Духоўна-асветніцкае выданне памяці мітрапаліта Філарэта «Сэрца мілуючае» выйшла ў выдавецтве Мінскай духоўнай акадэміі
25 лютага 2021Духоўна-асветніцкае выданне «Сэрца мілуючае» памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, выйшла ў выдавецтве Мінскай духоўнай акадэміі.
У аснову буклета, прымеркаванага да 40 дзён пасля скону мітрапаліта Філарэта, ляглі матэрыялы фотавыставы, якая праходзіла ў Мінскай духоўнай акадэміі з 15 снежня 2020 года па 20 лютага 2021 года. Промыслам Божым, экспазіцыя, прымеркаваная да 85-годдзя архіпастыра, 55-годдзя яго архіерэйства і 45-годдзя служэння на землях Белай Русі, была ўрачыста адкрыта яшчэ пры жыцці Ганаровага Экзарха, да дня яго ангела. Завяршылася выстава пасля смерці дарагога архіпастыра.
У выданні публікуюцца цытаты з выступленняў мітрапаліта Філарэта розных гадоў. Таксама выкарыстаны фатаграфіі (1940-2021 гг.) з асабістага архіва ўладыкі Філарэта, архіваў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, Маскоўскай духоўнай акадэміі, а таксама аўтарскія здымкі епіскапа Слуцкага і Салігорскага Антонія, іерэя Макарыя Кавалеева, Ігара Камінскага, Аксаны Кнаус, Аляксандра Мізея, Таццяны Амелінай, Андрэя Пугача, Леаніда Шчаглова. Некаторыя фатаграфіі апублікаваны ўпершыню.
Праект арганізаваны сумеснымі намаганнямі бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі і прыхода храма святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску і рэалізаваны дзякуючы спонсарскай падтрымцы дабрачынцаў.
Выданне выпушчана па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Адказны за выпуск протаіерэй Мікалай Коржыч, аўтары праекта — Ілья Перчанка, Аксана Кнаус, аўтары тэксту — Ганна Трошкіна і Таццяна Кузняцова.