Прадстаяцель Польскай Праваслаўнай Царквы: мы хочам чуць, што дзеянні Канстанцінопальскага Патрыярха аб'ядноўваюць Праваслаўе, а не раз'ядноўваюць яго

05 студзеня 2019

top.jpg

У пасланні ў адказ Свяцейшаму Патрыярху Канстанцінопальскаму Варфаламею Блажэннейшы Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава выклаў пазіцыю Польскай Праваслаўнай Царквы па царкоўнай сытуацыі на Украіне..

Падкрэсліўшы, што сітуацыя, якая склалася ў гэтай краіне, у царкоўнай сферы «больш за дваццаць гадоў патрабавала і патрабуе сёння сур'ёзнага стаўлення, каб яна служыла да прымірэння, а не да падзелу» , Яго Блажэнства са шкадаваннем канстатаваў, што ў цяперашні час грамадства Украіны падзелена.

Блажэннейшы Мітрапаліт Сава, у прыватнасці, згадаў аб разбуральнай дзейнасці, якую больш за два дзесяцігоддзі вядзе ў краіне былы мітрапаліт Філарэт (Дзенісенка). Як вядома, у 1992 годзе рашэннем Архіерэйскага Сабора Украінскай Праваслаўнай Царквы ў Харкаве мітрапаліт Філарэт (Дзенісенка) за невыкананне клятвенна дадзеных ім перад крыжам і Евангеллем на папярэднім Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы абяцанняў быў зняты з Кіеўскай кафедры і забаронены ў свяшчэннаслужэнні. Архіерэйскі Сабор Рускай Царквы пастановай ад 11 чэрвеня 1992 года пацвердзіў гэтае рашэнне і выверг Філарэта Дзенісенку з сану, пазбавіўшы ўсіх ступеняў свяшчэнства. Нягледзячы на неаднаразовыя заклікі да пакаяння, пасля пазбаўлення архіерэйскага сану Філарэт Дзенісенка працягваў раскольніцкую дзейнасць. Пастановай Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы ў 1997 годзе ён быў аддадзены анафеме.

Блажэннейшы Уладыка нагадаў, што рашэнні адносна гэтага раскольніцкага лідара былі прызнаны ўсімі Памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі, у тым ліку і Канстанцінопальскай.

«Яго дзейнасць у вышэйукаказаны час не спрыяла адзінству, а падзелу людзей веры, — адзначыў Кіраўнік Польскай Праваслаўнай Царквы ў пасланні Патрыярху Варфаламею. — Яна перайшла таксама і ў суседнія краіны, у тым ліку ў Польшчу».

Выкладаючы пазіцыю Польскай Праваслаўнай Царквы па сітуацыі на Украіне, Блажэннейшы Мітрапаліт Сава прывёў рашэнні Архіерэйскага Сабора гэтай Царквы ад 9 мая 2018 года. У дакуменце, у прыватнасці, падкрэсліваецца неабходнасць прынцыповага захавання кананічных норм царкоўнага жыцця. Сабор канстатаваў таксама: «Статус аўтакефаліі можа быць прадастаўлены, толькі калі ў адной краіне існуе адна Царква. Ва Украіне існуе некалькі раскольніцкіх царкоўных груп, якія павінны спачатку здзейсніць пакаянне і вярнуцца ў кананічнае ўлонне Царквы. Толькі тады можа пачацца дыскусія аб прадастаўленні аўтакефаліі». Акрамя таго, у згаданых рашэннях Архіерэйскага Сабора Польскай Праваслаўнай Царквы адзначаецца што, «паводле пераканання Памесных Праваслаўных Цэркваў, аўтакефалія прадастаўляецца па прадстаўленню Маці-Царквы пасля кансультацыі з усімі Прадстаяцелямі Памесных Праваслаўных Цэркваў». Польскія архіпастыры на Саборы ў маі мінулага года падкрэслілі, што «паспешныя і заўчасныя пастановы аб аўтакефаліі Царквы ва Украіне могуць прывесці да далейшых падзелаў». Было таксама ўказана, што ў пытаннях дагматычнага і кананічнага характару «не варта кіравацца палітычнымі меркаваннямі».

Акрамя таго, Яго Блажэнства нагадаў пра тое, што 21 верасня падчас візіту Блажэннейшага Патрыярха Александрыйскага і ўсёй Афрыкі Фёдара II на польскую зямлю Прадстаяцелі Александрыйскай і Польскай Праваслаўных Цэркваў звярнуліся з сумесным заклікам зрабіць усё магчымае «для прадухілення пагрозы канфлікту і ўмацавання царкоўнага парадку на ўкраінскай зямлі».

