Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы падвёў вынікі сваёй працы ў 2017 годзе

17 снежня 2017

top.jpg

14 снежня 2017 года адбылося пасяджэнне агульнага сходу членаў Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы (ІС БПЦ) з удзелам епархіяльных прадстаўнікоў, кіраўнікоў і супрацоўнікаў праваслаўных выдавецтваў БПЦ і свецкіх выдавецтваў, якія выпускаюць праваслаўную літаратуру. Пасяджэнне ўзначаліў старшыня Выдавецкага савета епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел.

Са справаздачай аб працы ІС БПЦ у 2017 годзе выступіў намеснік старшыні іерэй Алег Кунцэвіч. Ім былі падведзены вынікі дзейнасці Савета па розных напрамках, дадзены статыстычны аналіз працы калегіі па рэцэнзаванню і экспертнай ацэнцы і сакратарыята Выдавецкага савета па пытаннях спрошчанага рэцэнзавання. Айцец Алег адзначыў, што ў апошнія гады намячаецца тэндэнцыя стабілізацыі праваслаўнага кнігавыдання ў БПЦ. У 2017 годзе значна павялічыўся выдавецкі патэнцыял выдавецтва Беларускага Экзархату за кошт абнаўляльнасці рэпертуару. Другім па прадуктыўнасці з'яўляецца выдавецтва Лізавецінскага жаночага манастыра ў горадзе Мінску. У гэтым 2017 годзе значны працэнт рэпертуару гэтага выдавецтва складае новая арыгінальная літаратура для дзяцей.

Трэцім па колькасці найменняў выдаванай праваслаўнай літаратуры можна назваць прыватнае прадпрыемства «Выдавецтва Зміцера Харчанкі», якое выпускае ў асноўным праваслаўныя кнігі для дзяцей, пераклады І. А. Чароты твораў Мікалая Сербскага і іншых іерархаў і айцоў Царквы. Набірае сілы і маладое выдавецтва Мінскай духоўнай акадэміі.

Па відах выдадзенай у 2017 годзе кніжнай прадукцыі — 40 % ад усяго гадавога аб'ёму склала дзіцячая літаратура, 20% — богаслужэбная і 18 % — навукова-багаслоўская. Павялічылася колькасць выданняў царкоўна-гістарычнай тэматыкі беларусазнаўчага характару.

Характэрна, што ў 2017 годзе асобныя выданні, якія прайшлі сур'ёзную экспертызу ў ІС БПЦ і атрымалі грыфы, сталі прызёрамі нацыянальных конкурсаў.

У мэтах вызначэння лепшых выдавецкіх праектаў, якія сталі падзеяй у нацыянальным кнігавыданні, павышэння мастацкай і паліграфічнай культуры беларускай кнігі, далейшага развіцця кніжнага мастацтва, папулярызацыі лепшых дасягненняў выдавецтваў рэспублікі за 2016 год 25-26 студзеня 2017 года Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь быў праведзены Нацыянальны конкурс «Мастацтва кнігі-2017» (LVI). Выданні Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў горадзе Полацку на конкурсе былі ўдастоены дзвюх узнагарод. Кніга Уладзіміра Дзмітрыевіча Сараб'янава «Спаская царква Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку», якая выйшла ў манастырскім выдавецтве, атрымала галоўную ўзнагароду ў тэматычнай намінацыі «Духоўнасць». Выданне «Духоўныя кветкі схіігуменні Еўфрасінні», прысвечанае светлай памяці схіігуменні Еўфрасінні (Максімчук) (1911-2004), адзначана дыпломам другой ступені ў намінацыі «Духоўнасць».

Затым іерэй Алег Кунцэвіч распавёў аб дзейнасці ІС БПЦ у галіне кнігавыдання і арганізацыі кнігараспаўсюджвання.

У 2017 годзе выдадзены кнігі: «З успамінаў беларуса Я. А. Чабодзькі» накладам 1000 асобнікаў; манаграфія свяшчэнніка Вячаслава Шасціткі «Лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай: гістарычны, літургічны і кананічны аспекты» таксама накладам 1000 асобнікаў і Новы Запавет на беларускай мове накладам 6000 асобнікаў. Практычна ўсе наклады выданняў былі паспяхова распаўсюджаны па епархіях Беларускага Экзархату.

Выданне Новага Запавету на беларускай мове ў перакладзе Біблейскай камісіі БПЦ стала знакавай падзеяй 2017 года не толькі ў Беларускай Праваслаўнай Царкве, але і ў маштабах усёй рэспублікі. Прэзентацыя перакладу адбылася 15 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

У 2017 годзе Гістарычная камісія ІС БПЦ працягнула рэалізацыю праграмы па выданню корпуса кніг, прысвечаных праблемам уніі, і распаўсюджванні іх па епархіях БПЦ. У 2018 годзе ў Беларускай Праваслаўнай Царкве намечана святкаванне 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня блажэннага скону мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі). У сувязі з гэтымі датамі Гістарычнай камісіяй падрыхтаваны спіс кніг з 7 назваў, прапанаваных да выдання ў 2018 годзе.

