Прадстаяцель Рускай Царквы: Сапраўдная прыгажосць — гэта ў першую чаргу прыгажосць душы

25 студзеня 2018

top.jpg24 студзеня 2018 года адбылося ўрачыстае адкрыццё XXVI Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў «Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва». Пленарнае пасяджэнне форуму ўзначаліў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, які выступіў з дакладам.

Вашы Высокапраасвяшчэнствы і Прыасвяшчэнствы! Вашы Правасхадзіцельствы! Пачэсныя айцы! Браты і сёстры, удзельнікі Міжнародных Калядных адукацыйных чытанняў!

Я ўсіх вас шчыра вітаю і віншую з пачаткам працы гэтага выдатнага царкоўна-адукацыйнага форуму.

Тэма Чытанняў 2018 года «Маральныя каштоўнасці і будучыня чалавецтва» дае магчымасць звярнуцца да сапраўды вельмі важных для быцця ўсяго чалавечага роду пытанняў: пытанняў маральнасці і яе ролі ў жыцці грамадства і кожнага асобнага чалавека. Мы закліканы з хрысціянскіх пазіцый паразважаць аб тых выкліках, з якімі даводзіцца сутыкацца сучаснай цывілізацыі, і падумаць над тым, які адказ можа прапанаваць грамадству Царква і як мы можам актуалізаваць Евангельскае пасланне ў дачыненні да рэалій і праблем нашага дня.

Але спачатку хацеў бы сказаць колькі слоў пра само паняцце «маральнасці» і пра тыя падмены, якія сустракаюцца ў сучасным грамадстве пры апісанні гэтага паняцця.

Навейшы філасофскі слоўнік вызначае «мараль (маральнасць) як сукупнасць прынятых у тым ці іншым сацыяльным арганізме нормаў паводзін, зносін і ўзаемаадносін». У цэлым азначэнне прыводзіцца досыць вялікае, але зводзіцца да таго, што «маральная рэгуляцыя ажыццяўляецца праз арыентацыі людзей на гуманныя, добрыя, сумленныя, высакародныя, справядлівыя адносіны, г. зн. праз тое, што прынята называць маральнымі каштоўнасцямі».

Заўважу, што на першае месца ў гэтым азначэнні пастаўлена менавіта слова «гуманныя», г. зн. звернутыя на чалавека. І тут адбываецца нейкая падмена паняццяў: дадзеная Богам чалавеку свабода рабіць маральны выбар паміж дабром і злом успрымаецца ўжо не як сродак свабоднага здабыцця любові да Таго, Хто дараваў гэтую свабоду, а сама свабода са сродку становіцца мэтай і ўзводзіцца ў абсалют, становіцца самастойнай каштоўнасцю вышэйшага парадку, дзеля якой можна прыносіць у ахвяру іншыя каштоўнасці, у тым ліку каштоўнасці духоўнай культуры, маральныя нормы, якія стагоддзямі фармаваліся нацыянальныя і культурныя традыцыі.

Калі раней казалі, што свабода аднаго чалавека заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода іншага, то ў цяперашні час свабода тых, хто хоча жыць і выхоўваць дзяцей у адпаведнасці са сваімі традыцыйнымі рэлігійнымі нормамі нярэдка парушаецца прыхільнікамі так званых ліберальных каштоўнасцяў, якія сцвярджаюць, што абсалютнай каштоўнасцю з'яўляецца свабода, а ўсё астатняе — другаснае. Усё часцей гучаць заклікі да перагляду маральных каштоўнасцяў, у тым ліку тых, што маюць евангельскую аснову, і нават да поўнай адмовы ад іх.

