2018 год у Беларускай Праваслаўнай Царкве стане годам памяці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі)

26 студзеня 2018

top.jpg

Дзейнасць мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) спрыяла развіццю беларускай культуры і беларускай нацыянальнай самасвядомасці, а ў канчатковым выніку — станаўленню беларускай дзяржаўнасці. Такое меркаванне выказаў загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэй Аляксандр Раманчук на чарговым пасяджэнні аргкамітэта Беларускай Праваслаўнай Царквы па падрыхтоўцы і правядзенню юбілейных урачыстасцяў 2017-2019 гадоў.

Пасяджэнне аргкамітэта адбылося 25 студзеня ў Мінскім епархіяльным упраўленні пад старшынствам кіраўніка спраў Мінскай Экзархіі архімандрыта Сергія (Брыча). Багасловы, царкоўныя і свецкія гісторыкі абмеркавалі падрыхтоўку да святкавання ў гэтым годзе 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня блажэннага скону мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), ініцыятара ўз'яднання беларускіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой.

Прагучалі прапановы распрацаваць паломніцкі маршрут па месцах, звязаных з жыццём мітрапаліта Іосіфа. Плануецца, што маршрут пройдзе па тэрыторыі Беларусі і Літвы. Ідэю падтрымаў, сакратар Віленскага епархіяльнага ўпраўлення, які прыбыў на пасяджэнне, протаіерэй Віталь Моцкус.

У другой палове года адбудзецца міжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная гістарычным заслугам мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) і ролі яго спадчыны ў сучасным беларускім Праваслаўі.

Чакаецца, што да юбілею будзе выпушчаны дакументальны фільм пра ўладыку Іосіфа. Запланавана выданне буклета. На базе Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта пройдзе фотавыстава, наведвальнікі якой змогуць больш даведацца пра Віленскага архіпастыра і яго паплечнікаў.

Арганізацыйны камітэт Беларускай Праваслаўнай Царквы па падрыхтоўцы і правядзенню юбілейных урачыстасцяў 2017-2019 гадоў быў утвораны рашэннем Сінода Беларускага Экзархату 16 жніўня 2016 года (журнал № 31). У яго склад уваходзяць прадстаўнікі епіскапату і духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама айчыннай царкоўнай і свецкай навукі.

Church.by