Старшыня Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра прыняў удзел у двух міжнародных форумах у нямецкім горадзе Дортмунд

01 ліпеня 2019

top.jpg

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, старшыня МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» святар Святаслаў Рагальскі прыняў удзел у міжнароднай міжканфесійнай канферэнцыі «Царква і міграцыя» і 37-м Міжнародным Евангелічным форуме «Kirchentag-2019», якія адбыліся ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія (ФРГ) з 18 па 23 чэрвеня.

Канферэнцыя «Царква і міграцыя» адбылася 18-19 чэрвеня ў канферэнц-цэнтры «Вілігст». У ёй прыняло ўдзел больш за 40 чалавек з Паўднёвай Амерыкі, Афрыкі, Азіі, Усходняй і Заходняй Еўропы. Галоўнай тэмай форуму стала абмеркаванне дакумента пад загалоўкам «Я ... быў падарожны, і вы прынялí Мяне» (Мф. 25:35), падрыхтаванага Сінодам Евангелічнай царквы Вестфаліі ў лістападзе 2018 года. На канферэнцыі адбылося шырокае абмеркаванне дакумента ў кантэксце актуальнай праблемы бежанцаў і мігрантаў, магчымасцяў праявы міласэрнасці і спагады, а таксама захавання хрысціянскай самаідэнтычнасці ў Еўропе.

З 19 па 23 чэрвеня ў горадзе Дортмунд адбыўся 37-ы Евангелічны форум «Kirchentag-2019», у якім узялі ўдзел каля 100 000 чалавек з усёй Еўропы. У рамках гэтага маштабнага сходу ў розным фармаце Евангелічнай царквой Вестфаліі было арганізавана каля 2000 мерапрыемстваў, сярод якіх — канферэнцыі, семінары, майстар-класы і інтэрактыўныя выставы.

У цырымоніі адкрыцця фестывалю прыняў удзел Федэральны прэзідэнт Федэратыўнай Рэспублікі Германія спадар Франк-Вальтэр Штайнмаер. 22 чэрвеня ў працы форуму прыняла ўдзел Федэральны канцлер Федэратыўнай Рэспублікі Германія спадарыня Ангела Меркель. Завяршыўся «Kirchentag-2019» богаслужэбным сходам у Дортмундзе і ўрачыстым прыёмам ад імя Евангелічнай царквы Вестфаліі.

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр / Church.by