Прадстаўнік Беларускага Экзархату прыняў удзел у 23-м Міжнародным кангрэсе Дабрачыннай арганізацыі «Рэнавабіс»
19 верасня 201911-12 верасня 2019 года ў горадзе Мюнхене (ФРГ) адбыўся 23-ы Міжнародны кангрэс дабрачыннай арганізацыі «Рэнавабіс».
Міжнародная дабрачынная арганізацыя «Рэнавабіс» на працягу многіх гадоў супрацоўнічае з Беларускай Праваслаўнай Царквой. З дапамогай «Рэнавабіса» былі рэалізаваны многія праекты, сярод якіх — падтрымка багаслоўскай адукацыі ў нашай краіне, набыццё літаратуры для бібліятэк Інстытута тэалогіі БДУ і духоўных школ Беларускага Экзархату, арганізацыя сумесных канферэнцый і стажыровак для беларускіх студэнтаў-багасловаў.
Тэма праведзенага Кангрэса — «Царква ў мегаполісе: праблемы пастырскага акармлення на Усходзе і Захадзе» — засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў на асноўных формах і метадах пастырскай працы з гарадскім насельніцтвам у сучасных умовах глабалізацыі і інфарматызацыі. Асаблівая ўвага была ўдзелена працы з сацыяльна неабароненымі пластамі насельніцтва, якіх у сучасных гарадах нямала. Удзельнікі кангрэса мелі магчымасць наведаць цэнтр святога Баніфацыя, які ажыццяўляе сваю дзейнасць у бенедэктынскім манастыры Мюнхена. Штодня ў гэтым цэнтры акармляюцца людзі, пазбаўленыя прытулку, дзе яны маюць магчымасць атрымаць гарачае харчаванне, медыцынскую дапамогу і неабходную вопратку.
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, накіраваў кіраўніку Таварыства «Рэнавабіс» святару Крысціяну Хартлу і ўсім удзельнікам Кангрэса прывітальнае слова.
«Цалкам відавочна, што чалавеку, які жыве ў вялікім горадзе ў пачатку XXI стагоддзя, патрэбна асаблівая духоўнай падтрымка. Мегаполіс — гэта не толькі цэнтр выгод цывілізацыі і дасягненняў прагрэсу, але і крыніца шматразовых спакус, якія нясуць пагрозу для спасення чалавечай душы. У наш час вялікія гарады з'яўляюцца цэнтрамі прапаганды нястрымнага эгаістычнага спажывання і маральнай ўсёдазволенасці, якая насаджаецца з дапамогай масавай псеўдакультуры і найноўшых інфармацыйных тэхналогій. Каб у такіх умовах захоўваць вернасць Хрысту і выконваць Яго запаведзі, чалавек павінен валодаць выдатнай ўнутранай сілай.
Уяўляецца, што пастырская практыка ў мегаполісе павінна стварацца на падставе старажытнай святаайцоўскай думкі: «Ненавідзь грэх, але любі грэшніка». Мы закліканы захоўваць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць, выразна адрозніваць дабро і зло, кіруючыся Свяшчэнным Пісаннем і Паданнем, і не дапускаць апраўдання граху каб дагадзіць гэтаму свету. Але разам з тым наш абавязак — абвяшчаць Хрыста шляхам дзейснай любові да нашых бліжніх, дапамагаючы тым, што жывуць у нястачы, суцяшаючы засмучаных, прыміраючы варагуючых», — адзначаецца ў прывітанні ўладыкі Экзарха.
Усяго ў 23-м Міжнародным кангрэсе прыняло ўдзел каля 200 чалавек. Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у Кангрэсе ўдзельнічаў старшыня Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» свяшчэннік Святаслаў Рагальскі.