Выдадзены новыя кнігі, прысвечаныя мітрапаліту Іосіфу (Сямашку)

17 верасня 2018

top.jpg

Па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і ў адпаведнасці з рашэннем аргкамітэта Беларускай Праваслаўнай Царквы па падрыхтоўцы і правядзенню юбілейных урачыстасцяў 2017-2019 гадоў Гістарычнай камісіяй Выдавецкага савета БПЦ з 2017 года рэалізуецца праграма па выданню корпуса кніг, прысвечаных праблемам уніі і тэме ўз'яднання ўніятаў з Праваслаўнай Царквой.

У 2017 годзе выдадзеныя кнігі: «Из воспоминаний белоруса Я.А. Чебодько» (Мінск, 2018) і манаграфія свяшчэнніка Вячаслава Шасціткі «Латинизация греко-католической церкви в Речи Посполитой: исторический, литургический и канонический аспекты» (Мінск, 2018).

У 2018 годзе выйшлі ў свет тры выданні: Запіскі мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) (Мінск, 2018); Іосіф (Сямашка), мітрапаліт Літоўскі і Віленскі: жыццё і служэнне / протаіерэй Аляксандр Раманчук (2-е выд. Мінск, 2018) і Высокапраасвяшчэнны Іосіф (Сямашка), мітрапаліт Літоўскі і Віленскі: нарыс жыцця і царкоўна-грамадскай дзейнасці / протаіерэй Аляксандр Раманчук (2-е выд., стэр. Масква; Мінск, 2018).

1. «Запіскі» Праасвяшчэннага Іосіфа, мітрапаліта Літоўскага (1798-1868), з'яўляюцца ўнікальнай крыніцай па гісторыі ўз'яднання беларускіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой. Галоўны ініцыятар і натхняльнік гэтай справы раскрывае перад чытачамі свой жыццёвы шлях, асабістыя перажыванні і свае меркаванні да пераходу ў Праваслаўе. У Запісках паўстае і сам ход уз'яднання ўніятаў, перамовы з урадавымі чыноўнікамі, царкоўнымі іерархамі, святарамі. Чытач бачыць увесь працэс вачыма галоўнага яго здзяйсняльніка, пераконваючыся ў праўдзівасці аўтара не толькі з яго слоў, але і знаёмячыся з дакладнымі дакументамі. Апошнія задумваліся мітрапалітам Іосіфам (Сямашкам) як дадатак, але па аб'ёме перасягнулі самі мемуары ў сем разоў. З аднаго гэтага відаць, якое вялікае гістарычнае значэнне маюць «Запіскі», прапанаваныя чытачу ў сучасным перавыданні. Надзённая патрэба распачаць яго абумоўлена таксама і тым, што першае выданне, ажыццёўленае Імператарскай акадэміяй навук у 1883 г., ужо даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю (Запіскі Іосіфа мітрапаліта Літоўскага, выдадзеныя Імператарскай акадэміяй навук па завяшчанню аўтара : у 3 т. / мітрапаліт Іосіф (Сямашка). - Санкт-Пецярбург: Друкарня Імператарскай Акадэміі Навук, 1883.– Т. 1-3).

Успаміны ўладыкі Іосіфа падзеленыя аўтарам на пяць частак, з іх першая была напісана ў 1850 годзе, а астатнія - у 1861 годзе. Праасвяшчэнны склаў 8 верасня 1862 года завяшчанне, адным з пунктаў якога было пасмяротнае выданне запісак. Аднак ён і пасля працягнуў рабіць дзённікавыя запісы ўласнаручна і пры ўдзеле свайго сакратара да пачатку 1868 года. Гэтыя дадатковыя запісы былі надрукаваны гісторыкам Р. Я. Кіпрыяновічам у дадатку да яго фундаментальнай працы пра жыццё мітрапаліта Літоўскага Іосіфа (Кіпрыяновіч, Р. Я. Жыццё Іосіфа Сямашкі, мітрапаліта Літоўскага і Віленскага і ўз'яднанне заходне-рускіх уніятаў з Праваслаўнаю Царквой у 1839 г. / Р. Я. Кіпрыяновіч. – Выд. 2-е, выпр. і дап. - Вільня: Друкарня І. Блюмовіча, 1897. – С. 527-546). (Тэкст новаадкрытых запісак Іосіфа, мітрапаліта Літоўскага таксама прыводзіцца ў дадзеным выданні). Такім чынам, большую частку сваіх мемуараў Прааасвшчэнны напісаў у апошнія гады, калі з'явілася магчымасць спакойна асэнсаваць перажытае, аддзяліць галоўнае ад другараднага, даць ацэнку панесенай працы.

Цяперашняе перавыданне «Запісак» мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) па задуме выдаўцоў з'яўляецца знакам падзякі архіерэю-уз'яднацелю да 220-годдзя з дня яго нараджэння і 150-годдзя з дня яго блажэннага скону.

Тэкст узнаўляецца па сучасных правілах правапісу з захаваннем стылістычных і моўных асаблівасцяў першакрыніц. Да выдання дадаецца DVD з запісамі лічбавых копій трох тамоў «Запісак» мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) 1883 года. Кніга выйшла ў выдавецтве Брацтва ў гонар святога Архістратыга Міхаіла, у цвёрдай вокладцы, накладам 1000 асобнікаў.