Нягледзячы на тое, што многія людзі не падзяляюць і не лічаць правільнымі падобныя заклікі, заканадаўства цэлага шэрагу дзяржаў паслядоўна ідзе па шляху зацвярджэння так званых свабод, якія ўступаюць у супярэчнасць з асноватворнымі маральнымі пастулатамі. Усё гэта адбываецца імкліва, на нашых вачах. Мы бачым, як у некаторых краінах лекар ужо не мае права адмовіцца ад правядзення аборту; як службовая асоба можа страціць сваё месца за адмову зарэгістраваць аднаполы «шлюб». Мы бачым, як традыцыйныя хрысціянскія сем'і вымушаныя ў афіцыйных дакументах адмовіцца ад слоў «бацька» і «маці» на карысць лагодных слыху аднаполых партнёраў «бацька № 1» і «бацька № 2», а любы чалавек можа пазбавіцца працы толькі за тое, што адкрыта выкажа сваё асуджэнне садомскага граху ці нават публічна прачытае адпаведны тэкст з Бібліі, як гэта было з адным з пастараў у адной з еўрапейскіх краін. На жаль, і ў нашай краіне мільёны вернікаў — праваслаўных, прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій, мусульман, іудзеяў — вымушаныя мірыцца з тым, што заробленыя імі грошы ў выглядзе падаткаў накіроўваюцца на фінансаванне абортаў. Ствараецца небяспечная калізія паміж маральнымі прынцыпамі, якіх чалавек прытрымліваецца, і практыкай, якую ён павінен як грамадзянін выконваць. Менавіта таму ў такіх складаных пытаннях, рашэнне якіх залежыць не толькі ад норм дзяржаўнага закона, але і ад патрабаванняў сумлення, важна дасягнуць узаемапрымальнага для ўсіх становішча, якое давала б людзям магчымасць дзейнічаць паводле сумлення.

Мы выдатна разумеем, што маральныя каштоўнасці і маральны стан грамадства ў той ці іншы перыяд часу — гэта не адно і тое ж. Успомнім, напрыклад, што ў Смутны час маральны стан грамадства быў настолькі жаласным, што спатрэбіўся падвойны ўсенародны подзвіг, каб Гасподзь прыхіліў Сваю літасць да нашага народу і краіна здабыла свабоду і незалежнасць. І ўсё ж нават у той час маральныя ідэалы праваслаўнага народа былі евангельскімі ідэаламі і таму былі непарушнымі, хоць і не заўсёды выконваліся. Тады, чатыры стагоддзі таму, сумленне народнае змаглі абудзіць Свяцейшы Патрыярх Гермаген, які сваімі прамовамі і пасланнямі заклікаў суайчыннікаў цвёрда стаяць у праваслаўнай веры і захоўваць духоўныя традыцыі, а таксама князь Пажарскі і Кузьма Мінін, якім удалося сабраць апалчэнне з патрыятычна настроеных людзей.

Сёння для захавання і зацвярджэння нязменных духоўна-маральных арыенціраў у жыцці людзей патрэбныя салідарныя намаганні і дзяржавы, і прадстаўнікоў рэлігійных традыцый, і грамадскіх арганізацый. Вельмі важная роля культуры ва ўмацаванні маральных каштоўнасцяў у народным жыцці. Руская Праваслаўная Царква актыўна ўзаемадзейнічае ў гэтым кірунку з іншымі Праваслаўнымі Цэрквамі і з хрысціянамі іншых канфесій.

Дэкларацыя, падпісаная мною сумесна з кіраўніком Рымска-Каталіцкай Царквы ў выніку сустрэчы ў лютым 2016 года ў Гаване, прадэманстравала нашу рашучасць дзейнічаць разам па найбольш актуальных праблемах сучаснасці: пытаннях сям'і і шлюбу, адносін да абортаў і эўтаназіі, прымяненню біямедыцынскіх рэпрадуктыўных тэхналогій, разумення правоў і свабод чалавека.

Усё большую значнасць мае праца Міжрэлігійнага савета Расіі, дзе мы рэгулярна сустракаемся і абмяркоўваем хвалюючыя нас пытанні. Міжрэлігійнае супрацоўніцтва напоўненае духам добрасуседства, узаемнай павагі і міру, які на працягу стагоддзяў пануе паміж традыцыйнымі рэлігіямі нашай краіны. Сучаснае секулярнае грамадства кідае ўсё новыя і новыя выклікі вернікам, незалежна ад іх рэлігійнай прыналежнасці. У асобе рэлігійных лідараў Расіі мы бачым надзейных саюзнікаў у барацьбе з гэтымі выклікамі, а таксама з амаральнасцю і псеўдарэлігійным экстрэмізмам.

