Протаіерэй Сергій Лепін: На памерлых таксама распаўсюджваецца запаведзь аб любві

24 красавіка 2017

top.jpgНапярэдадні Радаўніцы карэспандэнт часопіса «Врата небесные» пагутарыў з доктарам тэалогіі, старшынёй Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэем Сергіем Лепіным. Church.by публікуе пашыраную версію інтэрв'ю.

— Чаму часам шчырая малітва за спачылых блізкіх не прыносіць душэўнага заспакаення?

— Па розных прычынах. Напрыклад, з-за памылковых надзей: часам людзі чакаюць, што малітвы за памерлага ледзь не кампенсуюць ім іх страту, але гэтага не будзе. З болем страты трэба не толькі выжыць, але яшчэ і ператварыць боль у творчы пачатак нашага жыцця, які падштурхне нас да пакаяння, малітвы, дабрадзеяння. Або з-за эгаізму: малітва за памерлага павінна спрыяць упакаенню таго, хто памёр, а не таго, хто смуткуе. Зразумела, наша вера ў Госпада, для Якога няма ні мёртвых, ні жывых, і ў Якога ўсе жывыя, з'яўляецца нашай вялікай падмогай у перанясенні душэўнай скрухі, у нясенні свайго крыжа. Малітва дапамагае несці крыж, а не пазбаўляе ад неабходнасці крыжанашэння. Варта ўлічыць і тое, што маліцца таксама трэба ўмець. Міратворная добрая малітва — гэта не сродак, а мэта, да якой трэба доўга ісці. Напрыклад, як няправільны, нерэгулярны бег з'яўляецца прычынай стомленасці, болі ў цягліцах, а не лёгкага самаадчування і здароўя, так і бяссістэмная малітва, не падмацаваная ўдзелам у таінствах, правай верай, веданнем дагматаў, чытаннем Пісання, справамі міласэрнасці, можа стаць прычынай абцяжаранасці і стомленасці. Людзі бываюць неўмеркаванымі ў сваіх жаданнях і амбіцыях: хочуць памаліцца адну хвіліну і «лётаць» 23 гадзіны 59 хвілін. Але звычайна бывае наадварот: каб «праляцець» хвіліну, трэба прамаліцца суткі, а можа быць, і жыццё…

— Чаму памерці — гэта ненармальна?

— Таму што «Бог не стварыў смерці» (Прам. 1: 13). Чалавек першапачаткова створаны для неўміручасці. Задума Бога аб чалавеку не ўмяшчаецца ў часе і можа быць рэалізуемай толькі ў вечнасці. Але разам з грахом у свет чалавека ўвайшла смяротнасць. І тут ужо дакладнае адваротнае: зло не мае права на вечнасць, і смерць па выніках грэхападзення становіцца чымсці нармальным, калі за ёй наступае ўваскрасенне — свайго роду магчымасць «перазагрузкі», прытым у новай «канфігурацыі», з абноўленым «праграмным забеспячэннем», у перспектыве новых магчымасцяў.

— Многія людзі не разумеюць, навошта трэба маліцца пра памерлага. Растлумачце, калі ласка, што дае наша малітва мёртваму чалавеку?

— Па той самай прычыне, навошта мы молімся і аб жывых... Гэта няпроста, але я папрашу сачыць за маёй думкай.

Хрыстос Сваёй смерцю, як спяваецца ў пасхальным трапары, «смерць патаптаў» і «тым, што ў грабах, жыццё дараваў». Калі Хрыстос — наша жыццё, то і смерць можа стаць для нас здабыткам (гл.: Флп. 1: 21). Таму апостал Павел кажа, што не хоча, каб мы смуткавалі аб памерлых так, як гэта робяць «іншыя, якія не маюць надзеі. Бо калі мы веруем, што Іісус памёр і ўваскрэс, то і памерлых у Іісусе Бог прывядзе з Ім» (1 Фес. 4: 13-14). Пасха! «Смерць! дзе тваё джала? ад! дзе твая перамога?» (Ас. 13: 14). Смерць пераможана — як цялесная (разлучэнне душы і цела), так і духоўная (разлучэнне чалавека і Бога). І цяпер, як кажа апостал Павел, «Хто адлу́чыць нас ад любові Хрыстовай: гора, ці ўціск, ці ганенне, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч? Бо я ўпэўнены, што ні смерць, ні жыццё... ні цяперашняе, ні будучае, ні вышыня́, ні глыбіня́, ні якое стварэ́нне іншае не зможа адлучы́ць нас ад любові Божай у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым» (Рым. 8: 35-39). Г. зн., ніхто і нішто не можа раз'яднаць нас з Богам, а калі мы злучаныя з Госпадам, то ці не азначае гэта і злучанасць у Хрысце жывых і памерлых — усіх, хто верыў і верыць у Яго? Хрыстос ёсць Ісцінны Бог наш, «Бог не мёртвых, а жывы́х, бо ў Яго ўсе жывы́я» (Лк. 20: 38). Перад Богам розніца паміж жывымі і тымі, каго мы называем памерлымі, не такая істотная, як гэта здаецца нам, жывым людзям. Але нават тая розніца, што маецца, часовая — аднойчы мы ўсе «разам з Госпадам будзем!» (Яўр. 12: 1). Відаць, усе, хто цяпер жыве, памруць, але і ўсе да адзінага ўваскрэснуць і паўстануць адзін перад адным на Судзе Божым.

