Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён: Гэта была размова адкрытых сэрцаў

01 верасня 2018

top.jpg

31 жніўня 2018 года падчас сустрэчы з журналістамі, якая прайшла ў аддзеле знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, старшыня АЗЦС мітрапаліт Валакаламскі Іларыён распавёў аб сустрэчы Прадстаяцеляў Канстанцінопальскай і Рускай Праваслаўных Цэркваў. Сустрэча прайшла ў будынку Канстанцінопальскай Патрыярхіі ў Стамбульскім раёне Фанар.

Як паведаміў мітрапаліт Іларыён, Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, прыбыўшы на Фанар, пакланіўся святыням Патрыяршага сабора ў імя святога велікамучаніка Георгія, у тым ліку мошчам свяціцеляў Васілія Вялікага, Грыгорыя Багаслова і Іаана Залатавуста. У будынку Патрыярхіі Прадстаяцеля Рускай Царквы вітаў Усесвяцейшы Патрыярх Варфаламей. Першая частка сустрэчы прайшла ў афіцыйным фармаце, на ёй прысутнічалі ўсе члены Сінода Канстанцінопальскага Патрыярхату. Прагучала прывітанне Свяцейшага Патрыярха Варфаламея, далей Свяцейшы Патрыярх Кірыл прамовіў кароткае слова ў адказ. Затым два Прадстаяцеля пайшлі ў кабінет Патрыярха Варфаламея, дзе адбылася даверная размова вока на вока. Пры гэтай гутарцы прысутнічалі: з боку Канстанцінопальскага Патрыярхату — мітрапаліт гальскі Эмануіл, з боку Маскоўскага Патрыярхату — мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

«Гутарка працягвалася ўвогуле каля дзвюх з паловай гадзін. Яна была вельмі адкрытай, вельмі сардэчнай; гэта сапраўды была размова ад сэрца да сэрца», — падкрэсліў старшыня АЗЦС.

Уладыка Іларыён нагадаў, што Патрыярх Варфаламей і Патрыярх Кірыл знаёмыя з 1977 года і маюць вельмі доўгую, багатую гісторыю асабістых узаемаадносін; яшчэ да абрання на Патрыяршае служэнне яны шмат працавалі разам для дасягнення кансенсусу па самых розных тэмах усеправаслаўнага парадку дня.

«Гэтая сустрэча была важнай, перш за ўсё, для ўмацавання асабістых адносін паміж двума Патрыярхамі і, вядома, для ўмацавання двухбаковых адносін паміж дзвюма нашымі цэрквамі, — засведчыў архіпастыр. — Суразмоўцы закранулі шырокае кола тэм, у тым ліку тых, якія стаяць на парадку дня двухбаковых адносін, а таксама пытанняў ўсеправаслаўнага адзінства. Гутарка, якая пачалася ў вельмі шчырай атмасферы, і скончылася вельмі дружалюбна, Патрыярхі абмяняліся падарункамі». Мітрапаліт Іларыён выказаў надзею на тое, што сустрэча, якая адбылася, стане яшчэ адной важным падзеяй у ужо шматвяковай гісторыі двухбаковых адносін паміж дзвюма Цэрквамі.

Далей старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў адказаў на пытанні прадстаўнікоў СМІ.

— Уладыка, ці абмяркоўвалася паміж Патрыярхамі царкоўная сітуацыя на Украіне? І да якой высновы прыйшлі Кіраўнікі дзвюх Цэркваў?

— Не думаю, што я павінен і маю права раскрываць цяпер змест гутаркі двух Патрыярхаў, паколькі калі б яны хацелі, каб гэтая гутарка мела адкрыты фармат, яны зрабілі б заяву перад прэсай. Гэтага не адбылося, гутарка была закрытай, але гэта была братэрская гутарка.

