31 кастрычніка 2021 года Беларуская Праваслаўная Царква святкуе сабор новамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай
31 кастрычніка 202131 кастрычніка 2021 года Беларуская Праваслаўная Царква святкуе сабор новамучанікаў і вызнаўцаў зямлі Беларускай.
28, 29 і 30 кастрычніка 1937 года па ўсёй савецкай Беларусі пракацілася хваля расстрэлаў вернікаў, а ў падвалах мінскай турмы «амерыканкі» было пакарана больш за сотню прадстаўнікоў беларускай культурнай і навуковай эліты. Менавіта таму і ў царкоўным, і ў грамадзянскім календары апошнія дні кастрычніка ў Беларусі стаяць асабліва, як дні нацыянальнай смутку, а дата 28 кастрычніка абраная днём памяці новамучанікаў беларускіх. Ён быў усталяваны рашэннем Святога Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2011 годзе. Здзяйсняць святкаванне належыць 28 кастрычніка пры супадзенні гэтай даты з нядзельным днём або ў бліжэйшую нядзелю пасля яго.
На працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў у Беларускай Праваслаўнай Царкве вядзецца актыўная даследчая праца па вывучэнні подзвігу новамучанікаў і вызнаўцаў ХХ стагоддзя. Першым нарматыўна-прававым актам, які санкцыянаваў магчымасць доступу беларускіх даследчыкаў да крымінальных спраў рэпрэсаваных, стала пастанова Вярхоўнага Савета БССР ад 6 чэрвеня 1991 г. № 847-XII «Аб парадку рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій 1920-1980-х гадоў у Рэспубліцы Беларусь». Сістэматычнае вывучэнне следчых матэрыялаў (анкет арыштаваных, пратаколаў допытаў, паказанняў сведак і матэрыялаў для рэабілітацыі) у значнай ступені дазваляе аднавіць біяграфічныя дадзеныя пацярпеўшых за Царкву Хрыстову.
Пачатак прафесійнага вывучэння подзвігу беларускіх новамучанікаў і вызнаўцаў быў пакладзены ў 1990-я гады працамі выпускніка гістарычнага факультэта БДУ і Мінскай духоўнай акадэміі святара Фёдара Крываноса. Звярнуўшыся да матэрыялаў Цэнтральнага архіва КДБ Рэспублікі Беларусь, святар Фёдар у 1996 годзе выдаў «Сінодзік за веру і Царкву Хрыстову пацярпелых у Мінскай епархіі (1918-1951 гады)», які ўключае кароткія даведачныя дадзеныя аб 332 рэпрэсаваных праваслаўных святарах, манахаха і міранах. Заканамерным вынікам даследчай дзейнасці свяшчэнніка Фёдара Крываноса стала кананізацыя 23 новамучанікаў Мінскай епархіі, праведзеная 12 снежня 1999 года Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай Царквы па блаславенню Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II.
З пропаведзі свяшчэнніка Фёдара Крываноса ў дзень праслаўлення святых новамучанікаў зямлі Беларускай, прамоўленай 12 снежня 1999 года ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска:
«Ганенні, накіраваныя супраць Рускай Праваслаўнай Царквы ў нядаўнія дзесяцігоддзі XX стагоддзя, па сваіх маштабах і жорсткасці цалкам параўнальныя з тымі пераследамі, якія перажылі хрысціяне Рымскай імперыі ў I — пачатку IV стагоддзя.
Дзесяткі тысяч разбураных храмаў, сотні закрытых манастырскіх абіцеляў, мільёны арыштаваных, заключаных у канцлагеры, сасланых і расстраляных людзей сталі вынікам вар'яцкай спробы ўвасаблення ў жыццё той бязбожнай, неаязычніцкай ідэалогіі, якая часова, як і усё, што ад чалавека прыносіцца, «перамагла» ў Расіі ў XX стагоддзі.
Згодна з дарэвалюцыйнай статыстыкай, напярэдадні 1913 года ў межах той тэрыторыі, якую ў пачатку XX стагоддзя шчыльна засялялі беларусы, існавала пяць праваслаўных епархій: Мінская, Полацкая, Літоўская, Магілёўская і Гродзенская. У іх дзейнічала 3613 цэркваў (уключаючы саборныя, прыходскія, прыпісныя, дамовыя і могілкавыя), 470 капліц, 34 манастырскія абіцелі. У Мінску, Вільні, Магілёве, Віцебску функцыянавалі духоўныя семінарыі. Была досыць шырока развіта сетка духоўных вучэльняў. Пры прыходскіх храмах мелася 4247 пачатковых школ (царкоўна-прыходскіх і школ граматы). Насельніцтва, якое вызнавала праваслаўную веру і пражывала ў пяці вышэйназваных епархіях, складала 5 мільёнаў 561 тысячу чалавек.
З першых дзён рэвалюцыі Царква была аддзелена ад дзяржавы, а яе служыцелі фактычна пастаўлены па-за законам. Пачалося планамернае знішчэнне ўсяго таго, што нагадвала людзям пра Бога, пра іх вышэйшае зямное пакліканне.