Могілкі вельмі падобныя на вакзал: цягнік, які забраў нашых блізкіх, аднойчы вернецца за намі. Мы не развітваемся назаўжды! Памерлыя не зніклі, не ператварыліся ў нішто — яны проста «пераехалі» ў іншы свет. Навошта маліцца за тых, што «з'ехалі», так? А як не маліцца за іх, бо яны па-ранейшаму засталіся асобамі: нашымі бацькамі, братамі, сёстрамі, сябрамі. ЯНЫ ПА-РАНЕЙШАМУ З'ЯЎЛЯЮЦЦА ДЗЕЦЬМІ БОЖЫМІ І ЧЛЕНАМІ ЦАРКВЫ (калі такімі яны з'яўляліся пры жыцці ў целе, зразумела)! А раз так, то яны па-ранейшаму павінны з'яўляцца суб'ектамі нашай любві і клопату, галоўная праява якіх – малітва Богу. Мы не ставімся да нябожчыкаў паводле прынцыпу «з вачэй сышоў — і з памяці зваліўся!»

«Дык вось, прашу перш за ўсё ўзносіць малітвы, прашэнні, хада́йніцтвы, падзякі ЗА ЎСІХ людзей» (1 Цім. 2: 1). Не сказана «маліцеся толькі за жывых» — сказана «за ўсіх». Апостал Павел кажа, што сапраўдная любоў НІКОЛІ не перастае (1 Кар. 13: 8), а, значыць, і нават са смерцю таго, на каго яна адрасавана. Нябожчыкі — таксама людзі! Не пазбаўляйце іх сваіх малітваў! Як нельга дыскрымінаваць чалавека па факце адсутнасці ў яго тых або іншых частак цела, так нельга дыскрымінаваць яго і па факце адсутнасці ў яго ўсяго цела.

— Некаторыя кажуць, што Пісанне не змяшчае ў сабе ўказанняў аб неабходнасці малітваў за памерлых. Што на гэта адказаць?

— Па-першае, Пісанне нічога не кажа нам аб неабходнасці малітвы і за цемнаскурых і індзейцаў — і што далей? Па-другое, я не быў бы настолькі катэгарычным... Вось, напрыклад, малітва Маісея за памерлых: «На другі дзень сказаў Маісей народу: вы зрабілі вялікі грэх; дык вось, я падымуся да Госпада, ці не загладжу граху вашага. І вярнуўся Маісей да Госпада і сказаў: о, народ гэты зрабіў вялікі грэх, зрабіў сабе бога; даруй ім грэх іхні; а калі не, дык сатры і мяне з кнігі Тваёй, у якую Ты ўпісаў» (Вых. 32: 30-32). Нагадаю, гэта было пасля таго, як Майсей знішчыў ідалапаклоннікаў — тых, за каго ён, уласна, і моліцца…

