У Праваслаўнай Царкве пачаўся Вялікі пост

11 сакавіка 2019

top.jpg

Сёння, 11 сакавіка, у Праваслаўнай Царкве пачаўся Вялікі пост. Гэта самы працяглы і строгі з усіх царкоўных пастоў. Праваслаўныя хрысціяне ўзмоцненай малітвай, пакаяннем, добрымі справамі, вывучэннем Пісання і цялесным устрыманнем рыхтуюць свае сэрцы да сустрэчы Пасхі Хрыстовай, якая сёлета святкуецца 28 красавіка.

Вялікі пост складаецца са Святой Чатырохдзесятніцы, Лазаравай суботы, свята Уваходу Гасподняга ў Іерусалім (Вербнай нядзелі) і Страснога тыдня — тыдня, прысвечанага ўспаміну пакутаў і Крыжовай смерці Хрыста. Сорак посных дзён сімвалічна нагадваюць пра тое, што Сам Гасподзь Іісус Хрыстос, перш чым выйсці на пропаведзь, пасціўся ў пустыні сорак дзён і сорак начэй (гл Мф. 4: 2). «Чатырохдзесятніцай не грэбуйце, яна з'яляецца перайманнем жыцця Хрыста», — заклікае свяшчэннамучанік Ігнацій Баганосец.

Традыцыйна лічыцца, што вернікі ў Вялікі пост павінны ўстрымлівацца ад мясных і малочных прадуктаў, яек, рыбы. Выключэннем з'яўляюцца Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербная нядзеля) і Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы — у гэтыя дні царкоўны ўстаў дазваляе ўжываць рыбу. Тым не менш, па стане здароўя для канкрэтнага чалавека пост можа быць аслаблены. Пра індывідуальную меру такога паслаблення варта параіцца з духаўніком. «Акрамя ўстрымання ад ежы ёсць шмат шляхоў, якія могуць адчыняць нам дзверы адвагі перад Богам. Хто спажывае ежу і не можа пасціцца, той няхай падае багатую міласціну, хай творыць руплівыя малітвы, хай аказвае напружаную рэўнасць да слухання Слова Божага — тут ніколькі не перашкаджае нам цялесная слабасць — хай прыміраецца з ворагамі, хай выганяе з душы сваёй ўсякую злапамятнасць. Калі ён будзе выконваць гэта, дык зробіць сапраўдны пост, такі, якога менавіта і патрабуе ад нас Гасподзь. Бо і само ўстрыманне ад ежы ён наказвае для таго, каб мы, утаймоўваючы пажадлівасці плоці, рабілі яе паслухмянай ў выкананні запаведзяў», — кажа свяціцель Іаан Залатавуст.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, на працягу ўсяго перыяду Вялікага посту будзе здзяйсняць богаслужэнні ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска і іншых храмах нашай краіны. Расклад богаслужэнняў на сакавік тут, у канцы месяца будзе апублікаваны богаслужэбны графік на красавік.

Фота: Полацкі Спаса-Еўфрасінеўскі манастыр

Church.by