Вядома, некаторыя сродкі масавай інфармацыі, асабліва на Украіне, вельмі ўзбударажаныя, яны пачынаюць публікаваць нейкую інфармацыю аб праведзенай сустрэчы. Але думаю, што мы будзем каменціраваць яе змест толькі ў тым выпадку, калі змест гутаркі двух Прадстаяцеляў пачнуць каменціраваць афіцыйныя асобы Канстанцінопальскай Патрыярхіі. Такіх асоб толькі дзве: гэта Патрыярх Варфаламей і мітрапаліт Эмануіл, які прысутнічаў пры сустрэчы; калі ж хто-небудзь яшчэ будзе каменціраваць, то, хутчэй за ўсё, гэта проста здагадкі. Хтосьці, напэўна, захоча зараз выдаць пажаданае за рэчаіснае, але я мяркую, што мы павінны вельмі адказна падыходзіць да такога роду сустрэч і максімальна засцерагчы нашы міжцаркоўныя адносіны ад якіх бы там ні было неабгрунтаваных спекуляцый.

— Мяркуючы па паведамленнях грэчаскіх СМІ, мітрапаліт Эмануіл ўсё ж і пракаменціраваў сустрэчу Кіраўнікоў Канстанцінопальскай і Рускай Праваслаўных Цэркваў. Ён сказаў, што Патрыярху Кірылу распавялі аб сітуацыі з аўтакефаліяй на Украіне. Ці сапраўды быў каментарый з боку Канстанцінопаля, ці адпавядае прыведзенае выказванне рэчаіснасці?

— Я хацеў бы звярнуць Вашу ўвагу на тое выказванне мітрапаліта Эмануіла, якое прагучала сёння ў грэчаскіх СМІ, у якім адзначаецца, што Канстанцінопальскі Патрыярхат не будзе спрабаваць лячыць існуючы раскол шляхам стварэння іншага расколу. Думаю, што гэта вельмі цвярозая пазіцыя.

Вядома, і ў Канстанцінопальскай Царквы, і ў Рускай Праваслаўнай Царквы ёсць свая пазіцыя па розных пытаннях. Гэтую пазіцыю мы ніколі не хавалі, яна апублікавана. Канстанцінопальскі Патрыярхат таксама публікаваў сваю пазіцыю. Гэта значыць нічога прынцыпова новага мы, напэўна, адзін аднаму сказаць не маглі. Але вельмі важна, што гэтая сустрэча дала магчымасць абмяняцца інфармацыяй, што называецца, зверыць гадзіннікі. Бо вельмі часта нейкі бок атрымлівае свае звесткі, другі бок валодае іншай інфармацыяй, і сустрэчы падобнага роду даюць магчымасць па адной і той жа тэме выказаць розныя пункты гледжання і прыйсці — адразу ці пасля — да нейкай адной роўніцы.

Сёння часта гучала пытанне, ці былі прыняты на гэтай сустрэчы нейкія рашэнні. Хацеў бы адзначыць: два Патрыярхі не могуць сустрэцца і проста прыняць нейкія рашэнні за свае цэрквы, таму што кожная Праваслаўная Царква кіруецца саборам. На чале Царквы стаіць Архіерэйскі Сабор, а ў міжсаборны перыяд Царквой кіруе Свяшчэнны Сінод. Кожны Патрыярх, прадстаўляючы сваю Царкву, кажа ад яе імя, але рашэнні прымаюцца не ў кулуарным фармаце, а на Сінодах адпаведных Цэркваў.

Гутарка, якая адбылася сёння, можа ў далейшым прывесці да тых ці іншых рашэнняў Сінодаў Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквы і Рускай Праваслаўнай Царквы, але пакуль аб гэтых рашэннях казаць рана. Самае галоўнае, адбыўся вельмі плённы абмен думкамі, і, яшчэ раз падкрэслю, ад пачатку да канца гутарка насіла вельмі шчыры і братэрскі характар. Мы з'ехалі з Канстанцінопаля з вельмі светлымі пачуццямі і добрым настроем.

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by