У Полацкім дзяржаўным універсітэце адбыўся ўрачысты акт, прымеркаваны да 180-годдзя Полацкага сабора 1839 года
24 лютага 201924 лютага 2019 года ў Полацкім дзяржаўным універсітэце адбыўся ўрачысты акт, прымеркаваны да 180-годдзя Полацкага царкоўнага сабора 1839 года.
Прэзідыум акта ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
Акт быў арганізаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой сумесна з Полацкім раённым выканаўчым камітэтам і Полацкім дзяржаўным універсітэтам.
Урачыстае мерапрыемства адкрыў кароткім уступным словам архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій.
Затым усіх вітаў мітрапаліт Павел, які нагадаў, што рашэннем Полацкага Сабора было абвешчана скасаванне Брэсцкай уніі 1596 года і ў Праваслаўную Царкву добраахвотна вярнулася звыш аднаго мільёна шасцісот тысяч беларускіх і літоўскіх уніятаў.
Сабор паклаў канец балючаму канфесійнаму падзелу беларускага народа, аб'яднаўшы наш народ ва ўлонні Праваслаўнай Царквы, дзе ён знаходзіцца па гэты дзень у духу міру, згоды і любові да Бога і блізкіх.
Паводле слова ўладыкі Экзарха, няма нічога страшней у грамадскім жыцці, чым варожасць і падзел на рэлігійнай глебе. Менавіта таму мы пакліканы, не асуджаючы нікога, засвоіць урокі гісторыі і зрабіць усё магчымае, каб даўнія смуты і міжканфесійныя канфлікты, якія азмрочвалі жыццё людзей на беларускай зямлі да Полацкага сабора, не паўтарыліся больш ніколі.
Патрыяршы Экзарх падкрэсліў неабходнасць захоўваць памяць пра подзвіг айцоў Полацкага сабора — мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі) і яго паплечнікаў. Уладыка Павел выказаў малітоўнае спадзяванне на тое, што мітрапаліт Іосіф і ягоныя паплечнікі, якія папрацавалі ў справе асветы нашага народа, знаходзяцца ў Царстве Нябесным.
Далей прысутных вітаў рэктар Полацкага дзяржаўнага універсітэта Дзмітрый Мікалаевіч Лазоўскі.
Са сваімі дакладамі выступілі:
- протаіерэй Аляксандр Раманчук, кандыдат багаслоўя, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі «Полацкі сабор 1839 г.: маштаб падзеі і актуальнасць у нашы дні»;
- Цяплова Валянціна Анатольеўна, кандыдат гістарычных навук, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — «Дзейнасць архіепіскапа Полацкага Васілія (Лужынскага): шлях да адзінства як "вяртанне ў родны дом"»;
- протаіерэй Сергій Гардун, кандыдат багаслоўя, першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ — «Вынікі Полацкага Сабора»;
- Кардзюкевіч Вольга Георгіеўна, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта — «Матэрыялы па гісторыі ўз'яднання ўніятаў з Праваслаўем на старонках беларускіх епархіяльных ведамасцяў канца 19 - пачатку 20 стст.».
Пасля чытання дакладаў мітрапаліт Павел уручыў граматы Патрыяршага Экзарха ўдзельнікам аргкамітэта, якія прадстаўлялі епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, што ўнеслі асаблівы ўклад у арганізацыю ўрачыстасцяў з нагоды 180-годдзя Полацкага Сабора.
Напрыканцы ўрачыстага акта адбыўся канцэрт полацкіх майстроў мастацтваў.