«Цяжкімі смерцямі памруць яны і ня будуць ні аплаканыя, ні пахаваныя; будуць гноем на паверхні зямлі; мячом і голадам будуць вынішчаны, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і звярам зямным. Бо так кажа Гасподзь: не ўваходзь у дом гаротнікаў і не хадзі плакаць і шкадаваць з імі; бо Я адабраў ад гэтага народа, кажа Гасподзь, мір Мой, і ласку, і шкадаванне. І памруць вялікія і малыя на зямлі гэтай; І НЕ БУДУЦЬ ПАХАВАНЫЯ, І НЕ БУДУЦЬ АПЛАКВАЦЬ ІХ, НІ МУЧЫЦЬ СЯБЕ, НІ СТРЫГЧЫСЯ ДЗЕЛЯ ІХ. І не будуць пераламляць дзеля іх хлеб у смутку, у суцяшэнне аб памерлым; і не пададуць ім келіхі суцяшэння, каб піць па іх бацьку і маці іх» (Іерам. 16: 4-7). Г. зн., не аплаканы і не пахаваны належным чынам чалавек параўноўваўся з «гноем» — перагноем, ежай жывёл. Але доля чалавечага цела не павінна паўтараць лёс падлы, таму смерць без абраду пахавання і памінання — «смерць цяжкая». Аб чым піша і цар Саламон: «Калі б які чалавек спарадзіў сто [дзяцей], і пражыў шмат гадоў і памножыліся дні яго жыцця, але душа яго не цешылася б дабротамі і не было б яму і пахавання, я сказаў бы: выкідак шчаслівей яго» (Экл. 6: 3).

Адсутнасць памінання ў Пісанні называецца «асліным пахаваннем»: «Таму так кажа Гасподзь пра Іаакіма, сына Іасіі, цара Іудзейскага: ня будуць аплакваць яго: "гора, браце мой!" і: "гора, сястра!" Ня будуць аплакваць яго: "гора, гаспадару!" і: "гора, яго вялікасць!" Асліным пахаваннем будзе ён пахаваны; выцягнуць яго і кінуць далёка за вароты Іерусаліма» (Іерам. 22: 18, 19).

Пісанне шматзначна кажа пра традыцыю аплаквання памерлых, адсутнасць пасмяротнага аплаквання названа доляй сыноў беззаконнага чалавека: «Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога, і спадчына, якую атрымліваюць ад Усеўладнага прыгнятальнікі. Калі памнажаюцца сыны яго, то пад меч; і нашчадкі яго не насыцяцца хлебам. Застаўшыхся пасля яго смерць звядзе ў труну, і ўдовы іх не будуць плакаць» (Іаў 27: 13-15).

«І памёр Самуіл; і сабраліся ўсе Ізраільцяне, і плакалі па ім, і пахавалі яго ў доме ягоным, у Раме. Давід устаў і сышоў да пустыні Фаран» (1 Цар. 25: 1). «І звялі яго слугі з калясніцы, і пасадзілі яго ў іншую павозку, якая [была] у яго, і адвезлі яго ў Іерусалім. І ён памёр, і пахаваны ў магільнях бацькоў сваіх. І ўся Іудзея, і Іерусалім аплакалі Іасію. Аплакаў Іасію і Іерамія ў песні жалобнай; і гаварылі ўсе спевакі і спявачкі пра Іасію ў жалобных песнях сваіх, [вядомых] да гэтага дня, і перадалі іх для ўжывання ў Ізраіля; і вось яны ўпісаны ў [кнігу] жалобных песняў» (2 Пар. 35: 24, 25).

Гаворка ідзе не проста аб ляманце і афектаваных паводзінах. Гаворка ідзе аб пэўных рытуалах. Так, пры пахаванні выкарыстоўваліся пахошчы: «І спачыў Аса з бацькамі сваімі, і памёр на сорак першым годзе валадарання свайго. І пахавалі яго ў грабніцы, якую ён зладзіў для сябе ў горадзе Давідавым; і паклалі яго на ложы, якое напоўнілі пахошчамі і рознымі штучнымі масцямі, І СПАЛІЛІ ІХ ДЛЯ ЯГО вялікае мноства» (2 Пар. 16: 13,14).

Якава бальзамавалі сорак дзён і аплаквалі сем дзён: «І загадаў Іосіф слугам сваім, лекарам, бальзамаваць бацьку яго; і лекары набальзамавалі Ізраіля. І споўнілася яму сорак дзён, бо столькі дзён патрэбна на бальзамаванне, і аплаквалі яго Егіпцяне семдзесят дзён» (Быц. 50: 2,3).

Па нябожчыках было прынята трымаць пост. Так пасціліся аб Саўле: «Тады схапіў Давід вопратку сваю і разадраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі з ім, і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Іанафана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, якія загінулі ад мяча» (2 Цар. 1: 11, 12). «І падняліся ўсе людзі моцныя, узялі цела Саўлава і целы сыноў ягоных, і прынеслі іх у Іавіс, і пахавалі косці іх пад дубам у Іавісе, і пасьціліся сем дзён» (1 Пар. 10: 12).

