Зварот Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з нагоды Дня цвярозасці
11 верасня 2021Зварот
Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі КІРЫЛА з нагоды Дня цвярозасці
(11 верасня 2021 г.)
Узлюбленыя ў Госпадзе Праасвяшчэнныя архіпастыры, пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!
Сёння Царква малітоўна ўспамінае скон Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана, усечанага мячом па загадзе цара Ірада.
Евангельскае апавяданне падрабязна апісвае абставіны гэтай падзеі, прапаноўваючы кожнаму з нас задумацца пра прычыны злачынства, здзейсненага падчас святочнага балю, калі ап'янелы цар загадаў пакараць смерцю нявінна зняволенага ў вязніцу вялікага праведніка (Мк. 6,14-28).
Звяртаючыся да вопыту святых айцоў, якія прысвяцілі сваё жыццё духоўнай барацьбе, мы бачым, як яны ўважліва ставіліся да аховы свайго розуму, як імкнуліся кіравацца настаўленнем апостала Пятра: «Бу́дзьце цвяро́зымі, пíльнымі, таму што працíўнік ваш дыя́вал ходзіць, як рыклíвы леў, шука́ючы, каго праглыну́ць» (1 Пят. 5, 8). Менавіта цнота цвярозасці, гэта значыць духоўнай нядрэмнасці, дазваляе чалавеку распазнаваць і спыняць грахоўныя думкі, глядзець на сябе і навакольны свет у святле запаведзяў Божых, не паддавацца спакусе і не знаходзіцца ў палоне грахоўных схільнасцей.
Накіруем свой разумовы позірк унутр сябе, задумаемся пра тое, наколькі мы здольныя ацэньваць кожны свой крок, пазбягаць неабдуманых дзеянняў і паспешлівых абяцанняў. Асабліва важна захоўваць гэтую здольнасць зараз, падчас пандэміі, калі нашы родныя і блізкія сутыкаюцца з фізічным недамаганнем, матэрыяльнымі цяжкасцямі, неразуменнем, нярэдка адчуваюць жаданне пазбавіцца ад страху, няўпэўненасці, адзіноты любым спосабам, у тым ліку і з дапамогай алкаголю.
Вялікая адказнасць ляжыць сёння на ўсіх нас, праваслаўных хрысціянах, якія ад купелі хрышчэння закліканы яўляць прыклад добрага і пабожнага жыцця, цвярозага і разважлівага стаўлення да таго, што адбываецца, дзейнай любові да людзей.
Малітвамі пачэснага слаўнага Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Гасподняга Іаана няхай дапаможа нам Усемагутны Гасподзь знаходзіць сапраўдную радасць у зносінах з Ім у малітве, у здзяйсненні добрых спраў, у служэнні блізкім, каб, паводле слова Свяшчэннага Пісання, мы сапраўды сталі жывымі храмамі Святога Духа (1 Кар. 6, 19).
+Кірыл,
ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