У Віцебску прайшло свята праваслаўнай харавой музыкі «Славянскі дабравест»
23 ліпеня 2021У рамках правядзення XXX Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ў Свята-Успенскім кафедральным саборы абласнога цэнтра прайшло свята праваслаўнай харавой музыкі «Славянскі дабравест».
Праграма мерапрыемства, якое праводзіцца ў Віцебску ў другі раз, складалася з 3-х канцэртаў харавых калектываў і свята перазвону.
16 ліпеня перад шматлікай аўдыторыяй выступілі хор Срэценскага манастыра пад кіраваннем расійскага дырыжора, рэгента, заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі Нікана Жыла і камерны хор пад кіраўніцтвам Таццяны Жукавай.
Калектывы выканалі такія творы як «Вера вечная», «З намі Бог», «Святло Ціхае», «Ойча наш», «Дастойна ёсць», «Вячэрні звон», «Уваскрасенне Хрыстова бачыўшы» (Часнакова), «Багародзіца, Дзева радуйся».
Хор Срэценскага манастыра, поўны склад якога ўключае 40 пеўчых, спявае падчас галоўных Патрыяршых богаслужэнняў у храме Хрыста Збавіцеля і ў саборах Маскоўскага Крамля, а таксама на важных царкоўных падзеях, у тым ліку пры асвячэнні новых або адноўленых храмаў, суправаджае Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы ў місіянерскіх паездках.
17 ліпеня ў Свята-Успенскім кафедральным саборы адбылося выступленне ансамбля «Аліла» (Грузія). Калектыў, заснаваны ў 2000 годзе знакамітым грузінскім спеваком Гурамам Тамазашвілі, гастралюючы па ўсім свеце, выконвае песні на грузінскай і рускай мовах, а таксама на іўрыце. З 2008 года ансамбль узначальвае Зураб Датыкашвілі.
18 ліпеня, апоўдні, над абласным цэнтрам пачуўся ўрачысты звон званоў у рамках правядзення свята званоў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел лепшыя званары горада Віцебска: Юрый Карэнман (Свята-Пакроўскі сабор), Ігар Турчыновіч (Свята-Успенскі кафедральны сабор), Таццяна Шульга (Свята-Пакроўскім сабор), Уладзімір Чарнышоў (Свята-Пакроўскі сабор).
Увечары адбыўся заключны канцэрт «Славянскага дабравесту». Перад прысутнымі ў Свята-Успенскім кафедральным саборы выступіў клірасны хор «Аршанскі дабравест» пад кіраўніцтвам рэгента Галкінай Любові. Калектыў выканаў такія творы як «Вера вечная», «Царыцы мая, Найдабрэйшая», «Ойча наш».
У канцы кожнага канцэрта харавым калектывам уручаліся памятныя граматы аб удзеле ў XXIII Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».