Мітрапаліт Заграбска-Люблянскі Парфірый абраны Патрыярхам Сербскім

19 лютага 2021

top.jpg

18 лютага 2021 года ў сталіцы Сербіі адбыўся Архіерэйскі Сабор Сербскай Праваслаўнай Царквы, на якім быў абраны новы Патрыярх Сербскі.

Выбарчы сход праходзіў у крыпце кафедральнага саборнага храма Святога Савы на Врачары.

Патрыярхам Сербскай Праваслаўнай Царквы стаў мітрапаліт Заграбскі і Люблянскі Парфірый, які быў абраны жэрабем з трох кандыдатаў.

У лік абраных саборам кандыдатаў на Патрыяршае служэнне ўвайшлі таксама епіскап Бачскі Ірыней і епіскап Баня-Лукскі Яфрэм.

Перад пачаткам Архіерэйскага Сабора ў храме Святога Савы была здзейснена Бажэственная літургія, якую ўзначаліў месцазахавальнік Патрыяршага прастола мітрапаліт Дабра-Баснійскі Хрызастом у саслужэнні іерархаў і духавенства Сербскай Праваслаўнай Царквы. Перад пачаткам пасяджэння сабора прайшла памінальная служба на магіле Патрыярха Сербскага Ірынея з малітоўным заклікам Духа Святога.

* * *

Мітрапаліт Заграбска-Люблянскі Парфірый, свецкае імя — Прваслаў Перыч, нарадзіўся 22 ліпеня 1961 года ў горадзе Бечай (Сербія). Скончыў пачатковую школу ў Чаругу, а гімназію — у Нові-Садзе ў 1980 годзе.

Вывучаў археалогію на Філасофскім факультэце Бялградскага ўніверсітэта, у 1987 годзе скончыў Багаслоўскі факультэт Сербскай Праваслаўнай Царквы ў Бялградзе.

Пастрыжаны ў манаства 11 красавіка 1986 года сваім духоўным айцом іераманахам Ірынеем (Булавічам), пасля епіскапам Бачскім. 23 чэрвеня таго ж года епіскап Рашска-Прызрэнскі Павел (у 1990-2009 гады — Патрыярх Сербскі) рукапалажыў манаха Парфірыя ў сан іерадыякана ў манастыры Святой Троіцы ў Мушуціштэ.

Навучаўся ў аспірантуры Багаслоўскага факультэта Афінскага ўніверсітэта ў 1987-1990 гадах. Там жа ў 2004 годзе абараніў доктарскую дысертацыю.

21 лістапада 1990 года рукапаложаны ў сан іераманаха ў манастыры Святых Архангелаў у Кавілі (Бачская епархія) і тады ж прызначаны ігуменам гэтага манастыра.

14 мая 1999 года рашэннем Архіерэйскага Сабора абраны епіскапам Эгарскім, вікарыем Бачскай епархіі. 13 чэрвеня 1999 года Патрыярх Сербскі Павел узначаліў яго архіерэйскую хіратонію.

26 мая 2014 года Архіерэйскім Саборам абраны мітрапалітам Заграбска-Люблянскім. Настолаванне, якое здзейсніў Патрыярх Сербскі Ірыней, адбылося 13 чэрвеня ў Кафедральным саборы Праабражэння Гасподняга ў Заграбе.

18 лютага 2021 года Архіерэйскім саборам Сербскай Праваслаўнай Царквы абраны Патрыярхам Сербскім.

Патрыярхія.ру / Church.by