Выйшла ў свет энцыклапедыя «Жыровічы: пад святым пакровам»

21 мая 2020

1-624x624.jpg

У 2020 годзе спаўняецца 550 гадоў унікальнай нацыянальнай праваслаўнай святыні — Жыровіцкай іконе Божай Маці, шануемай не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Яшчэ адна знамянальная дата — 500-годдзе з часу заснавання Жыровіцкага Успенскага манастыра, які з'яўляецца апорай праваслаўнай духоўнай традыцыі ў Беларусі.

З даўніх часоў Жыровічы шанаваліся як святое месца на карце Беларусі. Пакланіцца Жыровіцкай іконе Божай Маці прыходзілі не толькі беларусы, але і людзі з іншых краін, розных саслоўяў, у тым ліку польскія каралі і вялікія князі літоўскія Уладзіслаў IV, Ян Казімір, Ян III Сабескі і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Сведкамі многіх войнаў, якія ведала беларуская зямля, сталі сцены Жыровіцкага Успенскага мужчынскага манастыра. Сёння Жыровічы — гэта аграгарадок, дзе захоўваюцца традыцыі мінулага і робіцца ўсё для стабільнай сучаснасці і будучыні. Тут размяшчаюцца Жыровіцкі Успенскі манастыр, Мінская духоўная семінарыя і Жыровіцкі аграрна-тэхнічны каледж.

Ва ўзаемадзеянні з выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» працу над энцыклапедыяй праводзіў навукова-рэдакцыйны савет, сфарміраваны і ўзначалены намеснікам Жыровіцкага Успенскага манастыра архіепіскапам Навагрудскім і Слонімскім Гурыем, рэктарам Мінскай духоўнай семінарыі. У склад савета ўвайшлі спецыялісты ў галіне беларускай канфесійнай гісторыі з ліку выкладчыкаў Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі: іераманах Афанасій (Сакалоў), прафесар протаіерэй Сергій Гардун, прафесар іерэй Гардзей Шчаглоў, протадыякан Павел Бубноў, прафесар С. П. Стрэнкоўскі, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Г.А. Лаўрэцкі, Ю. М. Мікульскі. Акрамя членаў савета, да падрыхтоўкі артыкулаў для навукова-даведачнага выдання запрашаліся намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі А. В. Суша, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы А. С. Горны, дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны С. Ф. Верамееў, кандыдат мастацтвазнаўства Л. С. Шпакоўская і іншыя кампетэнтныя аўтары. Складальнікам выступіў  А.В. Слесараў – кандыдат багаслоўя, дацэнт, прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай семінарыі, прарэктар па навуковай рабоце і загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай акадэміі..

Асноўная мова кнігі — беларуская. Найбольш значныя артыкулы прадстаўлены ў каляровым афармленні на беларускай, рускай і англійскай мовах. Энцыклапедыя ўключае каля 200 артыкулаў і больш за 200 фотаздымкаў з архіва Жыровіцкага манастыра, архіва Мінскай духоўнай семінарыі, архіва часопіса «Ступені», асабістага архіва ігуменні Гаўрыілы (Глухавай), а таксама сучасныя фатаграфіі.

Большасць артыкулаў публікуецца ўпершыню і мае багатую бібліяграфію, якая прадстаўляе вялікую каштоўнасць для будучых пакаленняў даследчыкаў гісторыі і сучаснасці Жыровічаў. Тыраж выдання 1000 экз.

Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі», МінДС / Church.by