У Польскай Праваслаўнай Царкве моляцца аб адзінстве хрысціян

22 студзеня 2019

top.jpg

Згодна з прынятай у Польшчы шматгадовай традыцыяй, студзень з'яўляецца месяцам, на працягу якога праводзіцца тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціян. Гэта перыяд розных міжканфесійных мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё дыялогу, узаемнай павагі і сумеснай абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Дэвізам гэтага тыдня былі словы: Праўды шукай (Друг. 16: 20).

У суботу 19 студзеня, у свята Хрышчэння Гасподняга, у Свята-Духавым храме горада Беластока служэнне вялікай вячэрні ўзначаліў архіепіскап Беластоцкі і Гданьскі Якаў. У храме прысутнічалі каталіцкія і пратэстанцкія госці, а таксама прадстаўнікі рэгіянальных і мясцовых уладаў.

Слова для прывітання было прадастаўлена каталіцкаму арцыбіскупу Беластоцкаму Тадэвушу Войдзе, які, у прыватнасці, назваў справядлівасць адной з асноўных (фундаментальных) дабрадзейнасцяў, дзякуючы якім чалавек можа тварыць дабро. Справядлівасць заклікае нас даць кожнаму тое, у чым ён мае патрэбу — як у міжасобасным, так і ў сацыяльным плане. Для хрысціян, аднак, найбольш важным з'яўляецца біблейскае разуменне справядлівасці, як пачуцця, заснаванага на страху Божым, страху страціць давер Бога.

Іерарх назваў Хрышчэнне Гасподняе пачаткам ахвярнага служэння Хрыста. Шлях Госпада ў Іерусалім і адкупленне чалавецтва пачаліся ў водах Іардана, у якіх Хрыстос, свабодны ад граху, прыняў ярмо чалавечых грахоў, змытых з тых, хто звяртаўся да Іаана Хрысціцеля. Таінства хрышчэння з'яўляецца апусканнем чалавека ў смерць Хрыста і станаўленне яго як новага, адкупленага і абожанага cтварэння, закліканага да вечнага жыцця і саюзу з Богам. Кожны, над кім было здзейснена гэтае таінства, закліканы ісці па шляху праўды, шляху справядлівасці.

Справядлівасць таксама можа быць вытлумачана як вернасць свайму пакліканню. Апосталы ў пачатку руху за Хрыстом глядзелі на яго і абвешчаныя Ім ісціны па-зямному, імкнучыся да часовай велічы, не разумеючы значэння дару Божага і неабходнасці служыць блізкім. Сёння чалавек не шукае ісціну пра сябе, ён адхіляе Промысл Божы і імкнецца рэалізаваць свае ўласныя ідэі, часцяком грахоўныя і дэструктыўныя, якія вядуць да самазнішчэння. У такім свеце хрысціянін перш за ўсё закліканы адкрыць ісціну пра сябе, пра чалавека як вобраз і падабенства Бога. У Таінстве Хрышчэння мы былі надзелены зародкам Боскага жыцця. Але для таго, каб гэты зародак даў рост, чалавек павінен пастаянна мяняць сваё сэрца ў духу Евангелля.

У слове ў адказ уладыка Якаў падзякаваў каталіцкаму мітрапаліту і падкрэсліў, што хрысціяне страцілі адзінства, саступіўшы сатане, які такім чынам змагаецца супраць Бога, а поле гэтай бітвы, паводле Фёдара Дастаеўскага, - сэрцы людзей. Дабро і зло, любоў і нянавісць сутыкаюцца ў чалавечых душах - і вынікі гэтага выяўляюцца не толькі ў дзеяннях канкрэтнай асобы, але таксама ўплываюць на адносіны ўнутры суполак, нацый і дзяржаў. Войны і іншыя ўзброеныя канфлікты таксама з'яўляюцца наступствам гэтай барацьбы. Хоць, будучы хрысціянамі, мы называемся дзецьмі аднаго Бога і вучнямі Хрыста, мы не свабодныя ад зла, падзелаў і агульных бед, якімі з'яўляюцца адсутнасць любові, міру і міласэрнасці. Мы не павінны згаджацца з такім станам рэчаў, але змены павінны ў першую чаргу адбывацца на індывідуальным узроўні, у сэрцы кожнага з нас.

Прысутных таксама вітаў евангеліцка-лютэранскі пастар Томаш Віглаш.

20 студзеня, у нядзелю, архіепіскап Якаў у якасці госця прысутнічаў на Імшы ў Санктуарыі Божай Міласэрнасці, дзе прамовіў прывітальнае слова, надаўшы асаблівую ўвагу Евангельскаму апавяданню пра цуд у Кане Галілейскай (Ін. 2:1-12).

У першую чаргу ўладыка падкрэсліў універсальнасць Евангельскага апавядання: словы Хрыста былі прызначаныя як для Яго сучаснікаў, так і для кожнага наступнага пакалення, і асабліва для людзей, якія шукаюць адказы на набалелыя жыццёвыя пытанні.

З евангелістаў толькі Іаан успамінае пра першы цуд Іісуса Хрыста — пераўтварэнне вады ў віно. Гэта, відаць, цуд «ніжэйшага рангу», чым ацаленне хворых або ўваскрашэнне мёртвых, але евангеліст бачыць у ім пачатак азнакаў, здзейсненых Іісусам, і адкрыццё пра славу Хрыста. Апостал Іаан змяшчае ў цэнтр апісання дыялог паміж Дзевай Марыяй і Іісусам. «Мой час яшчэ не наступіў», - сцвярджае Спасіцель, і, тым не менш, Маці Божая кажа гаспадарам «рабіць усё, што Ён скажа». Час, які яшчэ не наступіў, - гэта час пакут і смерці Хрыста, але таксама і чак акружэння Яго славай і адкрыцця пра дараванне людзям вечнага жыцця; віно, лепшае, чым тое, што было дадзена перад гэтым на ўрачыстасці, - гэта адсылка да слоў Хрыста на Тайнай Вечары аб Урачыстасці ў Царстве Божым. Словы Прасвятой Багародзіцы: «Рабіце ўсё, што Ён вам кажа» павінны быць для нас заклікам жыць паводле вучэння Хрыста Збавіцеля.

У слове ў адказ мітрапаліт Тадэвуш Войда нагадаў, што мы закліканы імкнуцца да супольнасці, любові, дабрыні і міласэрнасці Хрыста.

Cerkiew.pl Church.by