Мітрапаліт Веніямін прыняў удзел у апошнім пасяджэнні Свяшчэннага Сінода адыходзячага года

30 снежня 2020

top.jpg

Мітрапаліт Веніямін прыняў удзел у апошнім пасяджэнні Свяшчэннага Сінода адыходзячага года. Яно прайшло 29 снежня пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Па прычыне звязаных з пандэміяй каранавіруса абмежавальных мер, пасяджэнне адбылося ў дыстанцыйным фармаце. Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы прымаў удзел у пасяджэнні з дапамогай сродкаў дыстанцыйнай сувязі з гістарычнай залы пасяджэнняў Свяшчэннага Сінода ў Патрыяршай рэзідэнцыі ў Перадзелкіне.

Члены Свяшчэннага Сінода абмеркавалі пытанне склікання Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы. Па выніках дыскусіі, Сінод прыняў рашэнне правесці Архіерэйскі Сабор з 15 па 18 лістапада 2021 года. Для падрыхтоўкі Сабора, з 26 па 28 мая 2021 года, будзе праведзены пленум Міжсаборнай прысутнасці.

Падчас пасяджэння Свяшчэннага Сінода таксама разглядалася пытанне арганізацыі Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў, якія традыцыйна праходзяць у другой палове студзеня. У гэтым годзе, у сувязі з неспрыяльным эпідэмічным становішчам, члены Сінода вырашылі перанесці чытанні на перыяд з 16 па 19 мая 2021 года з іменаваннем іх XXIX Міжнароднымі адукацыйнымі чытаннямі.

Таксама Свяшчэнны Сінод заслухаў на пасяджэнні паведамленне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з прапановай стварыць Агульнацаркоўную дысцыплінарную камісію. Па выніках абмеркавання, члены Сінода пастанавілі «для больш пільнага вывучэння правапарушэнняў з боку свяшчэннаслужыцеляў заснаваць у дапамогу Свяцейшаму Патрыярху, Свяшчэннаму Сіноду і Вышэйшаму Агульнацаркоўнаму Суду Агульнацаркоўную дысцыплінарную камісію пры Патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі пад старшынствам кіраўніка спраў Маскоўскай Патрыярхіі (па пасадзе) і ў складзе, які зацвярджаецца распараджэннем Патрыярха паводле прадстаўлення старшыні камісіі». Агульнацаркоўнай дысцыплінарнай камісіі пастаноўлена кіравацца ў сваёй дзейнасці пісьмовымі ўказаннямі і вуснымі распараджэннямі Патрыярха.

Акрамя іншых пытанняў, у рамках праведзенага пасяджэння члены Сінода таксама зацвердзілі план работы Вышэйшага Царкоўнага Савета на 2021 год.

Пастаяннымі членамі Свяшчэннага Сінода з'яўляюцца: мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый; мітрапаліт Круціцкі і Каломенскі Ювеналій; мітрапаліт Кішынёўскі і ўсяе Малдовы Уладзімір; мітрапаліт Астанайскі і Казахстанскі Аляксандр, кіраўнік Мітрапалічай акругі ў Рэспубліцы Казахстан; мітрапаліт Ташкенцкі і Узбекістанскі Вікенцій, кіраўнік Сярэднеазіяцкай мітрапалічай акругі; мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій; мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату; мітрапаліт Васкрасенскі Дыянісій, кіраўнік спраў Маскоўскай патрыярхіі.

Для ўдзелу ў зімовай сесіі (верасень-люты) запрошаны архіепіскап Паўднёва-Сахалінскі і Курыльскі Аксій; епіскап Баравіцкі і Пестаўскі Яфрэм; епіскап Бузулукскі і Сарочынскі Аляксій; епіскап Шахцінскі і Мілераўскі Сіман; епіскап Рослаўскі і Дзеснагорскі Мялецій.

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Сhurch.by