Аб удзеле вернікаў у грамадска-палітычным жыцці. Тлумачэнне Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства

21 жніўня 2020

fvfy-150x150.png

Дарагія суайчыннікі!

Браты і сёстры!

Падзеі апошніх дзён выклікаюць трывогу і сур'ёзныя асцярогі за далейшае захаванне міру і ўзаемаразумення ў грамадскім жыцці нашай Айчыны. Беларуская Праваслаўная Царква не можа застацца ў баку ад таго, што адбываецца.

15 жніўня 2020 года архіпастырамі нашай Царквы быў накіраваны зварот да народа Рэспублікі Беларусь аб спыненні народнага супрацьстаяння, у якім Царква выказала сваю афіцыйную пазіцыю ў сувязі з падзеямі, што адбываюцца ў нашай краіне.

У той жа час на імя Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі працягваюць паступаць шматлікія звароты і здзіўленыя пытанні па сутнасці зместу пропаведзі Праасвяшчэннага архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, прамоўленай ім у Пакроўскім кафедральным саборы горада Гродна ў нядзельны дзень 16 жніўня 2020 года, а таксама эмацыйных публічных заяў шэрагу святароў Беларускай Праваслаўнай Царквы і міран, што пазіцыянуюць сябе ў якасці хрысціянскіх актывістаў.

Звяртаем Вашу ўвагу, што любыя заявы ў сувязі з цяперашняй няпростай сітуацыяй у Рэспубліцы Беларусь, зробленыя асобнымі прадстаўнікамі Беларускай Праваслаўнай Царквы, як святарамі, так і міранамі, з'яўляюцца формай выказвання іх асабістай грамадзянскай пазіцыі і адлюстроўваюць выключна асабісты погляд заяўнікоў на тое, што адбываецца. Усе гэтыя заявы не з'яўляюцца адлюстраваннем афіцыйнай пазіцыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, і яны не павінны ўспрымацца або інтэрпрэтавацца ў інтарэсах якога-небудзь боку.

Святарам мы зноў нагадваем пра абяцанне, дадзенае імі перад Богам, не браць удзелу ў палітычным жыцці грамадства, каб не быць спакусай і прадметам падзелу людзей.

Праваслаўная Царква лічыць неналежным сваёй місіі заклік да ўдзелу ці няўдзелу ў палітычных акцыях, але рашуча асуджае ўсе віды гвалту, распальвання нянавісці і нецярпімасці ў чый бы там ні было адрас, ці гэта ўрачы, міліцыя, педагогі, прадстаўнікі ўлады ці якія-небудзь іншыя сацыяльныя групы. Царква катэгарычна асуджае любыя формы гвалту і выказвае надзею на правядзенне расследавання кампетэнтнымі органамі ўсіх абуральных выпадкаў праявы жорсткасці. Выконваючы запаведзь Спасіцеля пра міратворчасць (Мф. 5: 9), Царква заклікае да хутчэйшага аднаўленню міру, адзінства і ўзаемаразумення.

Нагадваем Вам, што па благаславенню Патрыяршага Экзарха ва ўсіх праваслаўных храмах і манастырах Беларусі за Літургіяй узносяцца асаблівыя прашэнні і малітва «За Беларускі народ». Штодня клірыкі Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска здзяйсняюць малебны спеў і хрэсны ход з малітвай аб дараванні нашаму народу міру, згоды, спакою і росквіту. Мы заклікаем веруючых жыхароў нашай краіны і ўсіх, каму не абыякавая будучыня Беларусі і яе народа, далучыцца да нашай агульнай царкоўнай малітвы. Сёння гэты заклік з'яўляецца галоўным заклікам нашай Царквы. Што ж тычыцца ўдзелу ў грамадскім жыцці і пытанняў ўласнага волевыяўлення, мы просім кожнага чалавека праяўляць цвярозы розум і разважлівасць, каб нашы вера, надзея на Бога і царкоўная сімволіка не былі выкарыстаны кім-небудзь у якасці інструмента ў справе дасягнення палітычных або іншых зямных мэтаў, далёкіх ад высокіх духоўна-маральных ідэалаў, якія прапаведуе нам Спасіцель свету Іісус Хрыстос і Яго Святая Царква.

Захоўвайце веру ў міласэрнасць Божую, заставайцеся ў надзеі і возгревайте ў сваіх сэрцах любоў да Бога і блізкіх! Беражыце сябе і тых, хто вам дарагі, не паддавайцеся на правакацыі, зламысныя заклікі і абяцанкі, але ва ўсялякай справе дзейнічайце, кіруючыся евангельскім маральным законам і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. 

Church.by