Ва ўсіх храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы 2 жніўня будуць узнесены ўзмоцненыя малітвы за беларускі народ

31 ліпеня 2020

top.jpg

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у нядзелю 2 жніўня ва ўсіх храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы за Бажэственнай літургіяй будуць узнесены асаблівыя малітвы аб дараванні міру, стабільнасці і дабрабыту беларускаму народу.

Запрашаем усіх людзей, неабыякавых да будучыні нашай Айчыны, далучыцца да агульнай малітвы.

Малітва за беларускі народ

Уладыка нябёс і зямлі, Прадвечны Божа! Ты ўвесь свет стварыў прамудрасцю Тваёю і Духам Святым усіх прасвятляеш, ажыватвараеш і ўмацоўваеш. Ты людскі род так палюбіў, што Сына Свайго Адзінароднага на зямлю паслаў, каб усе, хто ўвераваў у Яго, сталі дзецьмі Тваімі і спадчыннікамі Нябеснага Твайго Царства.

Пакорліва молімся Табе, Уладыка Уседзяржыцелю, абарані зямлю нашу Беларускую і народ наш, і, прабачыўшы ўсе нашы грахі вольныя і міжвольныя, захавай нас ад бед, смуткаў і спакус. Даруй нам, Госпадзі, Духа мудрасці і страху Божага, Духа моцы і набожнасці, дар пакоры і развагі.

Пашлі, Госпадзі, мір Твой на ўладаносцаў краіны нашай і на ўсіх, хто жыве ў ёй. Не дай нам служыць мітусні і няпраўдзе гэтага свету ліхога, але, умацаваўшыся ў веры і надзеі на Цябе, навучымся выконваць волю Тваю і ўсе запаведзі Твае пастараемся выканаць, бо ў Табе крыніца жыцця, і ў святле Тваім убачым святло.

Даруй нам, Госпадзі, благадаць і дбайнасць аб імені Тваім і праўдзе Тваёй і ўсё для часовага жыцця гэтага патрэбнае, заступніцтвам і пакровам Прачыстай і Праблагаславёнай Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, малітвамі ўсіх святых, у зямлі Беларускай праслаўленых і ўсіх святых Тваіх, з імі ж Табе славу, падзяку і пакланенне ўзносім, Безпачатнаму Айцу, з Адзінародным Тваім Сынам, і Усесвятым, і Добрым, і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амінь.

Church.by