Нядзельнай школе пры Полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры — 25 гадоў
07 чэрвеня 2017Пад малітоўным покрывам прападобнай Еўфрасінні пры Спаскай абіцелі ўжо дваццаць пяць гадоў працуе нядзельная школа. Нямала дарослых ужо людзей калісці пачалі сваё жыццё з Богам у сценах нядзельнай школы і цяпер нясуць гэтае Боскае святло праз усё сваё жыццё, асвятляючы жыццёвы шлях не толькі сабе, але і навакольным.
У канцы Бажэственнай літургіі клірык манастыра протаіерэй Іаан Гаўрыльчык павіншаваў настаўнікаў, выпускнікоў, выхаванцаў і іх бацькоў з юбілеем. Дырэктару нядзельнай школы інакіні Ксеніі (Цыбульскай) і педагогам-сёстрам манастыра айцец Іаан пажадаў, каб малітвы прападобнай Еўфрасінні Полацкай былі для іх моцнай апорай і непахіснай дапамогай на кожны дзень і гадзіну, умацоўваючы і падтрымліваючы іх сілы для самаадданага і высакароднага служэння ў славу Імя Госпада і Яго Святой Царквы.
З 25-гадовым юбілеем нядзельную школу прыехаў павіншаваць старшыня савета дырэктараў кампаніі VDS Аляксандр Віктаравіч Арцюховіч. Аляксандр Віктаравіч выказаў словы ўдзячнасці ігуменні Еўдакіі і выкладчыцкаму саставу школы за жывое і пранікнёнае, светлае і добрае, мудрае і даступнае слова, якое яны нясуць дзецям, і ўручыў памятныя падарункі навучэнцам.
Пасля богаслужэння Аляксандр Віктаравіч Арцюховіч запрасіў выхаванцаў школы на прывезеную званіцу, дзе ўсім жадаючым была прадастаўлена магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці званароў.
Свята працягнулася ў актавай зале нядзельнай школы, дзе адбыўся юбілейны канцэрт, падрыхтаваны сіламі выкладчыкаў і выхаванцаў. У зале сабраліся навучэнцы і выпускнікі, духавенства, выкладчыкі, бацькі і дабрачынцы.
Прывітальным словам і віншаваннем адкрыла канцэрт інакіня Ксенія (Цыбульская). Дзіцячы хор выканаў трапар прападобнай Еўфрасінні Полацкай, а таксама вершы і святочныя спевы.
Юбілейны канцэрт быў незвычайны — ён адбыўся ў фармаце вуснага часопіса. З кожнай старонкай часопіса гледачу адкрываліся адзін за адным падзеі мінулых гадоў з гісторыі манастыра і жыцця нядзельнай школы. Гэтым датам дапамагла зноў ажыць на вачах гледачоў памятная фоталента, створаная выхаванцамі школы. Свае музычныя падарункі падрыхтавалі вучні ўсіх груп. Словы падзякі ў адрас матушкі ігуменні і выкладчыцкага састава нядзельнай школы прагучалі ад бацькоў выпускнікоў і цяперашніх навучэнцаў.
Пасля канцэрту ігумення Еўдакія павіншавала ўсіх прысутных з юбілеем нядзельнай школы і ўзнагародзіла ганаровай граматай дырэктара школы інакеню Ксенію, якая ўнесла важкі ўклад у заснаванне школы і дагэтуль клапоціцца аб яе развіцці.
Да і пасля канцэрту выпускнікі, бацькі і госці змаглі азнаёміцца з малюнкамі вучняў, створанымі спецыяльна да юбілею любімай школы.
Святочны дзень сабраў разам некалькі пакаленняў выпускнікоў нядзельнай школы і сённяшніх выхаванцаў, былых і цяперашніх педагогаў школы. Па прызнанні многіх прысутных, усіх аб'ядноўвала адно — нядзельная школа пры Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры стала для кожнага бацькоўскім домам, дзе заўсёды чакаюць і любяць.