Пры ўсёй рознасці культур і традыцый мы ўсе маем агульнае маральнае пачуццё, закладзенае ў нас Богам, у кожнага з нас ёсць голас сумлення, які мы, хрысціяне, называем голасам Божым. Веравучэнні розных рэлігій могуць прыкметна адрознівацца, але як толькі мы пераходзім на ўзровень аксіяматыкі, на ўзровень маральных каштоўнасцяў, большасць рэлігійных традыцый дэманструе супадзенне поглядаў. Перакананы, што маральны кансэнсус ёсць адзіна магчымая ўніверсальная аснова для мірнага суіснавання розных культур і народаў у сучасным свеце, калі хочаце, умова выжывання плюралістычнай чалавечай цывілізацыі, у якой, акрамя гэтага кансэнсусу, укаранёнага не ў сферы ідэй, не ў сферы ідэалогіі, а ў самой Богам створанай прыроддзе чалавека, немагчыма адшукаць іншай асновы для фарміравання сістэмы каштоўнасцяў, якая б магла задавальняць усіх. Іншымі словамі, любая інтэлектуальная, культурная крыніца, ці гэта навука, ці нават традыцыя, ці гэта іншыя важныя праявы грамадскай свядомасці, не можа задаволіць род чалавечы, таму што ў адным месцы гэта будзе прымацца на «ўра», у іншым — сутыкацца з абыякавасцю, а ў трэцім — адкідвацца. Таму асновай для маральнага кансэнсусу можа быць толькі тое, што з'яўляецца арганічнай асновай чалавечага адзінства, а гэтай арганічнай асновай з'яўляецца сама прырода чалавека, сам чалавек. Богу было ўгодна ўкласці ў чалавека маральнае пачуццё, і дзе б вы ні былі — у Маскве, Нью-Ёрку або Папуа — Новай Гвінеі — маральнае пачуццё чалавека працуе аднолькава, хоць людзі, якія адстойваюць натуральнае паходжанне маральнасці і прывязваюць маральнасць да ўплыву навакольнага асяроддзя, запэўніваючы, што ёсць нейкія адрозненні. Але ўсе тыя адрозненні, якія прыводзяцца ў якасці доказаў адсутнасці агульнага маральнага пачуцця, тычацца другарадных пытанняў, звязаных з абрадамі, з асаблівасцямі культуры і г. д. Уласна ж маральныя пачуцці, так выдатна выяўленыя ў Дзесяці запаведзях, уласцівыя ўсяму чалавечаму роду. Таму толькі ад гэтага пачуцця, ад гэтай агульнасці, якая злучае ўсіх людзей на абліччы Зямлі, і можна выбудоўваць агульначалавечы кансэнсус, а на яго аснове будаваць іншыя збудаванні, здольныя цэментаваць адносіны людзей, якія жывуць у розных краінах, якія маюць розныя культуры і нярэдка розную мэтанакіраванасць.

Разам з тым відавочна, што для Царквы паняцце «маральны» заўсёды спалучана не проста з агульначалавечым разуменнем дабра, сумлення, справядлівасці і г. д., але з іх вышэйшымі праявамі, якія адкрываюцца нам у Святым Евангеллі. Гаворачы аб маральных каштоўнасцях, праваслаўныя вернікі заўсёды маюць на ўвазе імкненне да маральных ідэалаў, маральнай дасканаласці запаведзяў блажэнства: любоў да бліжніх аж да любові да ворагаў, гатоўнасць да самаадрачэння і самаахвяравання, змірэнне, рахманасць і цярпенне, міласэрнасць і міратворчасць, дасягненне чысціні сэрца. Але ўсе гэтыя высокія хрысціянскія запаведзі арганічна звязаны з тым самым маральным кансэнсусам, аб якім я толькі што сказаў. У хрысціянстве маральная тэма дасягае свайго апагею і дае людзям магчымасць бачыць, што ёсць сапраўдны маральны ідэал чалавечага жыцця.

Вядома, мы недасканалыя, але мы павінны імкнуцца да дасканаласці і вучыцца любові ў нашага Спасіцеля, у святых. Прыклад подзвігу, які даюць нам жыцці навамучанікаў і вызнаўцаў Рускіх, для нас вельмі важны. Сярод іх асаблівае месца займаюць Царскія страстацерпцы, 100-годдзе мучаніцкай смерці якіх мы ўспамінаем у гэтым годзе. Нібы ўзнагароджаныя за любоў, якая панавала ў гэтай сям'і, яны засталіся неразлучныя і ў смерці. Хрысціянскія маральныя ідэалы былі для іх вышэй царскай кароны. Не прыналежнасць да царскага або дваранскага роду лічылі яны прыкметай высакароднасці, але чысціню намераў і чысціню душы.

