Архіепіскап Люблінскі Авель: Раскол можна пераадолець толькі праз пакаянне
24 студзеня 201920 студзеня 2019 года, у Нядзелю пасля Богаяўлення, Блажэннейшы мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый узначаліў Бажэственную літургію ў Пакроўскім кафедральным саборы горада Барыспаля. Сярод тых, хто маліўся за богаслужэннем быў архіепіскап Люблінскі і Холмскі Авель.
Па завяршэнні Літургіі Прадстаяцель Украінскай Царквы падзякаваў архіепіскапу за сумесную малітву, якая аб'яднала ўсіх вакол Бажэственнай Чашы.
— Сёння мы перажываем у нашай краіне адказны перыяд, калі Бог нам даў экзамен, каб мы паказалі сваю вернасць Ісціне, сваю любоў да Бога, да бліжняга як носьбіта вобраза Божага, каб мы цярпелі і паважалі адзін аднаго — адзначыў архіпастыр.
Па словах Яго Блажэнства, сёння праваслаўныя хрысціяне перажываюць такія выпрабаванні, якія не ўсе могуць вытрымаць і правільна перанесці.
— Некаторыя азлабляюцца, некаторыя вагаюцца — ідуць з аднаго «лагера» ў іншы, — заўважыў ён. — Вы ведаеце, што нікуды не трэба ісці, у нас ужо ёсць шлях, які прайшлі нашы продкі, і мы ідзем тым самым шляхам. Мы нікуды не збочваем — ні налева, ні направа. Я гэта кажу адносна веры.
Блажэннейшы ўладыка нагадаў, што Црквой не можа кіраваць ніхто, акрамя Самога Бога.
— Цяпер жадаюць зрабіць свае кіруемыя Цэрквы, якія б кіраваліся людзьмі, а не Богам. Калі Царква будзе кіравацца чалавекам — гэта не Царква, гэта будзе палітычная партыя, — сказаў мітрапаліт Ануфрый. — Яе існаванне будзе настолькі доўгім, наколькі гэтая палітыка будзе на вяршыні чалавечага, грамадскага жыцця. А мы ўжо бачылі шмат палітыкаў і палітычных партый, якія былі моцнымі, магутнымі, эканамічна багатымі, але ўсё гэта сышло ў гісторыю, усё разбурылася. А Царква ёсць і будзе.
Яго Блажэснтва падкрэсліў, што «наша задача — не адпасці ад гэтай Святой Царквы».
— Не кіраваць ёю, не карэктаваць яе, бо кіруе ёю Бог, Які яе стварыў. А ў тым, што Бог стварыў, не патрэбна чалавечая карэкцыя. Мы павінны проста трымацца гэтай веры, гэтай Царквы, не звяртаючы ўвагі ні на якія словы, абяцанні і гэтак далей, мы павінны ісці шляхам, які вядзе чалавека да Хрыста, да ісціны, да выратавання — сказаў ён.
У заключэнне, звяртаючыся да іерарха Польскай Праваслаўнай Царквы, Прадстаяцель УПЦ перадаў прывітанне Блажэннейшаму мітрапаліту Саве.
— Мы з уладыкам Савам знаёмыя даўно. Ён чалавек, які любіць Бога, у Яго Бог на першым месцы. І заўсёды што б ні вырашалася — вырашаецца на славу Божую. Уладыка Сава з'яўляецца адным з яркіх прадстаўнікоў Памесных Цэркваў, які займае вельмі выразную ясную пазіцыю адносна пытанняў веры і кананічнага царкоўнага жыцця.
Гасподзь сёння спадобіў мяне быць разам з вамі удзельнікам Бажэственнай літургіі, якую ўзначаліў Блажэннейшы Прадстаяцель Украінскай Праваслаўнай Царквы ўладыка Ануфрый. Для мяне гонар, што на працягу ўжо больш за 30 гадоў я ведаю Вас, Ваша Блажэнства, яшчэ пачынаючы з Успенскай Пачаеўскай лаўры, — адзначыў іерарх Польскай Праваслаўнай Царквы ў слове ў адказ.
Архіепіскап Авель таксама перадаў прывітанне ад мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы.
Праваслаўная Царква ў Польшчы на працягу сваёй гісторыі перажыла шмат цяжкіх выпрабаванняў. І сёння саборам святых ля Прастола Божага стаяць пакутнікі маёй епархіі, свяшчэннамучанікі зямлі Холмскай і Люблінскай — сказаў архіепіскап Авель. — Таму цяперашняе становішча Украінскай Праваслаўнай Царквы, магчыма, з'яўляецца найбольш зразумелым для нас.
Уладыка Авель падкрэсліў, што Праваслаўная Царква Польшчы заўсёды заяўляла і будзе заяўляць аб сваім цвёрдым і непахісным стаянні ў праўдзе.
— Мы будзем заўсёды і ўсюды гаварыць, што раскол можна пераадолець толькі праз пакаянне, праз пост. Мы верым, што глыбокая малітва прадстаяцеля Украінскай Праваслаўнай Царквы Блажжннейшага мітрапаліта Ануфрыя будзе пачутая, і пасля пакут наступіць радасць велікоднага трыумфу — адзначыў уладыка. — І ў Польшчы мы будзем маліцца, каб перамога пасхальнай радасці адгукнулася трыумфам у нашых сэрцах.
— Гэта будзе радасць не толькі ўкраінскага народа, які разумее сутнасць дысцыпліны царкоўнай, але і агульнаправаслаўная радасць усіх Памесных Цэркваў, — выказаў надзею іерарх. — Ад глыбіні сэрца я жадаю, каб момант нашай агульнай праваслаўнай радасці наступіў як мага хутчэй. Няхай Найсвяцейшая Багародзіца пакрывае Сваім амафорам усіх сваіх дзяцей. Няхай наша малітва будзе данесена да Яе, а Яна прынясе Адзінароднаму Сыну Свайму свае маленні. Мы ж молімся: Уладычыца, прымі малітвы рабоў Тваіх і збаў нас ад усякага няшчасця і засмучэння.
Украінская Праваслаўная Царква, служба камунікацыі АЗЦС / Church.by