Публікацыя «Запісак» у адаптацыі да сучаснай арфаграфіі робіць іх даступнымі для шырокага кола даследчыкаў, а таксама студэнтаў не толькі духоўных школ, але і свецкіх вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў.

2. Другое выданне манаграфіі протаіерэя Аляксандра Раманчука «Иосиф (Семашко), митрополит Литовский и Виленский: жизнь и служение» (першае выданне выйшла ў 2012 годзе накладам усяго 90 асобнікаў) заклікана пазнаёміць чытача з асноўнымі вехамі жыцця і служэння мітрапаліта Іосіфа. Яно заснавана на цвёрдых праваслаўных поглядах аўтара, які пастараўся нагадаць грамадству пра вялікага падзвіжніка праваслаўнай веры і змагара за духоўнае адзінства трох славянскіх народаў, на новым гістарычным этапе ацаніць свяціцельскі подзвіг, здзейснены Літоўскім архіпастырам, разбурыць штучна створаныя вакол яго імя прадузятыя меркаванні і стэрэатыпы.

«У пачатку XXI ст., - піша аўтар — імя мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі) вядомае толькі вузкаму колу спецыялістаў-гісторыкаў. Між тым, гэта адна з самых значных фігур у канфесійнай гісторыі Беларусі. Народжаны ва ўніяцтве, атрымаўшы польскае выхаванне і каталіцкую багаслоўскую адукацыю, мітрапаліт Іосіф знайшоў шлях спасення ў Праваслаўі і астатнюю частку жыцця прысвяціў яго адраджэнню на беларускіх землях. Яго заслугі перад Царквой і беларускім народам неацэнныя. Ён быў ініцыятарам і галоўным здзяйсняльнікам вяртання да праваслаўнага веравызнання паўтара мільёна беларускіх і ўкраінскіх уніятаў, якое адбылося ў 1839 г. і ў гістарычнай літаратуры атрымала назву «ўз'яднанне». Служэнне мітрапаліта Іосіфа — гэта слава Праваслаўя, жывое сведчанне прыцягальнасці ісціны, якая захоўваецца ў ім. Высокапраасвяшчэнны Іосіф у многім заклаў духоўны падмурак сучаснай беларускай нацыі і можа з поўным правам называцца адным з яе "айцоў-заснавальнікаў"».

Кніга выйшла ў Выдавецтве Брацтва ў гонар святога Архістратыга Міхаіла, накладам 3000 асобнікаў.

3. «Высокопреосвященный Иосиф (Семашко), митрополит Литовский и Виленский: очерк жизни и церковно-общественной деятельности» — фундаментальная праца протаіерэя Аляксандра Раманчука выйшла другім стэрэатыпным перавыданнем у Маскве, у выдавецтве Таварыства аматараў царкоўнай гісторыі, у рамках вядомай серыі «Материалы по истории Церкви; кн. 52» накладам 1000 асобнікаў (першае выданне было надрукавана там жа ў 2015 годзе).

Даследаванне ўяўляе сабой спробу асэнсавання значэння дзейнасці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) як для Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, так і для лёсу беларускага народа ў цэлым.

Аўтар разглядае ў сваёй кнізе цэлы шэраг пытанняў, якія не трапілі ў сферу ўвагі гісторыкаў ці не атрымалі належнага асвятлення ў літаратуры. «Вывучэнне біяграфіі мітрапаліта Іосіфа рабілася неаднаразова — піша ў прадмове да кнігі галоўны рэдактар серыі свяшчэннік Ілья Салаўёў — але протаіерэй Аляксандр Раманчук не абмяжоўваецца даследаваннем біяграфіі, а звяртае ўвагу на царкоўна-грамадскія погляды ўладыкі, разглядае іх падрабязна, прасочвае іх развіццё. Асаблівае месца адводзіцца ўсебаковаму аналізу прапанаванага і рэалізаванага мітрапалітам праекта ўз'яднання уніятаў з Праваслаўем, выяўленню асноўных метадаў або шляхоў адраджэння Праваслаўнай веры ў асяроддзі грэка-католікаў, на якія абапіраўся архіерэй-уз'яднальнік. Нарэшце, аўтар прадпрымае спробу падрабязна разгледзець уласна рэлігійна-маральны складнік дзейнасці мітрапаліта. Аўтар прыходзіць да высновы, што асноўныя погляды мітрапаліта Іосіфа і прынцыпы яго царкоўна-асветніцкай працы вельмі актуальныя ў нашы дні, ва ўмовах тых выклікаў, якія з падачы заходняга секулярнага свету кінуты Праваслаўю ў новых гістарычных умовах існавання беларускай дзяржавы»

Выданне мае навукова-даведачны апарат, які складаецца з бібліяграфічнага спісу выкарыстаных гістарычных крыніц і публікацый па тэме (258 назваў), і імянны паказальнік.

Набыць «Запіскі» Праасвяшчэннага Іосіфа, мітрапаліта Літоўскага, і манаграфію протаіерэя Раманчука «Иосиф (Семашко), митрополит Литовский и Виленский: жизнь и служение» можна ў Выдавецкім Савеце БПЦ (г. Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 3), А кнігу «Высокопреосвященный Иосиф (Семашко), митрополит Литовский и Виленский: очерк жизни и церковно-общественной деятельности» — на кніжным складзе Мінскага епархіяльнага ўпраўлення (г. Мінск, вул. Вызвалення, 10, цокальны паверх).

Выдавецкі савет БПЦ / Church.by