На розум прыходзяць пранікнёныя і вельмі кранальныя радкі з ліста вялікай княжны Вольгі Мікалаеўны: «Бацька просіць перадаць усім тым, хто яму застаўся адданы, і тым, на каго яны могуць мець уплыў, каб не помсцілі за яго, паколькі ён усім дараваў і за ўсіх моліцца, і каб не помсцілі за сябе, і каб памяталі, што тое зло, якое зараз у свеце, будзе яшчэ мацней, але што не зло пераможа зло, а толькі любоў...»1.

Часам пытаюцца, за што кананізавалі Царскую сям'ю. Менавіта за гэта! Дастаткова паставіць сябе на месца людзей, прысуджаных да смерці, якія знаходзіліся на вяршыні ўлады, а потым былі не толькі пазбаўлены ўсялякіх правоў, але і зрабіліся прадметам здзекаў. Але і ў гэтым стане крайняга прыніжэння яны прабачалі ворагам і маліліся за іх, а значыць, явілі сапраўдную маральнасць, якая была максімальна выказана ў подзвігу страстацерпства.

Подзвіг навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай, якія засведчылі вернасць Спасіцелю сваёй крывёю, сваімі пакутамі, стаў духоўнай асновай адраджэння царкоўнага жыцця ў нашых краінах у канцы XX стагоддзя. Юбілейны Архіерэйскі Сабор 2000 года праславіў ў ліку святых больш за 1200 навамучанікаў і вызнаўцаў. Цяпер колькасць праслаўленых навамучанікаў і вызнаўцаў наблізілася ўжо да дзвюх тысяч. На рэгулярнай аснове ў рамках работы Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых, епархіяльных камісій і іншых царкоўных структур вядзецца даследаванне жыцця і подзвігу мучанікаў за веру. Будуюцца храмы, прысвечаныя святым ХХ стагоддзя. У мінулым годзе здзейснена асвячэнне храма Уваскрэсення Хрыстова ў памяць пра навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай на Крыві, што на Лубянцы. Важна, аднак, не толькі ўносіць імёны падзвіжнікаў у царкоўны месяцаслоў і узводзіць храмы ў іх гонар, але і навучыцца так шанаваць іх памяць, каб іх подзвіг стаяння ў веры, вернасці Хрысту стаў узорам жыцця для нашага народа, каб вывучэнне жыццій навамучанікаў і вызнаўцаў было важным складнікам маральнага выхавання падрастаючага пакалення.

Калі мы гаворым аб маральных каштоўнасцях і будучыні чалавецтва, то повязь гэтых паняццяў звяртае нашу ўвагу ў першую чаргу на моладзь, на выхаванне і сістэму адукацыі. Бо будучыня фарміруецца сёння, перш за ўсё ў галовах і сэрцах маладога пакалення. З гэтага года пачынаецца абвешчанае Указам Прэзідэнта Расіі Дзесяцігоддзе дзяцінства. У сувязі з гэтым да месца яшчэ раз нагадаць аб важнасці абароны і падтрымкі сямейных каштоўнасцяў. Між тым, у гэтай сферы па-ранейшаму існуе нямала праблем. Многія з іх цалкам вырашальныя пры наяўнасці жадання і палітычнай волі.

Сёння час ад часу ўзнікаюць ініцыятывы, якія проціпастаўляюць абарону правоў дзяцей інтарэсам сям'і. Замест норм, заснаваных на традыцыйных для народаў нашых краін сямейных і маральных каштоўнасцях, прапануюцца рашэнні, якія капіруюць замежныя падыходы да сямейнай палітыкі. Заканадаўства, эканамічнае асяроддзе, сістэма падаткаабкладання, развіццё сістэм адукацыі і аховы здароўя — усё гэта заклікана падтрымліваць сем'і, асабліва маладыя, спрыяць выхаванню дзяцей у духу любві, міру і павагі да традыцыі.

