Польская Праваслаўная Царква адмовілася прызнаваць рэабілітацыю Канстанцінопалем украінскіх раскольнікаў
16 лістапада 201815 лістапада 2018 года Сабор епіскапаў Польскай Праваслаўнай Царквы абмеркаваў сітуацыю, якая склалася ў сувязі з апошнімі падзеямі ў царкоўным жыцці ва Украіне.
Як паведамлялася раней, 11 кастрычніка Сінод Канстанцінопальскага Патрыярхату прыняў рашэнне аб «аднаўленні ў архіерэйскім або іерэйскім чыне» лідараў украінскага расколу і іх паслядоўнікаў і «вяртанні іх вернікаў у царкоўныя зносіны»; быў таксама пацверджаны намер «даць аўтакефалію Украінскай царкве». Акрамя таго, насуперак кананічным нормам, у адпаведнасці з якімі жыве Праваслаўная Царква, Канстанцінопальскі Патрыярхат заявіў аб адкрыцці сваёй «стаўрапігіі» ў Кіеве, на тэрыторыі іншай Царквы, і «адмене» дакумента больш чым 300-гадовай даўніны аб перадачы Кіеўскай мітраполіі ў склад Маскоўскага Патрыярхату. У сувязі з гэтым 15 кастрычніка Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы прызнаў немагчымым працяг эўхарыстычных зносін з Канстанцінопалем. А ў прынятай 13 лістапада пастанове Архіерэйскага Сабора Украінскай Праваслаўнай Царквы гаворыцца: «лічым недапушчальным незаконнае ўмяшанне Канстанцінопальскага Патрыярхату ва ўнутраныя справы іншай Памеснай Царквы і спробы вырашаць украінскае царкоўнае пытанне з удзелам дзяржаўнай улады і раскольнікаў, ігнаруючы голас кананічнай Украінскай Праваслаўнай Царквы».
Прымаючы пад увагу агульную занепакоенасць Памесных Цэркваў у сувязі з нестабільнасцю царкоўнай сітуацыі ва Украіне, якая разбуральна ўплывае на жыццё ўсяго Праваслаўя, Сабор епіскапаў Польскай Праваслаўнай Царквы зноў выступіў з заклікам склікаць сход Прадстаяцеляў Праваслаўных Цэркваў «каб яны разам у духу евангельскай любові, у змірэнні і аднадумстве, захоўваючы дагматычнае і кананічнае вучэнне, ва ўзаемнай павазе дасягнулі мірнага вырашэння пытання аб падзеленым Праваслаўі на ўкраінскай зямлі».
Сабор канстатаваў, што асобы, пазбаўленыя епіскапскага і святарскага сану, не могуць быць лідарамі ў справе ўрэгулявання царкоўнай сітуацыі на Украіне. «Іх дзеянні выклікаюць яшчэ большую блытаніну і разлад», – падкрэсліваецца ў апублікаваным камюніке.
Рашэннем Архіерэйскага Сабора святарам Польскай Праваслаўнай Царквы «забараняецца ўступаць у літургічныя і малітоўныя зносіны з «духавенствам» так званага Кіеўскага патрыярхату і так званай Аўтакефальнай праваслаўнай царквы, якія ў мінулым здзейснілі шмат зла».
Як вядома, 7 лістапада пазіцыю па сітуацыі ў сувязі з дзеяннямі Канстанцінопальскага Патрыярхату на Украіне таксама выказаў Архіерэйскі сабор Сербскай Праваслаўнай Царквы. У апублікаваным дакуменце падкрэсліваецца, што Сабор не прызнае лідараў раскольніцкіх груповак Філарэта Дзенісенкі і Макарыя Малеціча, а таксама іх паслядоўнікаў за праваслаўных епіскапаў і клірыкаў і, «такім чынам, не прымае літургічных і кананічных зносін з імі і іх прыхільнікамі».