Заява Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі ў сувязі з сітуацыяй адносна Святой Сафіі
06 ліпеня 2020Глыбока занепакоены заклікамі некаторых турэцкіх палітыкаў перагледзець музейны статус храма Святой Сафіі, аднаго з найвялікшых помнікаў хрысціянскай культуры.
Пабудаваны ў VI стагоддзі ў гонар Хрыста Спасицеля, гэты храм шмат значыць для ўсяго Праваслаўя. І Рускай Царкве ён асабліва дарагі. Паслы вялікага князя Уладзіміра, пераступіўшы парог гэтага храма, былі захоплены яго нябеснай прыгажосцю. Пачуўшы іх аповед, святы Уладзімір хрысціўся і хрысціў Русь, якая ўслед за ім ступіла ў новае для сябе духоўнае і гістарычнае вымярэнне — у хрысціянскую цывілізацыю.
Праз многія пакаленні было перададзена нам захапленне дасягненнямі гэтай цывілізацыі, часткай якой мы цяпер з'яўляемся. І адным з яе сімвалаў, поўных глыбокага шанавання, была і застаецца Святая Сафія. Яе вобраз трывала ўвайшоў у нашу культуру і гісторыю. Ён даваў сілу і натхненне нашым дойлідам у Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку — ва ўсіх галоўных цэнтрах духоўнага станаўлення Старажытнай Русі.
У гісторыі адносін Русі і Канстанцінопаля былі розныя, часам вельмі няпростыя перыяды. Але любую спробу зняважыць або растаптаць тысячагадовую духоўную спадчыну Канстанцінопальскай Царквы рускі народ — як раней, так і цяпер — успрымаў і ўспрымае з горыччу і абурэннем. Пагроза Святой Сафіі — гэта пагроза ўсёй хрысціянскай цывілізацыі, а значыць — і нашай духоўнасці і гісторыі. І па сённяшні дзень для кожнага рускага праваслаўнага чалавека Святая Сафія — гэта вялікая хрысціянская святыня.
Абавязак кожнай цывілізаванай дзяржавы — захоўваць раўнавагу: прыміраць супярэчнасці ў грамадстве, а не абвастраць іх; спрыяць аб'яднанню людзей, а не падзелу.
Сёння адносіны паміж Турцыяй і Расіяй дынамічна развіваюцца. Пры гэтым варта прымаць пад увагу, што Расія — краіна з большасцю праваслаўнага насельніцтва. А таму тое, што можа адбыцца са Святой Сафіяй, адгукнецца глыбокім болем у рускім народзе.
Спадзяюся на разважлівасць дзяржаўнага кіраўніцтва Турцыі. Захаванне цяперашняга, нейтральнага статусу Святой Сафіі, аднаго з найвялікшых шэдэўраў хрысціянскай культуры, храма-сімвала для мільёнаў хрысціян па ўсім свеце, паслужыць далейшаму развіццю адносін паміж народамі Расіі і Турцыі, умацаванню міжрэлігійнага міру і згоды.
+КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