Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзначаліў правядзенне Каляднага вечара Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра

22 студзеня 2020

top.jpg

22 студзеня 2020 года ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі горада Мінска адбыўся Калядны вечар Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла».

Урачысты сход узначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

На вечары прысутнічалі: прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў, адукацыі, іншых міністэрстваў і ведамстваў, традыцыйных канфесій, а таксама гарадскіх уладаў горада Мінска.

З прывітальным словам да арганізатараў і гасцей вечара звярнуўся мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Павіншаваўшы прысутных са светлымі святамі Ражджаства Хрыстовага і Богаяўлення, уладыка Экзарх пажадаў усім прысутным благадатнай дапамогі ад народжанага ў Віфлееме Хрыста Спасіцеля ў справах адукацыі, асветы, міласэрнасці і ва ўсякай стваральнай працы.

Ад імя Рыма-Каталіцкай Царквы прысутных вітаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Цэнтральнай падзеяй Каляднага вечара стала традыцыйнае уручэнне Калядных прэмій Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра «За асаблівы ўклад у справу хрысціянскай асветы і адукацыі, руплівае служэнне Царкве Хрыстовай у справе выхавання моладзі, уклад у развіццё тэалагічнай адукацыі».

Ад святароў прэміі быў удастоены іерэй Дзімітрый Ворса, настаяцель прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі ў горадзе Мінску, адказны сакратар Каардынацыйнага савета па супрацоўніцтве Беларускай Праваслаўнай Царквы з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Агульны стаж выкладчыцкай і адміністрацыйнай працы іерэя Дзімітрыя ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь складае больш за 20 гадоў. На працягу гэтага часу пры яго непасрэдным садзейнічанні была арганізавана і праведзена працэдура зацвярджэння першых факультатыўных праграм духоўна-маральнай накіраванасці, падрыхтаваных педагогамі Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час айцец Дзімітрый з'яўляецца каардынатарам сацыяльнага праекта «Тэатр без межаў» і каардынатарам дзейнасці інклюзіўнага хору «Радасць душы» сумесна з кіраўніцтвам ДУА «Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Кантакт» горада Мінска», а таксама арганізатарам Міжнароднага інклюзіўнага семінара «Дзень белага кія» і вечароў невідушчых паэтаў. На базе парафіі свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі у горадзе Мінску айцец Дзімітрый вядзе сістэматычную працу з дзецьмі з парушэннямі зроку.

Ад міран прэміяй была ўзнагароджана Наталля Васільеўна Вітчанка, першы намеснік старшыні праўлення грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз музычных дзеячаў», член экспертнай камісіі па пацвярджэнні статусу творчага работніка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, віцэ-прэзідэнт і член Прэзідыума Міжнароднага саюза музычных дзеячаў (Масква), намеснік старшыні таварыства «Беларусь — Іран» Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі.

Наталля Васільеўна на працягу 30 гадоў працуе ў складзе Беларускага саюза музычных дзеячаў, колькасць якога складае больш за 1000 чалавек. Пры яе непасрэдным удзеле былі арганізаваны Калядныя канцэрты «Ражджаство Хрыстова — на душы светла!»; Рэспубліканскі фестываль сучаснай хрысціянскай культуры «Дабравест»; канцэрты з цыкла «Спяваюць праваслаўныя хоры»; канцэрты «Музычнае прынашэнне» ў Белдзяржфілармоніі, а таксама іншыя шматлікія дабрачынныя канцэрты і спецыяльныя мерапрыемствы ў супрацоўніцтве з творчымі калектывамі Рэспублікі Беларусь і хорамі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Словы падзякі ўсім удзельнікам асветніцкіх і сацыяльных праектаў МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла» выказаў старшыня праўлення Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра іерэй Святаслаў Рагальскі.

Святочны вечар завяршыўся канцэртнай праграмай «Музычнае прынашэнне», арганізаванай сумесна з Беларускім саюзам музычных дзеячаў. У канцэрце прынялі ўдзел: Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага; лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў, архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска пад кіраўніцтвам Віталя Сабалеўскага; малодшы хор хлопчыкаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Вольгі Іжык.

* * *

Даведка:

Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» з'яўляецца грамадскай арганізацыяй, створанай па ініцыятыве Беларускай Праваслаўнай Царквы з мэтай сумеснай рэалізацыі царкоўна-дзяржаўных, эканамічных, сацыяльных, культурных і рэлігійных ініцыятыў як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і іншых краін.

Членамі Аб'яднання з'яўляюцца святары і міране, прадстаўнікі культурнай і навуковай грамадскасці, кіраўнікі і супрацоўнікі ўстаноў адукацыі і аховы здароўя, вытворчых прадпрыемстваў. Місія Аб'яднання складаецца ў яго ўдзеле ў справе хрысціянскай асветы, дабрачынным, сацыяльным і адукацыйным служэнні сучаснаму грамадству з дапамогай рэалізацыі і падтрымкі розных культурных, адукацыйных, сацыяльных і навуковых праграм.

У цяперашні час старшынёй МГА «ХАЦ» з'яўляецца іерэй Святаслаў Рагальскі, кандыдат багаслоўя, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі і Інстытута тэалогіі БДУ.

Church.by

Фотарэпартаж