Адышоў да Госпада архімандрыт Гаўрыіл (Гіба)
23 лістапада 2018Канцылярыя мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы паведамляе, што 22 лістапада 2018 года ўвечары памёр архімандрыт Гаўрыіл, заснавальнік і адзіны насельнік праваслаўнага скіта ў гонар святых прападобных Антонія і Феадосія Пячэрскіх.
Архімандрыт Гаўрыіл нарадзіўся ў 1964 годзе ў Саколцы. Скончыў Варшаўскую духоўную семінарыю і хрысціянскую багаслоўскую акадэмію ў Варшаве. Свой манаскі шлях пачаў у Благавешчанскім манастыры Супрасля, дзе 8 красавіка 1986 года быў пастрыжаны ў малую схіму з імем Гаўрыіл, у гонар архангела Гаўрыіла. 7 красавіка 1986 года тагачасным епіскапам Беластоцкім і Гданьскім Савам (цяпер — мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы) быў пасвечаны ў іерадыякана, а 30 лістапада 1986 года — у іераманаха. 21 мая 1998 года быў узведзены ў сан архімандрыта, а 1 мая 2000 года быў прызначаны намеснікам Супрасльскага манастыра і настаяцелем манастырскага храма. 17 лютага 2007 года абараніў доктарскую дысертацыю па тэме: «Заблудаў як рэлігійна-культурны цэнтр Праваслаўнай Царквы». 1 красавіка 2008 года сабор епіскапаў Польскай Праваслаўнай Царквы пастанавіў нарачы архімандрыта Гаўрыіла (Гібу) епіскапам Горліцкім, вікарыем Пшэмысльска-Новасончаўскай епархіі. Аднак Айцец Гаўрыіл не прыняў гэтай пастановы, палічыўшы сябе не годным епіскапскага сану. 16 студзеня 2009 года арганізаваў адзіны ў Польшчы праваслаўны скіт сярод лясоў і балот, непадалёк ад вёскі Адрынкі Нараўскага павета Падляшскага ваяводства. З таго часу і да самай смерці айца Гаўрыіла ў скіт сцякаліся шматлікія паломнікі з усёй Польшчы і з-за мяжы, каб атрымаць благаславенне, суцяшэнне і настаўленне.
Пахаванне айца Гаўрыіла адбудзецца ў нядзелю 25 лістапада на тэрыторыі скіта.
Вечная памяць новаспачыламу архімандрыту Гаўрыілу!