У Мінскай духоўнай семінарыі адбылася прэзентацыя кнігі польскага праваслаўнага гісторыка Дарафея Фіёніка «Айцец Канстанцін Байко: багаслоў, настаўнік, лекар»

05 красавіка 2017

top.jpg

3 красавіка 2017 года ў актавай зале Мінскай духоўнай семінарыі адбылася прэзентацыя кнігі польскага праваслаўнага публіцыста, гісторыка, этнографа Дарафея (Дарыуша) Фіёніка «Айцец Канстанцін Байко: багаслоў, настаўнік, лекар».

Польскі гісторык выступіў з лекцыяй, прысвечанай жыццёваму шляху протаіерэя Канстанціна Байко, быўшага самавідцам і непасрэдным удзельнікам трагічных падзей XX стагоддзя на тэрыторыі нашай краіны.

Дарафей Фіёнік — заснавальнік музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах (Бельск-Подляскі, Польшча). Сёння ён прадставіў выкладчыкам, супрацоўнікам і студэнтам семінарыі сваю працу па біяграфіі свяшчэнніка Канстанціна Байко. Кніга выдадзена ў мінулым годзе ў рамках серыі «Гісторыя і культура падляшскіх беларусаў», заснаванай пад патранатам музея.

У сваёй лекцыі аўтар кнігі коратка пазнаёміў слухачоў з яе зместам, а таксама падзяліўся матэрыяламі, якія былі выкарыстаны ім пры напісанні працы, але не ўвайшлі ў манаграфію. Дарафей Фіёнік адзначыў значэнне адукацыйнай, школьнай дзейнасці такіх пастыраў, як айцец Канстанцін Байко, які выконваў сваю місію, нягледзячы на пагрозы ўладаў і наступную ссылку ў лагеры Варкуты. Менавіта дзякуючы такім свяшчэннікам жыхары Падляшша змаглі захаваць беларускую мову і культуру.

У завяршэнні сустрэчы Дарафей Фіёнік перадаў у дар бібліятэцы Мінскай духоўнай семінарыі збор аўтарскіх кніг. Пасля сустрэчы госцю была прапанавана экскурсія па царкоўна-археалагічнаму музею Мінскай духоўнай семінарыі.

МінДС / Church.by