондах бібліятэкі Расійскай акадэміі навук. Дзякуючы выданню ў рамках Саюзнай дзяржавы гэтая магчымасць з'явілася», – сказала яна.

Таксама Беларускай Праваслаўнай Царкве былі перададзены ў дар кнігі ад пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

У завяршэнне прагучалі даклады «Уплыў духоўнай культуры ў фарміраванні асобы на гістарычных прыкладах» каардынатара прадстаўніцтва царкоўна-навуковага цэнтра «Праваслаўная энцыклапедыя» пры Беларускім Экзархаце протаіерэя Дзімітрыя Шылёнка і «Гісторыя кнігі ў Беларусі» старшыні Выдавецкай рады Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэя Алега Кунцэвіча.

Для запрошаных на ўрачысты акт гасцей у фае бібліятэкі была арганізавана работа выставы кніг выдавецтваў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Святкаванне Дня праваслаўнай кнігі ў Беларусі працягнецца 10 сакавіка. У гэты дзень у выставачным цэнтры Свята-Лізавецінскага манастыра «Каўчэг» адбудзецца адкрыццё выставы «Горад, які чытае». У дні працы выставы, якая працягнецца да 16 сакавіка, будуць праходзіць адукацыйныя семінары, прэзентацыі, майстар-класы, сустрэчы з пісьменнікамі з Расіі і Беларусі, дэманстравацца кніжныя навінкі ад беларускіх і расійскіх выдавецтваў, экспазіцыя старадаўніх кніг і старажытнай рукапіснай майстэрні.

***

14 сакавіка ва ўсіх епархіях Рускай Праваслаўнай Царквы адзначаюць Дзень праваслаўнай кнігі, які праводзіцца для прыцягнення цікавасці да праваслаўных кніг і ўвасабляе прызнанне вялізнага значэння духоўнай літаратуры ў маральным выхаванні людзей, далучэнні іх да хрысціянскай традыцыі.

Дзень праваслаўнай кнігі быў заснаваны па ініцыятыве Патрыярха Кірыла Свяшчэнным Сінодам Рускай Праваслаўнай Царквы ў снежні 2009 года. Свята прымеркавана да даты выхаду 1 сакавіка (14 сакавіка) 1564 года першай друкаванай кнігі ў Маскоўскай Русі – «Апостала» Івана Фёдарава.

Дзень праваслаўнай кнігі ў Беларускай Праваслаўнай Царкве адзначаецца з 2011 года і прымеркаваны да ўспаміну выдання ў 1517-1519 гадах Францыскам Скарынам першай на ўсходнеславянскіх землях друкаванай Бібліі і выданню ў 1564 годзе выхадцамі з беларускіх зямель дыяканам Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам кнігі «Апостал», якая стала першай друкаванай кнігай у Маскоўскім царстве.

Па добрай традыцыі на базе ўстаноў адукацыі, бібліятэк, храмаў і нядзельных школ розных гарадоў і вёсак Беларусі праходзяць круглыя сталы, прэзентацыі, семінары, гутаркі, кніжныя выставы, літаратурна-музычныя кампазіцыі, праваслаўныя краязнаўчыя ўрокі, конкурсы чытальнікаў, семінары, квэсты, акцыі па кроссбукінгу. Сёлета мерапрыемствы будуць прымеркаваныя да года міру і стварэння.

 belta.by/Church.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники

Фотарэпартаж