Прадстаяцель, духавенства і прыхаджане Польскай Праваслаўнай Царквы адзначылі 100-годдзе незалежнасці Польшчы
02 лістапада 201828 кастрычніка 2018 года, у Нядзелю, у Варшаўскім кафедральным саборы святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны духавенства і прыхаджане Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ўрачыста адзначалі 100-годдзе незалежнасці Польшчы. Бажэственную літургію ўзначаліў Блажэннейшы мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава. Яго Блажэнству саслужылі члены Сінода і духавенства Польскай Царквы.
Ва ўступным слове ўладыка Сава падкрэсліў значэнне сёлетніх урачыстасцяў і заклікаў да міру, ўзаемнай паваги і любові:
- Адзначаючы 100-годдзе незалежнасці, нам неабходна пазбавіцца ад няправільных стэрэатыпаў. Неабходна пісаць старонкі нашай гісторыі ў духу евангельскай любові і ўзаемнай павагі. Гэта тое, чаго чакаюць ад нас Бог і тыя, хто змагаўся за незалежнасць, хто сёння святкуе. Да гэтага заклікаюць нас сёлетні юбілей і наш патрыятызм.
Падчас Літургіі да вернікаў звярнуўся архіепіскап Вроцлаўскі і Шчэцінскі Георгій, праваслаўны Ардынарый Войска Польскага. Яго Высокапраасвяшчэнства падзяліўся сваімі развагамі наконт Евангельскай прытчы пра сейбіта. Ён падкрэсліў важнасць Божага Слова ў нашым жыцці, а таксама каштоўнасць патрыятызму, які з'яўляецца выражэннем любові і выкананнем запаведзі пра любоў да бліжняга:
- Праваслаўныя вернікі былі і застаюцца перакананымі патрыётамі сваёй краіны, за якую яны гатовыя аддаць сваё жыццё. Гэтак сама, як і ўсе, яны сутыкаліся з абсалютна розным стаўленнем да сябе, перажывалі боль страты сваіх святынь, пераследу і прыгнёту, але яны ніколі не здраджвалі сваёй Радзіме. Успрымалі рознадумнасць гэтак жа, як цяпер успамінаны Евангельскі Сейбіт. Яны асуджалі ўчынкі, але не пераставалі любіць усіх, нягледзячы ні на што. Хрысціянства - люстэрка зваротнай сістэмы каштоўнасцяў. Больш любові трэба аддаваць тым, хто крыўдзіць, пераследуе і прыгнячае. Неабходна любіць кожнага, нават таго, хто дастаўляе пакуты і турботы. Бо такое Праваслаўе…
Падчас богаслужэння былі таксама ўзнесены малітвы за Айчыну і за ўвесь народ. Пасля Літургіі былі адслужаны кароткая памінальная ліція і падзячны малебен за Рэспубліку Польшча. Падчас малебна былі ўзнесены малітвы аб дараванні адвагі Давіда і мудрасці Саламона кіраўнікам краіны.
Пасля гэтага ўсе ўдзельнікі ўрачыстасцяў перамясціліся да помніка святару-палкоўніку Сімяону Федароньку і яго сынам, якія загінулі ў барацьбе за Радзіму. Яны служылі ў Войску Польскім і ўдзельнічалі ў Варшаўскім паўстанні, загінулі пад Катынню. Каля помніка ўсе прысутныя малітоўна ўшанавалі памяць тых, хто аддаў сваё жыццё, служачы Святой Царкве і Айчыне. Была праспявана «Вечная памяць».
Свяшчэнніку Сімяону падчас святкавання стагоддзя незалежнасці Польшчы быў пасмяротна прысвоены ордэн Белага Арла - найвышэйшая ўзнагарода Польскай дзяржавы.
У канцы набажэнства быў зачытаны прывітальны адрас старшыні Савета Міністраў Матэуша Маравіцкага ўдзельнікам урачыстасцяў.
