У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Міжнародны навуковы круглы стол «Сучасныя біблейскія даследаванні»

23 кастрычніка 2018

top.jpg

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Група даследавання рукапісаў (ЗША), міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», кафедра біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кафедра біблеістыкі і багаслоўя Мінскай духоўнай акадэміі імя свяціцеля Кірыла Тураўскага.

У ходзе работы круглага стала адбылася прэзентацыя зборніка дакладаў V Міжнароднага ўсходнееўрапейскага сімпозіума даследчыкаў Новага Запавету (SNTS) «Евангельскі вобраз Госпада Іісуса Хрыста ў царкоўнай традыцыі і біблейскай навуцы», які выйшаў у свет у жніўні 2018 года ў выдавецтве Белдзяржуніверсітэта ў рамках сумеснай праграмы «Тэалогія ў універсітэтах».

Было агучана прывітальнае слова доктара Карла-Вільгельма Нібура — прафесара Енскага ўніверсітэту імя Фрыдрыха Шылера (Германія), прэзідэнта Усходнееўрапейскай камісіі Таварыства даследчыкаў Новага Запавету.

Мадэратарамі круглага стала з'яўляліся: святар Святаслаў Рагальскі - кандыдат багаслоўя, дацэнт кафедры біблістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі БДУ, старшыня Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла; Аляксандр Суша - кандыдат культуралогіі, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці.

З паведамленнямі па тэматыцы круглага стала выступілі: архімандрыт Сергій (Акімаў), доктар багаслоўя, прафесар, рэктар Мінскай духоўнай акадэміі, загадчык кафедры біблістыкі Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры; доктар Скот Кэрал, кіраўнік групы даследавання рукапісаў (ЗША), даследчык старажытных манускрыптаў; ксёндз Ян Крэміс, доктар багаслоўя, старшыня секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Царквы пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі; Наталля Герасімовіч, начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы БДУ; святар Міхаіл Самкоў, кандыдат багаслоўя, выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі; Андрэй Паўлючык, магістр багаслоўя, пастар Рэфармацкай прэсвітэрыянскай царквы, а таксама вучаніцы 11 «А» класа гімназіі № 11 горада Мінска Марыя Малочка і Ганна Казека, якія выступілі з паведамленнем-эсэ «Біблія ў маім жыцці».

Завяршыўся круглы стол наведваннем удзельнікамі экспазіцыі міжнароднай выстаўкі «Беларусь і Біблія».

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр / Church.by