У Мінскай духоўнай семінарыі адбылася адкрытая лекцыя, прысвечаная асаблівасцям працы з сузалежнымі людзьмі і іх сем'ямі
16 красавіка 202115 красавіка 2021 года ў актавай зале Мінскай духоўнай семінарыі насельнік Успенскага Жыровіцкага манастыра іераманах Агапій (Голуб) прачытаў студэнтам старэйшых курсаў лекцыю пра асаблівасці працы з залежнымі людзьмі і іх сем'ямі, пра сямейную дысфункцыю і спосабы вырашэння гэтых праблем.
Айцец Агапій з'яўляецца супрацоўнікам рэабілітацыйнага цэнтра «Анастасіс», ужо больш за 10 гадоў займаецца сацыяльнай працай па аказанні дапамогі сем'ям, якія трапілі ў пастку алкагольных, наркатычных і гульнявых залежнасцяў. Праз рашэнне праблем падобнага роду айцец Агапій сутыкнуўся з больш глабальным пытаннем — дысфункцыяй у сям'і — парушэннем адносін паміж мужам і жонкай ці бацькамі і дзецьмі. Пра гэта айцец Агапій і пагутарыў са студэнтамі.
Уступная частка лекцыі ўтрымлівала важны тэзіс: для чалавека, які п'е, ацаленне заключаецца не ў тым, каб кінуць ўжыванне алкаголю, а каб навучыцца цвяроза думаць, імкнуцца да такой станоўчай якасці як цвярозадумнасць.
«Любы алкаголік — патэнцыйны наркаман і гульняман. Усе залежнасці і схільнасці маюць патэнцыял да больш шкодных схільнасцяў — з гэтых слоў пачалася асноўная частка лекцыі, падчас якой айцец Агапій падрабязна патлумачыў, што такое залежнасць і як яна праяўляецца, якое ўздзеянне залежны чалавек аказвае на грамадства і як сям'я і блізкія людзі несвядома становяцца памагатымі залежнага чалавека. На прыкладах са сваёй практыкі ён паказаў, як варта весці дыялог з такімі людзьмі, якая дапамога ім неабходная і чаго нельга рабіць ні пры якіх умовах. У завяршэнне айцец Агапій параіў накіроўваць такіх людзей і іх сваякоў да спецыялістаў па такіх пытаннях. Яны ёсць у кожнай епархіі, а ў некаторых епархіях — у кожным благачынні. Да кожнага залежнага чалавека трэба падыходзіць індывідуальна, тут няма нейкіх агульных парад.
Пасля асноўнай часткі лекцыі слухачы мелі магчымасць задаць пытанні.