Пасланне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з нагоды 30-годдзя ўтварэння Беларускага Экзархату
28 верасня 2019Ваша Высокапраасвяшчэнства, узлюблены ў Госпадзе мітрапаліт Павел, архіпастыры і пастыры, багалюбівыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!
Сардэчна віншую ўсіх вас са знамянальнай датай — 30-годдзем стварэння Беларускага Экзархату Маскоўскага Патрыярхату.
Гэта важнае рашэнне было прынята ў 1989 годзе Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы, прысвечаным святкаванню 400-годдзя ўстанаўлення патрыяршаства ў Расіі.
За мінулыя гады адбыліся значныя змены не толькі ў жыцці Экзархату, але і краіны. Ласкай Божай, сумеснымі намаганнямі кліру і паствы, пры добразычлівым стаўленні свецкай улады і падтрымцы дабрачынцаў на прасторах Белай Русі аднаўляюцца храмы і манастыры, будуюцца новыя прыходы, вядзецца асветніцкая праца і ажыццяўляецца сацыяльнае служэнне, паспяхова вырашаюцца пытанні багаслоўскай адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення.
Прыемна сведчыць, што актыўнае развіццё царкоўнага жыцця аказвае дабратворнае ўздзеянне на нашых сучаснікаў, спрыяе сцвярджэнню ў грамадстве традыцыйных маральных каштоўнасцяў, вечных ідэалаў міласэрнасці, міру, дабра і справядлівасці.
Аддаючы падзяку Усяшчодраму Богу за яго бацькоўскую апеку пра Царкву Беларусі ў мінулыя гады, мы з надзеяй глядзім у будучыню, бо ведаем, што Яго міласць бязмерная і чалавекалюбства недаследная бездань (Паследавання падзячнага малебнага спеву).
Нам належыць і надалей захоўваць вернасць Пачынальніку жыцця (дз. 3, 15) Хрысту Збаўцу, ахоўваць чысціню веры, стаяць на варце праваслаўных дагматаў і канонаў, даражыць знаходжаннем ва ўлонні Адзінай, Святой, Саборнай і Апостальскай Царквы.
Дзелячы з усімі вамі радасць гэтай урачыстасці, хацеў бы заклікаць вас кіравацца ў жыцці сваім настаўленнем святога апостала Паўла: Трывайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, мацуйцеся; усё ў вас няхай будзе з любоўю (1 Кар. 16: 13-14).
Пастыраначальнік і Здзяйсняльнік нашага спасення Хрыстос няхай благаславіць людзей сваіх мірам (Пс. 28, 11) і памножыць славу Святой Царквы, якая ёсць стоўп і ўмацаванне ісціны (1 Цім. 3, 15).
Малітоўна жадаю Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Высокапраасвяшчэннейшаму мітрапаліту Паўлу, Праасвяшчэнным уладыкам, кліру і пастве шчодрых міласцей ад Госпада ў далейшай сумеснай працы на ніве царкоўнай, у духоўным узрастанні і здабыцці хрысціянскай дабрадзейнасці, каб у браталюбстве і аднадумстве весці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набожнасцю і годнасцю (1 Цім. 2, 2).
+ КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