26 верасня Блажэннейшы Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава накіраваў Прадстаяцелю Канстанцінопальскай Праваслаўнай Царквы ліст, у якім прасіў «у духу братэрскай любові... сабраць Прадстаяцеляў Памесных Цэркваў для абмеркавання існуючай сітуацыі з Праваслаўнай Царквой ва Украіне, якая становіцца з кожным днём больш небяспечнай для адзінства Праваслаўя ва ўсёй яго паўнаце». «Толькі саборнае рашэнне можа дапамагчы вырашыць праблему ўкраінскай Царквы», — адзначалася ў Пасланні.

Архіерэйскі сабор Польскай Праваслаўнай Царквы звярнуўся да ўкраінскай праблемы і на пасяджэнні 16 кастрычніка, паўтарыўшы свой заклік прыняць рашэнне аб сумесным сходзе Прадстаяцеляў усіх Праваслаўных Цэркваў, «каб разам, у духу евангельскай любові, змірэння і ўзаемаразумення, захоўваючы дагматычнае і кананічнае вучэнне, а таксама ўзаемную павагу, прыйсці да мірнага вырашэння пытання падзеленага Праваслаўя на ўкраінскай зямлі». Пры гэтым было адзначана, што асобы, пазбаўленыя епіскапскага і прасвітарскай сана, не могуць быць лідарамі ва ўсталяванні міру ў Праваслаўнай Царкве Украіны, паколькі іх дзеянні становяцца прычынай яшчэ большага бязладдзя і спакусы. «Толькі захаванне дагматычных і кананічных нормаў Царквы, а таксама захаванне шматвяковых традыцый абароніць Праваслаўе ад складаных царкоўных наступстваў у міжнародным маштабе", — падкрэслілі ўдзельнікі Архіерэйскага Сабора. Сабор забараніў кліру Польскай Праваслаўнай Царквы ўваходзіць у літургічныя і малітоўныя зносіны з "клірам" так званых Кіеўскага патрыярхату і Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы «якія ў папярэдніх дзеяннях прычынілі шмат зла».

«Так званы «Аб'яднальны Сабор», які адбыўся 15 снежня 2018 года ў Кіеве, не ліквідаваў праблему, але, наадварот, пагоршыў яе, прыўнёсшы ў жыццё грамадства многія балючыя з'явы не толькі царкоўныя, але і сацыяльна-палітычныя. Гэта тычыцца і Польшчы», — канстатаваў у сваім пасланні Мітрапаліт Сава.

Яго Блажэснтва ўкаказаў на тое, што ўдзел у «аб'яднальным саборы» прынялі прадстаўнікі раскольніцкіх царкоўных груп, пазбаўленыя свяшчэнніцкага і епіскапскага сану. «Галоўны «герой», Філарэт Дзенісенка, быў пазбаўлены сану і зведзены да свецкага становішча. Затым ён «рукапалагаў» сваіх новых паслядоўнікаў, — нагадаў Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава ў лісце Патрыярху Канстанцінопальскаму Варфаламею. — Гэта людзі без благадаці таінства. Мы — Ваша Усясвяцейшасць і ўсе Прадстаяцелі Памесных Праваслаўных Цэркваў — прызналі гэта». Яго Блажэнства таксама адзначыў, што «ў адпаведнасці са старажытнай царкоўнай традыцыяй забарону здымае той, хто яе ўжыў».

«Ва ўсякім выпадку, у Філарэта і яго паслядоўнікаў мы не бачылі раскаяння, пакаяння, пакоры, якія звычайна папярэднічаюць зняццю забаронаў!!! — падкрэсліў Кіраўнік Польскай Праваслаўнай Царквы. — Гэтага не было. І тут праблема. Таму іх нельга прызнаць сапраўднымі душпастырамі, якія могуць здзяйсняць святыя таінствы. Для так званага «мітрапаліта Епіфанія», у рэчаіснасці свецкага чалавека, зроблена шкода».

Блажэннейшы Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава выказаў упэўненасць, што прынятыя Канстанцінопальскім Патрыярхатам дзеянні адносна царкоўнай сітуацыі на Украіне патрабуюць усеправаслаўнага абмеркавання, і ў чарговы раз звярнуўся да Свяцейшага Патрыярха Варфаламея з просьбай змяніць сваю пазіцыю адносна прапаноў аб скліканні сходу Прадстаяцеляў Памесных Праваслаўных Цэркваў.

«Схіляючыся перад значэннем Канстанцінопальскага Прастола і выказваючы сваю любоў да Вашай Усесвяцейшасці, мы хочам чуць, што Вашы дзеянні аб'ядноўваюць Праваслаўе, а не падзяляюць яго. Бо такому стану спраў радуецца сатана і нашы "сябры"», — падкрэсліў Прадстаяцель Польскай Праваслаўнай Царквы.

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by