У Мінскай духоўнай семінарыі прайшла студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя

24 красавіка 2021

top.jpg

23 красавіка 2021 года ў Мінскай духоўнай семінарыі прайшла першая ўнутрывузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Духоўная спадчына Праваслаўнай Царквы: мінулае, сучаснасць, будучыня».

На працягу шэрагу гадоў у Мінскай духоўнай семінарыі склалася традыцыя рэгулярнага правядзення навуковых канферэнцый рознага ўзроўню. У прыватнасці, вынікам узаемадзеяння з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі з'яўляецца правядзенне на базе семінарыі міжнародных навуковых форумаў. Штогод у нашай навучальнай установе праходзяць семінары студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі, у працы якіх прымаюць удзел прадстаўнікі пераважнай большасці ВНУ рэспублікі. Акрамя таго, семінарыя арганізуе гістарычныя канферэнцыі «Чытанні памяці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі)» і «Чытанні памяці свяшчэннамучаніка мітрапаліта Круціцкага Пятра (Палянскага)».

На пасяджэнні Вучонай рады Мінскай духоўнай семінарыі, якая праходзіла 31 жніўня 2020 года, адбылося прыняцце рашэння аб штогадовым правядзенні ўнутрывузаўскай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі. Мэтай канферэнцыі з'яўляецца садзейнічанне фарміраванню ў студэнтаў духоўнай школы навыкаў публічнага выступлення, умення аргументаванага вядзення дыскусіі, а таксама апрабацыя вынікаў выпускных кваліфікацыйных работ.

Праца першай унутрывузаўскай канферэнцыі пачалася ў актавай зале. Пасля малітвы да ўдзельнікаў звярнуўся рэктар протаіерэй Віктар Васілевіч, які адзначыў, што дадзены форум закліканы дапамагчы студэнтам раскрыць свае таленты, зразумець, якая галіна багаслоўя ім бліжэй. Далей прарэктар па навуковай рабоце дацэнт А. В. Слесараў у сваім выступленні абазначыў задачы і парадак правядзення форуму.

Пасля агульнага фота праца канферэнцыі працягнулася ў шасці секцыях «Праваслаўная біблеістыка», «Праваслаўнае багаслоўе», «Гісторыя Праваслаўнай Царквы ў IV-XIX стст.», «Гісторыя Праваслаўнай Царквы ў XX-XXI стст.», «Літургічная традыцыя Праваслаўнай Царквы», «Кананічная традыцыя Праваслаўнай Царквы». Мадэратарамі працы секцый выступілі выкладчыкі профільных кафедр.

Даклады студэнтаў былі заснаваны на навуковым матэрыяле, атрыманым у ходзе напісання курсавых і дыпломных работ і падрыхтаваны пры падтрымцы навуковых кіраўнікоў, многія з якіх таксама прымалі актыўны ўдзел у працы секцый. Працэс падрыхтоўкі даклада і самі выступленні спрыялі актуалізацыі і апрабацыі атрыманых у ходзе даследавання вынікаў. 

Мінская духоўная семінарыя/Church.by