У Польшчы праходзіць Алімпіяда па праваслаўных рэлігійных ведах

15 снежня 2018

top.jpg

ХХ Алімпіяда па праваслаўных рэлігійных ведах стартавала ў Беластоку, Бельску-Падляскім, Гайнаўцы, Семятычах і Кашаліне (Польшча). Удзельнічаць у першым этапе пажадалі каля 60 чалавек. У Беластоку прыступілі да першага этапу 27 вучняў сярэдніх і старэйшых класаў (I, V, VI, VIII, XI класы гімназіі, а таксама навучэнцы ліцэяў і Беластоцкага палітэхнікума). За парадкам праходжання Алімпіяды сочыць камісія ў складзе: протаіерэй Ян Федарчук, начальнік аддзела катэхізацыі Беластоцка-Гданьскай епархіі - старшыня камісіі, протаіерэй Андрэй Паплаўскі - супрацоўнік Беластоцкага епархіяльнага ўпраўлення і протаіерэй Андрэй Сахарчук - клірык Беластоцкага кафедральнага сабора свяціцеля Мікалая Цудатворца.

Сёлета Алімпіяда прысвечана тэме «Паняцце патрыятызму ў святле 100-годдзя здабыцця Польшчай незалежнасці. Польская Праваслаўная Царква ў 1918-2018 гадах».

Ад удзельнікаў спаборніцтваў патрабаваліся добрыя веды ў галіне гісторыі Польскай Праваслаўнай Царквы пачынаючы з 1915 года і да нашых дзён, а менавіта:

  • юрыдычнага статусу Праваслаўнай Царквы ў Польшчы да здабыцця незалежнасці;
  • найважнейшых нарматыўных актаў (дзяржаўных), якія рэгулююць прававое становішча Царквы;
  • працэсу атрымання аўтакефаліі;
  • маёмасных пытанняў Царквы: аднаўлення маёмасці, судовых працэсаў па адабранню царкоўнай маёмасці ў 30-х гадах ХХ стагоддзя, разбурэння храмаў на Холмшчыне і Любліншчыне;
  • дзеянняў па дэпартацыі: бежанства 1915 года, пасляваенных высяленняў, аперацыі «Вісла»;
  • мартыралогіі Польскай Царквы: мучанікаў зямлі Холмскай і Падляскай.

Удзельнікі Алімпіяды мелі магчымасць азнаёміцца з матэрыялам, неабходным для напісання пісьмовых работ 1-га этапу, у аргкамітэце Алімпіяды па праваслаўных рэлігійных ведах і на сайце кафедры праваслаўнага багаслоўя Беластоцкага ўніверсітэта.