Прадстаўнікі Мінскай духоўнай акадэміі прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі ў Кіеве
01 лістапада 201823 кастрычніка 2018 года ў актавай зале Кіева-Пячэрскай лаўры па благаславенню Блажэннейшага мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя адбылося адкрыццё дзесятай Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Духоўная і свецкая адукацыя: гісторыя ўзаемаадносін, сучаснасць, перспектывы».
Удзел у міжнародным форуме прынялі прадстаўнікі духоўных навучальных устаноў Украінскай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі свецкіх вышэйшых навучальных устаноў з шэрагу краін, выкладчыкі і студэнты кіеўскіх духоўных школ.
Адкрываючы форум, рэктар Кіеўскай духоўнай акадэміі і семінарыі епіскап Белагародскі Сільвестр адзначыў, што ў гэтым годзе канферэнцыя прысвечана 100-годдзю з дня скону выдатнага патролага КДА Сяргея Лявонцьевіча Епіфановіча.
Кіраўнік спраў УПЦ мітрапаліт Барыспальскі і Браварскі Антоній зачытаў прывітальнае слова мітрапаліта Ануфрыя. У сваім слове Яго Блажэнства, у прыватнасці, адзначыў: «Ужо ў дзесяты раз Кіеўская духоўная акадэмія збірае прадстаўнікоў духоўных і свецкіх навучальных устаноў, вядомых навукоўцаў як з Украіны, так і замежжа. За гэтыя гады Кіеўская акадэмія назапасіла вялікі вопыт правядзення навуковых форумаў. Акадэмічная канферэнцыя ў Кіеве стала важнай падзеяй навуковага жыцця. Яна ўжо мае ўласныя традыцыі. За гэтыя гады былі апублікаваны сотні дакладаў, якія сталі прыкметным укладам у развіццё айчыннай навукі». У завяршэнне Блажэннейшы ўладыка пажадаў удзельнікам і гасцям канферэнцыі благаславёных поспехаў у вывучэнні гісторыі і сучаснасці нашай Царквы і заклікаў на усіх Божае благаславенне.
Далей прысутныя заслухалі даклад мітрапаліта Антонія «Уклад Кіеўскай духоўнай акадэміі ў развіццё патралогіі як вучэбнай і навуковай дысцыпліны». Рэктар Кіеўскіх духоўных школ епіскап Белагародскі Сільвестр зрабіў даклад «Кіеўскі патролаг, праведнік нашых дзён: да стагоддзя з дня скону С. Л. Епіфановіча». Прафесар КДА, прарэктар па навукова-багаслоўскай рабоце Уладзімір Віктаравіч Бурэга зачытаў даклад «Кантрольная дысертацыя Сяргея Епіфановіча: да гісторыі тэксту». Прадстаўнік Грамадскага савета па пытаннях супрацоўніцтва з Цэрквамі і рэлігійнымі арганізацыямі пры Міністэрстве адукацыі і навукі Украіны Юрый Яўгенавіч Рашэтнікаў зачытаў даклад, прысвечаны гісторыі супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і навукі Украіны з рэлігійнымі арганізацыямі Украіны ў пытаннях, якія тычацца прызнання дыпломаў і навуковых ступеняў і вучоных званняў духоўных навучальных устаноў Украіны. Заключным у пленарным пасяджэнні быў даклад «Кіеўская духоўная акадэмія ў эпоху Вялікіх рэформ і контррэформ (паводле лістлў навучальнікаў і навучэнцаў)» доктара гістарычных навук, доктара царкоўнай гісторыі, прафесара Праваслаўнага Свята-Ціханаўскага гуманітарнага ўніверсітэта (Масква) Наталлі Юр'еўны Сухавай.
Пасля пленарнага пасяджэння канферэнцыя працягнула сваю працу ў дзевяці секцыях, мадэратарамі якіх выступілі выкладчыкі кіеўскіх духоўных школ.
Ад Мінскай духоўнай акадэміі ў канферэнцыі прыняў удзел студэнт 1-га курса аспірантуры Андрус Гіндрэнас з дакладам: «Віленская духоўная семінарыя ў перыяд рэктарства епіскапа Анатоля (Марцэнкі) (верасень 1924 — снежань 1925 гг.)». Пасля выступлення дакладчык адказаў на пытанні слухачоў. Мадэратарамі другой секцыі, прысвечанай гісторыі Царквы, у рамках якой прагучаў даклад, былі прафесар КДА Уладзімір Бурэга і прафесар ПСЦГУ Наталля Сухава.