Нельга, вядома, не сказаць і аб праблеме абортаў. Сумеснымі намаганнямі Царквы, дзяржавы і грамадскіх інстытутаў многае ўдалося зрабіць, каб паменшыць маштабы гэтага сапраўды агульнанацыянальнага бедства і прадумаць механізмы для вырашэння праблемы. Асабліва хацелася б адзначыць пазітыўны вопыт стварэння сеткі цэнтраў крызіснай цяжарнасці, якія ратуюць ўжо нямала дзіцячых жыццяў. Гэтыя цэнтры пачалі стварацца ў Царкве, а цяпер мы ведаем, што яны актыўна ўладкоўваюцца і дзяржавай. Пазіцыя Царквы па пытанню абортаў застаецца нязменнай: жыццё чалавека — гэта дар Божы, і таму яно павінна быць абаронена з моманту яго пачатку, гэта значыць з зачацця і да натуральнай біялагічнай смерці.

Асобна хацеў бы сказаць аб магчымасці выкладання праваслаўнай культуры ў школах, аб павышэнні якасці адукацыі ў праваслаўных агульнаадукацыйных установах, аб развіцці сеткі праваслаўных дашкольных адукацыйных устаноў.

Праваслаўная культура павінна быць адэкватна прадстаўленая ў сетцы навучальных гадзін на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі. Мы шмат разоў казалі пра гэта, сустракаючы разуменне і падтрымку ў самых шырокіх пластах нашага грамадства. Задача выхавання новых пакаленняў, якія ведаюць і падзяляюць традыцыйныя духоўна-маральныя каштоўнасці, ужо прынятая ў Стратэгіі развіцця выхавання, зацверджанай Распараджэннем Урада ў 2015 годзе.

Асаблівай увагі патрабуе і развіццё сістэмы бесперапыннай праваслаўнай адукацыі. Сёння частка праваслаўных адукацыйных арганізацый адчувае сур'ёзныя цяжкасці, якія ў канчатковым рахунку зводзяцца да матэрыяльна-тэхнічным забеспячэння, а таксама ў не меншай, а часам і ў большай ступені — да адсутнасці належнай увагі да іх праблем з боку адказных епархіяльных структур. Трэба пастаянна сачыць за сітуацыяй і рэагаваць на заклікі аб дапамозе адпаведным чынам.

Таму я хацеў бы звярнуцца да нашых уладык і сказаць, што клопат аб праваслаўнай адукацыі — гэта не 25-ы, а прыярытэтны пункт у вашым парадку дня. Немагчыма казаць аб шчаснай будучыні нашага народа і нашай краіны, калі мы, маючы магчымасць развіваць царкоўную сістэму адукацыі, не падтрымліваем яе на тым узроўні, які неабходны ў наш час. Праваслаўныя школы ні ў якім выпадку не павінны ператварацца ў школы для няўдачнікаў, для тых, хто не можа вучыцца ў іншым месцы, з паніжаным узроўнем матэрыяльнага і тэхнічнага забеспячэння. Я настойваю на тым, каб праваслаўныя школы сталі ўзорнымі ва ўсіх адносінах. Калі мы бярэмся за ажыццяўленне гэтых праграм, то павінны гэта рабіць так, каб даваць прыклад іншым.

Пытанні аб неабходнасці не толькі навучання, але і маральнага выхавання ў школе паўсталі, вядома, не сёння. Яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя мітрапаліт Маскоўскі і Каломенскі Інакенцій пісаў аб тым, што асвета без маральнасці служыць больш на шкоду, чым на карысць2

Сама айчынная гісторыя паказала вернасць і справядлівасць гэтых слоў свяціцеля.

Важна таксама, каб пытанні праваслаўнай адукацыі знаходзілі адэкватнае адлюстраванне як у царкоўных, так і ў свецкіх педагагічных СМІ.

Вялікае значэнне мае катэхізічная дзейнасць Царквы. Неабходна імкнуцца да таго, каб такая праца праводзілася не толькі з дапамогай кароткіх гутарак перад таінствам Хрышчэння, але і ў рамках парафіяльнай адукацыйнай працы з дзецьмі, моладдзю і дарослымі, асабліва з тымі, хто рыхтуецца стаць татамі і мамамі. Неабходна, каб на пляцоўках нашых парафій сапраўды існавала сістэма пастаяннай катэхізічнай адукацыі. За некалькі гадзін гутарак са святаром хросныя бацькі, вядома, нешта засвояць, але гэта не будуць глыбокія веды, і можа не паўплываць на стыль выхавання дзяцей.