У 1921 годзе па ўмовах Рыжскага дагавора Беларусь была падзелена паміж Польшчай і СССР. Як у Заходняй, так і ва ўсходняй частцы Беларусі ў 20-30-я гады, хоць і ў розных формах (і пад рознымі падставамі), працягнуўся здзек над Праваслаўнай Царквой.
Асабліва цяжкай была доля духавенства і міран, якія пражывалі ў межах Савецкай Беларусі. Веруючым людзям давялося перажыць тут кампанію па ўскрыццю святых мошчаў (як гэта было з пачэснымі парэшткамі прападобнай Еўфрасінні Полацкай); акцыю канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў, у 1922 годзе праведзеную пад ілжывай падставай дапамогі галадаючым Паволжа; калектывізацыю і звязаныя з ёй масавыя рэпрэсіі. Веруючы народ з'явіўся сведкам таго, як разбуралі храмы Божыя, здымалі з іх крыжы, разбівалі званы, ламалі іканастасы, знішчалі духавенства…
Ва ўгары падобных настрояў жылі ў 30-я гады, здзяйсняючы сваё служэнне, праваслаўныя святары Мінскай епархіі і іншых абласцей Савецкай Беларусі.
Яны былі пазбаўлены выбарчых правоў, не атрымлівалі харчовых картак, да ўсяго іншага, яны не мелі магчымасці карыстацца зямлёй, і былі асуджаны разам са сваімі сем'ямі на напаўгалоднае, напаўжабрацкае існаванне. Многім з іх не далі памерці з голаду прыхаджане, якія стараліся падтрымліваць сваіх пастыраў з апошніх сіл…
У гэтых страшных умовах афіцыйна заахвочванай пагарды і матэрыяльнай нястачы духавенству вельмі складана было захаваць вернасць абранаму ў жыцці шляху пастырскага служэння, не паддацца спакусам гэтага свету, не адмовіцца ад свяшчэннага сану.
Яны сапраўды былі не толькі прыгнечаныя, але і гнаныя самым лютым, бесчалавечным чынам, але вера ў Госпада і Спаса нашага Іісуса Хрыста, укрыжаванага і ўваскрэслага, дала ім сілы зведаць усе выпрабаванні, не ўпасці духам, а насуперак з яшчэ большым гарэннем сведчыць пра Хрыста і тую праўду, якую захоўвае Яго Святая Царква!
Сёння Беларуская Праваслаўная Царква праславіла ўсяго толькі дваццаць тры новамучаніка. У параўнанні з маштабам ганенняў, перажытых ёю ў XX стагоддзі, і тым, колькі людзей загінула ў Беларусі ў адыходзячым стагоддзі за вызнанне веры праваслаўнай, гэтая лічба, вядома, выглядае малой. З часам яна павінна расці, папаўняючыся ўсё новымі і новымі імёнамі тых, хто выканаў вышэйшую запаведзь Божую, якая абвяшчае: «Бо́льшай любо́ві ні ў кога няма, як тая, калі хто душу́ сваю пало́жыць за сябро́ў сваіх» /Ін. 15:13/.
У аднаўленні гэтай памяці мы бачым выкананне нашага маральнага абавязку перад пакаленнямі тых людзей, якія працаю свайго зямнога жыцця, подзвігам мучаніцтва і вызнаўства, даравалі нам магчымасць у апошняе дзесяцігоддзе XX стагоддзя заняцца адраджэннем раней засціснутага і зняважанага царкоўнага жыцця. Іх подзвігам мы жывыя з вамі сёння. А таму памяць пра іх ды будзе на векі вякоў!»
У 2006 годзе рашэннем Святога Сінода Беларускага Экзархату была ўтворана Камісія па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы. Акрамя пытанняў падрыхтоўкі матэрыялаў для праслаўлення беларускіх святых, камісіі было даручана арганізаваць працу па складанні епархіяльных мартыролагаў (пералікаў пацярпелых за веру хрысціян). У склад камісіі былі ўключаны прадстаўнікі ўсіх беларускіх епархій, перад якімі была пастаўлена задача збору матэрыялаў аб праваслаўных святарах, манаскіх асобах і міранах, неабгрунтавана зазнаўшым рэпрэсіі. На працягу апошніх трыццаці гадоў цэнтрамі вывучэння подзвігу новамучанікаў і вызнаўцаў з'яўляліся Мінскія духоўныя акадэмія і семінарыя.
У выніку праведзеных даследаванняў пералік шануемых у Беларускай Праваслаўнай Царкве новамучанікаў і вызнаўцаў у цяперашні час уключае каля 30 імёнаў.
У іх гонар пабудаваны храмы ў розных кутках Беларусі — Мінску, Магілёве, Гродне, Гомелі, Дзятлаве, Скідзелі і некаторых іншых гарадах і вёсках.
Артыкул падрыхтаваны па матэрыялах Сінадальнай камісіі БПЦ па кананізацыі святых і даклада кандыдата багаслоўя, прарэктара па навуковай рабоце МінДА і МінДУ А. В. Слесарава «Вывучэнне подзвігу навамучанікаў і вызнаўцаў у Беларускай Праваслаўнай Царкве».