Старшыня СІНФА БПЦ: Беларускія Калядныя чытанні — гэта не толькі рэлігійнае мерапрыемства

22 лістапада 2017

top.jpg

21 лістапада 2017 года ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная Трэцім Беларускім Калядным чытанням.

Епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы і старшыня аргкамітэта Чытанняў, адзначыў, што ў гэтым годзе форум прысвечаны тэме «Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва». Чытанні арганізуе Беларуская Праваслаўная Царква пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Асноўнай пляцоўкай правядзення Чытанняў стаў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. 24 лістапада ў 11:00 у актавай зале БНТУ адбудзецца пленарнае пасяджэнне форуму.

Ужо трэці год важнай часткай праграмы Беларускіх Калядных чытанняў з'яўляецца ўзнагароджанне лаўрэатаў рэгіянальнага этапу міжнароднага конкурса дзіцячых малюнкаў «Прыгажосць Божага Свету». Пераможцаў творчага спаборніцтва будуць ушаноўваць 23 лістапада ў актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі ў 15:00.

У гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі прайшоў конкурс «За маральны подзвіг настаўніка»

Узнагароды педагогам-фіналістам будуць уручаны падчас пленарнага пасяджэння Калядных чытанняў.

Праграмай Чытанняў прадугледжаны цэлы шэраг канферэнцый, секцый і круглых сталоў, тэмы якіх разнастайныя: гэта асэнсаванне царкоўнай гісторыі Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя, сучаснае маладзёжнае служэнне Царквы, перспектывы дыялогу рэлігіі і навукі, праблемы права ненароджаных дзяцей на жыццё і многае іншае.

— Я не ведаю тэмы больш актуальнай, чым маральнасць, — падкрэсліў, звяртаючыся да журналістаў, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ прафесар Армэн Сардараў. Па словах навукоўца, БНТУ рэалізуе мноства сумесных праектаў з Царквой пры актыўным удзеле студэнтаў: «Моладзь не трэба прымушаць — яна сама цягнецца да гэтага». Армэн Сяргеевіч адзначыў, што пры ўніверсітэце плануецца пабудаваць капліцу.

Марыя Нецвятаева, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па царкоўнаму мастацтву, архітэктуры і рэстаўрацыі, паведаміла, што ў рамках Калядных чытанняў аддзел правядзе 23 лістапада ў 15:00 канферэнцыю на базе Беларускага дзяржаўнага інстытута культуры. Пры садзейнічанні аддзела 24 лістапада ў 15:00 у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага адбудзецца канцэрт «Чакаючы Каляды».

Прэс-канферэнцыю вёў старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін.

— Такая падзея, як Калядныя чытанні, з'яўляецца не толькі рэлігійным мерапрыемствам. Гэта форум з вельмі рознабаковай тэматыкай, якая ахоплівае мноства аспектаў жыцця грамадства. Хацелася б пажадаць, каб па выніках Чытанняў адносіны паміж людзьмі сталі лепш, культура — вышэй. І, вядома, каб з рэлігійнасьцю таксама ўсё было ў парадку, — рэзюміраваў ён.

Church.by

Фотарэпартаж