Важна, каб сучасны чалавек, сутыкаецца з Евангеллем, зразумеў і адчуў прыцягальную сілу Слова Божага, явіўшы сведчанне аб фундаментальным значэнні Богам вызначаных маральных асноў чалавечага жыцця.

Так, вялікі рускі вучоны Аляксей Аляксеевіч Ухтомскі са шкадаваннем адзначаў, што адной з прычын маральнага падзення грамадства ў пачатку ХХ стагоддзя з'яўлялася панаваўшае у той час скажонае разуменне культуры і цывілізаванасці: «Гэта культура... выключна матэрыяльнага чалавечага побыту пры вельмі паслядоўным, сістэматычным ігнараванні хрысціянскага разумення культуры і прагрэсу як вялікай маральнай працы асобы над сабою. <...> Кожны чалавек, як бы выдатна і «культурна» ні ён быў абстаўлены ў матэрыяльных адносінах, непазбежна духоўна здзічэе, зноў і зноў вернецца ў свой першабытна-дзікі вобраз, наколькі не будзе з ім Хрыста»3.

Культура ёсць вобласць прымянення духоўных і інтэлектуальных сіл чалавецтва, якая ўвабрала ў сябе шматвяковы вопыт творчага, стваральнага перамянення навакольнага свету. Мэта гэтага перамянення — сапраўдная гармонія быцця, арыенцірамі на шляху дасягнення якой з'яўляюцца ідэалы любові, дабра і прыгажосці. Для хрысціян гэтыя ідэалы зададзены Евангеллем. І менавіта гэтымі ідэаламі прасякнута тысячагадовая культура нашага народа.

Перад дзеячамі культуры праблема маральнага выбару і ў мінулым, і асабліва сёння стаіць надзвычай востра. Сапраўдны твор мастацтва адлюстроўвае ўнутраны стан свайго творцы, трансліруе яго пачуцці і думкі. Музычны, літаратурны, мастацкі твор здольны глыбока ўздзейнічаць на чалавечыя душы, падахвочваючы альбо да дабра і стварэння, альбо да нянавісці, разбурэння, канфліктаў. Заклікаю ўсіх, чыім жыццёвым пакліканнем з'яўляецца сфера культуры, памятаць аб асаблівай адказнасці за свой талент і яго плён перад Богам, народам і гісторыяй.

За тры дзесяцігоддзі, які мінулі з пачатку маштабнага адраджэння царкоўнага жыцця ў краінах гістарычнай Русі, многае было зроблена ў галіне развіцця місіі, адукацыі, моладзевай і сацыяльнай работы, узаемадзеяння з казацтвам. На нашых вачах быў адроджаны і цяпер актыўна развіваецца інстытут ваеннага духавенства, які цяпер ужо стаў неад'емнай часткай сістэмы падрыхтоўкі і выхавання асабістага саставу арміі і флоту. Духоўная асвета і маральнае выхаванне вайскоўцаў, а таксама супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, пенітэнцыярных устаноў, супрацоўнікаў МНС, будоваўля храмаў і малітоўных пакояў у месцах знаходжання адбываючых пакаранне, а таксама ў вышэйшых навучальных установах, што рыхтуюць спецыялістаў для ваеннай і грамадзянскай службы, — усё гэта не проста вынік паспяховых місіянерскіх намаганняў Царквы, але і надзённая неабходнасць нашага часу. Зацвярджэнне маральных каштоўнасцяў як асновы жыцця і дзейнасці людзей ва ўсіх сферах іх быцця — гэта адказ на агульны клопат аб шчаслівай будучыні нашых народаў.

Міласэрнасць, спагада, сумленнасць, цнатлівасць неабходна выхоўваць з ранняга дзяцінства. Да жалю, большасць сем'яў не ў стане ахаваць дзяцей і моладзь ад тлятворнага і агрубляючага душы ўздзеяння інтэрнэту і іншых сучасных тэхналогій. Але мы можам і павінны максімальна супрацьпаставіць гэтай рэальнасці праваслаўную асвету і выхаванне ва ўсёй разнастайнасці іх форм і метадаў.

