Круглы стол, прысвечаны памяці мітрапаліта Філарэта, правёў моладзевы рух AGIOS
24 сакавіка 2021Круглы стол, прысвечаны памяці мітрапаліта Філарэта, правёў 21 сакавіка 2021 года моладзевы рух AGIOS Усіхсвяцкага прыхода г. Мінска.
У пачатку мерапрыемства сваімі каштоўнымі ўспамінамі падзяліўся настаяцель храма — протаіерэй Фёдар Поўны, вучань і паплечнік уладыкі Філарэта. Айцец Фёдар расказаў маладым людзям пра асобу ўладыкі, яго духоўныя і асветніцкія подзвігі. Характэрнай рысай слаўнага настаўніка было спалучэнне дбайнага служэння Богу і паважлівага стаўлення да кожнага чалавека. Для ўладыкі былі важныя не рэгаліі і званні, а сам чалавек, яго жыццё, радасці і праблемы. Мітрапаліт Філарэт прапаведаваў ўсёй сваёй сутнасцю, ладам жыцця. Ён не казаў пра Бога, ён жыў з Богам. І ў гэтым была яго вялікая сіла — падкрэсліў протаіерэй Фёдар.
Эстафету апавядання прыняў Мікалай Камарчук, кіраўнік моладзевага руху AGIOS. Ён распавёў аб плёне служэння ўладыкі Філарэта на Беларускай зямлі, аб яго падзвіжніцкай дзейнасці ў імя духоўнага развіцця краіны.
У 1978 годзе, калі ўладыка быў абраны мітрапалітам Мінскім і Беларускім, Беларуская Праваслаўная Царква перажывала цяжкія часы. Былі зачынены епархіі і манастыры, не было духоўнай адукацыі. За 35 гадоў вернага служэння мітрапаліт Філарэт адрадзіў духоўнае жыццё Беларусі.
Першы Экзарх Беларускай Праваслаўнай Царквы аднавіў і стварыў новыя епархіі, вярнуў да жыцця закрытыя раней прыходы і манастыры. Мітрапаліт Філарэт аднавіў заняткі ў Мінскай духоўнай семінарыі, развіў сістэму духоўнай адукацыі ў краіне.
Уладыка быў духоўным лідарам Беларусі, яго сілу і самаадданасць прызнавалі прадстаўнікі ўсіх канфесій. А ў 2006 годзе Патрыяршы Экзарх быў удастоены звання «Герой Беларусі» — такой вялікай была мера яго служэння беларускаму народу.
Напрыканцы сустрэчы адбыўся паказ кароткаметражнага фільма, падрыхтаванага моладзевым рухам да дня нараджэння мітрапаліта Філарэта. Гэтая праца стала данінай любові і павагі да ўладыкі, яго духоўнага подзвігу.
Увечары гэтага ж дня ўдзельнікі моладзевага руху наведалі мерапрыемства, прысвечанае памяці спачылага мітрапаліта Філарэта ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Ушанаваць памяць уладыкі сабраліся прадстаўнікі духавенства, дзяржаўныя дзеячы і проста ўдзячныя прыхаджане, чые служэнне і жыццё былі непарыўна звязаныя з асобай адданага сына Царквы.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі адзначыў асаблівую ролю спачылага Экзарха ў станаўленні Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Значным экспанатам выставы, арганізаванай у памяць аб мітрапаліце, стала саламяная мітра, вырабленая па ініцыятыве настаяцеля храма Усіх Святых протаіерэя Фёдара Поўнага.
У завяршэнне вечара для гасцей прагучалі музычныя творы ў выкананні выдатных калектываў беларускіх храмаў і духоўных школ.