Патрыяршы Экзарх азнаёміўся з ходам рэстаўрацыйных работ у Спаса-Праабражэнскім храме Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра
01 лютага 2021З 31 студзеня па 1 лютага 2021 года адбыўся візіт мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі стаўрапігіяльны жаночы манастыр.
У рамках візіту прайшла сустрэча з сёстрамі манастыра, на якой абмяркоўваліся актуальныя пытанні манастырскага жыцця.
Патрыяршы Экзарх таксама азнаёміўся з ходам рэстаўрацыйных работ у Спаса-Праабражэнскім храме.
Спаса-Праабражэнскі храм – адзіны ў Беларусі помнік XII стагоддзя, дзе амаль цалкам, ад падэшвы сцен да купала, захаваўся фрэскавы роспіс. Многія стагоддзі ён хаваўся пад наслаеннямі позніх штукатурок, запісаў, афарбовак, бруду і сажы. Пра існаванне старажытнага фрэскавага роспісу стала вядома ў 1920-я гады, калі было зроблена некалькі пробных даследаванняў. Але першыя рэстаўрацыйныя работы пачаліся толькі ў 1991 годзе. Ля сцен царквы ў апошнія гады таксама вядуцца раскопкі. У 2015 годзе археолагі ўстанавілі, што храм у першапачатковым выглядзе быў значна большым. Завяршыць рэстаўрацыйныя работы, якія фінансуюцца з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, плануецца ў 2024 годзе.
Фота: Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі стаўрапігіяльны жаночы манастыр