Асаблівае месца займае маладзёжны дабравольны рух. І гэта не толькі тая праца валанцёраў, якая на вачах ва ўсіх, — яркім прыкладам служыць дапамога добраахвотнікаў у дні прынясення ў Расію мошчаў свяціцеля Мікалая Цудатворца, — але і малапрыкметная праца па догляду за старымі і цяжка хворымі людзьмі, дапамога дзецям у дзіцячых дамах і прытулках, удзел у дапамозе бяздомным, правядзенне экалагічных акцый і многае іншае.

Хацеў бы звярнуцца да сучаснай моладзі з заклікам: не грэбуйце сваім служэннем, заўсёды з адкрытым сэрцам дапамагайце акаляючым вас людзям, штодня рабіце дабро, не чакаючы аддзякі. Толькі праз прытрымліванне гэтага маральнаму закону, да якога часам даводзіцца прымушаць сябе, спаўняецца воля Божая, умацоўваецца адзінства народа, і вы ўзрастаеце ў непаўторнай атмасферы подзвігу. Добраахвотніцтва — гэта маленькі подзвіг, але за маленькім подзвігам можа вырасці здольнасць здзяйсняць вялікія справы і вялікія подзвігі, гэта значыць станавіцца моцнай асобай.

Да нядаўняга часу, на фоне эканамічных і сацыяльных цяжкасцяў здавалася, што мы можам страціць для Царквы пакаленне маладых людзей. Таму былі прыкладзены сур'ёзныя намаганні для развіцця царкоўнай місіі сярод моладзі, і ўжо сёння мы адчуваем першыя вынікі: моладзь прыходзіць да праваслаўнай веры і імкнецца прымаць актыўны ўдзел у жыцці Царквы.

Памятаючы запаведзь Божую «ідзіце і навучыце» (Мф. 28:16), мы павінны самі ісці са словамі аб Хрысце Спасіцелі туды, дзе сёння асабліва прысутнічае моладзь: у навучальныя ўстановы, спартыўныя арганізацыі, моладзевыя клубы, у сацыяльныя сеткі. Вельмі важна, каб кожны юнак і кожная дзяўчына адчувалі сябе ў Царкве не гасцямі, а сапраўднымі дзеячамі.

Сучасныя маладыя людзі часта мараць пра прыгожае і шчаслівае жыццё. Гэтае жыццё глядзіць на іх з вокладак часопісаў, з экранаў тэлевізараў, з рэкламных праспектаў. У іх галоўнымі каштоўнасцямі аб'яўляюцца паспяховасць, матэрыяльны дабрабыт, здароўе і прыгажосць. Людзі мараць пра прыгожае жыццё і нярэдка забываюць аб тым, што сапраўдная прыгажосць — падкрэсліваю, не знешні бляск і глянец, а сапраўдная прыгажосць — гэта ўнутраны стан чалавека. Сапраўдная прыгажосць — гэта ў першую чаргу прыгажосць душы. Прыгажосць, якая ў паўнаце раскрываецца, калі чалавек жыве паводле сумлення, кіруючыся вечным маральным законам, закладзеным ў нас Богам. Таму што, ідучы за Божымі запаведзямі, чалавек набліжаецца да ідэальнай дасканаласці, рэалізуе сваю сапраўдную богападобнасць, як пісаў аб тым наш выдатны мысліцель Уладзімір Салаўёў4. Такая прыгажосць ніколі не старэе, але разам з душой пяройдзе ў вечнасць.

Жадаю арганізатарам і ўдзельнікам Калядных чытанняў плённай працы і цікавых дыскусій.

Благаславенне Божае няхай будзе з усімі вамі. Дзякую за ўвагу.

[1] Из письма великой княжны Ольги Николаевны неустановленному адресату (Тобольск, 1918 год).

[2] Иннокентий, митрополит Московский, святитель. Записка о детском воспитании / Спасайте детей. Поучения святителя Иннокентия, митрополита Московского, апостола Сибири и Америки. СПб., 1998. С. 111.

[3] Ухтомский А.А. Интуиция совести. Письма. Записные книжки. Заметки на полях / Отв. ред.: Батуев А.С. Предисловие: Цурикова Г.М., Кузьмичев И.С. / СПб: Петербургский писатель, 1996. С. 63–64.

[4] Соловьев В.С. Оправдание добра: нравственная философия. М.: Академический проект, 2010.

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by