Выдавецкім саветам пачата праца па рэалізацыі гэтага праекта. На сённяшні дзень рыхтуюцца да друку макеты кніг: «Запіскі Іосіфа, мітрапаліта Літоўскага» і «Запіскі Васіля Лужынскага, архіепіскапа Полацкага» — вядзецца адаптацыя тэкстаў гэтых кніг з дарэформеннай арфаграфіі. З кніг сучасных аўтараў прыняты ў працу манаграфіі: іераманаха Аўраамія (Гулевіча) «Манаскія зарокі ў правілах ордэна базыльянаў XVII–XVIII стст. у святле аскетычнай традыцыі Праваслаўнай Царквы» і іерэя Вячаслава Шасціткі «Роля Сакрэтных камітэтаў урада імператара Мікалая I у ўз'яднанні ўніятаў».

У справаздачным годзе працягнула сваю працу Богаслужэбная камісія ІС БПЦ, створаная па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла ў жніўні 2016 года, якую ўзначальвае протаіерэй Сергій Гардун. У лютым адбылося чарговае пасяджэнне Камісіі. Разгледжаны праект выдання кнігі «Ірмасы Поснай і Цвятной Трыёдзі», складзенай членам камісіі, устаўшчыком прыхода храма прападобнага Серафіма Сароўскага ў горадзе Мінску Нінай Вячеславаўнай Балашэвіч.

У 2017 годзе ва ўсіх епархіях БПЦ быў праведзены Дзень праваслаўнай кнігі. Аператыўная інфармацыя аб мерапрыемствах размяшчалася на інтэрактыўнай карце епархій сайта Выдавецкага савета Рускай Праваслаўнай Царквы і на сайтах адпаведных епархій. Усяго епархіямі Беларускага Экзархату на перыяд люты — красавік 2017 года было запланавана і праведзена 481 мерапрыемства. У іх прыняло удзел больш за 30 000 чалавек.

Дні праваслаўнай кнігі ў асноўным праводзіліся на базе публічных (абласных, цэнтральных, раённых), дзіцячых і школьных бібліятэк, палацаў культуры, устаноў сярэдняй і вышэйшай адукацыі, нядзельных школ, храмаў. Асноўны склад удзельнікаў мерапрыемстваў — дашкольнікі, школьнікі, настаўнікі, студэнты і педагогі каледжаў і ВНУ, падлеткі, навучэнцы нядзельных школ, пенсіянеры, прыхаджане храмаў, а таксама вайскоўцы і святары.

Асноўнымі формамі правядзення мерапрыемстваў сталі гутаркі, прэзентацыі, кніжныя выставы, літаратурна-музычныя кампазіцыі, праваслаўныя краязнаўчыя ўрокі, дабрачынныя акцыі, гадзіны і ўрокі духоўнасці, сустрэчы з карыснай кнігай, духоўна-асветныя канцэрты, конкурсы чытальнікаў, тэматычныя ўрокі, вусныя часопісы, дыспуты, семінары, конкурсы сачыненняў і малюнкаў, квэсты і многае іншае. 10 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося галоўнае мерапрыемства Дня праваслаўнай кнігі.

 

Затым аб дзейнасці Выдавецкіх аддзелаў у епархіях БПЦ распавялі прадстаўнікі епархій.

 

Аб дзейнасці выдавецтва Мінскай духоўнай акадэміі распавёў яго кіраўнік Аляксандр Валер'евіч Слесараў. Дырэктар Выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяна Фёдараўна Анцух паднесла ў дар Выдавецкаму савету кнігі беларускіх філолагаў, паэтаў і фотаальбом, прысвечаны юбілею беларускага кнігадрукавання, якія выйшлі ў выдавецтве ў 2017 годзе.

 

Завяршылася мерапрыемства абмеркаваннем пытанняў, звязаных з дзейнасцю ІС БПЦ, паднятых ўдзельнікамі пасяджэння.

 

У актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі, дзе праходзіла пасяджэнне, экспанавалася выстаўка кніг, якія атрымалі грыфы Выдавецкага савета, вядучых праваслаўных выдавецтваў Беларускага Экзархату і свецкіх выдавецтваў, якія выпускаюць праваслаўную кнігу.

 

У канцы пасяджэння епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел падвёў вынікі працы і пажадаў усім дапамогі Божай у справе служэння на ніве духоўнай асветы.

Выдавецкі савет БПЦ / Church.by