У той жа дзень у Варшаўскім Цэнтры праваслаўнай культуры была адкрыта фотавыстава «Мітрапаліт Дыянісій Валядзінскі - чалавек незалежнай Польшчы». Падчас цырымоніі адкрыцця мітрапаліт Сава адзначыў, што некаторыя важныя для гісторыі Польскай Царквы экспанаты дагэтуль знаходзяцца ў літургічным выкарыстанні - сярод іх, да прыкладу, панагія мітрапаліта Дыянісія, вырабленая спецыяльна да дня абвяшчэння аўтакефаліі Польскай Праваслаўнай Царквы 17 верасня 1925 года.
Да прысутных са словам прывітання таксама звярнуўся дырэктар музея Варшаўскай Праваслаўнай Мітраполіі свяшчэннік Лука Каледа.
Увечары таго ж дня ў Каралеўскім замку Варшавы адбыўся канцэрт духоўных спеваў і патрыятычных песень, арганізаваны Варшаўскай мітраполіяй.
Канцэрт пачаўся з выканання гімна Польшчы, пасля чаго выступіў Блажэннейшы мітрапаліт Сава. Прадстаяцель падкрэсліў важнасць цяперашняга свята, ролю ў жыцці Польшчы Праваслаўнай Царквы, ікон Божай Маці - Чэнстахоўскай і Вастрабрамскай, капліцы Святой Тройцы ў Люблінскім замку, а таксама ўспомніў пра тых людзей, якія ўнеслі значны ўклад у гісторыю краіны. Ён, у прыватнасці, сказаў:
- Апякунская роля царквы не рэалізуецца па-за часам і прасторай. Але гаворка ідзе пра прымяненне вечных ісцін і маральнасці ў канкрэтных умовах, у якіх цяпер жывуць людзі. Мы натхняемся на евангельскае сведчанне праз уклад у агульнае дабро народа. Такую свядомасць Праваслаўная Царква захоўвае праз усю гісторыю свайго знаходжання ў Польшчы, пачынаючы з місіі Кірыла і Мяфодзія. Сёння мы жывем у час цікавы, але ў той жа час напоўнены страхам, няўпэўненасцю, маральнай прыгнечанасцю — хоць і абвешчана поўная свабода. Мы жывем у часы зрынання аўтарытэтаў, духоўнага спусташэння, парушэння правоў чалавека, апраўдання злачынстваў, войнаў, тэрарызму. Усё гэта разбурае асноўныя каштоўнасці ў чалавеку, які часта аказваецца адзінокім. Яго існаванне губляе свой сэнс і значэнне. Таму асэнсаванне каштоўнасцяў, абвешчаных нашымі продкамі, важнае і павучальнае. Гэта мы і робім у год 100-годдзя здабыцця незалежнасці. Гэтаму служыць і сённяшні дзень, які мы перажываем. Праваслаўе з'яўляецца самай старажытнай хрысціянскай плынню на цяперашніх польскіх землях.
Прывітальны адрас удзельнікам урачыстасці таксама накіраваў Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Прывітанне зачытаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Адам Квяткоўскі.
- Сардэчна дзякую Вам за малітвы аб нашай Рэспубліцы, за выдатная спевы ў славу Бога і Айчыны, За вашыя радасныя і годныя праявы патрыятызму. Наша гісторыя вучыць, што палякі заўсёды былі здольныя на вялікія ахвяры для захавання гэтага дабра або для яго аднаўлення. Пацвярджэннем гэтых слоў служаць дасягненні многіх пакаленняў верных дзяцей Польскай Праваслаўнай Царквы, якія ўпартай барацьбой і працай унеслі свой уклад у адраджэнне і ўмацаванне суверэнітэту Рэспублікі Польшча — дзяржавы, якая з'яўляецца сумесным домам для свабодных людзей, розных па веравызнанню, мове і этнічным традыцыям, — падкрэсліў Анджэй Дуда.
У канцэрце бралі ўдзел: хор мітрапалічага кафедральнага сабора святой Марыі Магдаліны пад кіраўніцтвам протадыякана Сергія Баўтручука, хор праваслаўнага Ардыната Войска Польскага «Актоіх» пад кіраваннем протаіерэя Рыгора Цыбульскага, хор Варшаўскіх духоўных школ пад кіраваннем прафесара Уладзіміра Валасюка. Канцэрт правёў прафесар протаіерэй Дарафей Савіцкі.