Да магіл праведнікаў трэба было ставіцца з павагай: «І зірнуў Іасія, і ўбачыў магілы, якія былі там на гары, і паслаў, і ўзяў косьці з магіл, і спаліў на ахвярніку, і спаганіў яго па слове Гасподнім, якое абвясьціў чалавек Божы, які прадказаў падзеі гэтыя. І сказаў [Іасія]: што гэта за помнік, які я бачу? І сказалі яму жыхары горада: [гэта] магіла чалавека Божага, які прыходзіў з Іудзеі, і абвясціў аб тым, што ты робіш над ахвярнікам Вефільскім. І сказаў ён: пакіньце яго ў спакоі, ніхто не чапай касцей яго. І захавалі косці яго і косці прарока, які прыходзіў з Самарыі» (4 Цар. 23: 16-18).

Пахаванне ў адной магіле з праведнікам лічыліся найвялікшай пашанай: «І падняў прарок цела чалавека Божага, і паклаў яго на асла, і павёз яго назад. І пайшоў прарок-старац у горад [свой], каб аплакаць і пахаваць яго. І паклаў цела яго ў сваёй грабніцы і плакаў па ім: гора, браце мой! Пасля пахаваньня яго ён сказаў сынам сваім: калі я памру, пахавайце мяне ў магільніцы, у якой пахаваны чалавек Божы; каля касцей ягоных пакладзіце косьці мае; бо спраўдзіцца слова, якое ён па загадзе Гасподнім сказаў пра ахвярнік у Вефілі і пра ўсе капішчы на вышынях, у гарадах Самарыйскіх» (3 Цар. 13: 29-32).

Давайце паглядзім і на так званыя «некананічныя кнігі» — нават калі не лічыць іх боганатхнёнымі, яны ўсё роўна ўтрымліваюць бясспрэчнае старажытнае гістарычнае сведчанне аб малітве за памёршых. У Другой кнізе Макавейскай мы чытаем: «Калі б ён не спадзяваўся, што загінуўшыя ў бітве ўваскрэснуць, то залішне і дарэмна было б маліцца аб мёртвых» (2 Мак. 12: 44). У кнізе Сіраха мы чытаем наступнае: «Міласць даваньня хай будзе да кожнага жывога, але і памерлага не пазбаўляй ласкі. Не ўхіляйся ад тых, хто плача і з бядуючымі бядуй» (Сір. 8: 36, 37). У Трэцяй кнізе Ездры знаходзім: «Я сказаў: Аўраам першы маліўся аб Садамлянах; Маісей — за бацькоў, якія саграшылі ў пустыні; Іісус пасля яго — за Ізраіля ў дні Ахана; Самуіл і Давід — за тых, што гінулі, Саламон — за тых, якія прыйшлі на асвячэнне; Ілья — за тых, якія прынялі дождж, і за нябожчыка, каб ён ажыў; Езекія — за народ у дні Сенахірыма, і многія — за многіх» (3 Ездр. 7: 36-40).

Далей у той жа Трэцяй кнізе Ездры гаворыцца, што малітвы за памерлых спыняцца толькі ў дзень Страшнага Суда: «такім чынам, калі тады, калі ўзмацнілася разбэшчванне і памножылася няпраўда, праведныя маліліся за няправедных, то чаму ж не быць таму і цяпер? Ён адказваў мне і сказаў: цяперашні век не ёсць канец; славы ў ім часта не бывае, таму маліліся за нямоглых. Дзень суда будзе канцом гэтага часу і пачаткам часу будучай неўміручасці, калі пройдзе тленьне, спыніцца няўстрыманасць, спыніцца нявер'е, а ўзрасце праўда, заззяе ісціна. Тады ніхто не зможа выратаваць загінулага, ні загубіць перамогшага» (3 Ездр. 7: 41-45).

Можна паглядзець і на: «Госпадзе Уседзяржыцелю, Божа Ізраіля! пачуй малітву памерлых Ізраіля і сыноў іх, саграшыўшых прад Табою, якія не паслухаліся голасу Госпада Бога свайго, за тое і напаткалі нас бедствы. НЕ ЎСПАМІНАЙ НЯПРАЎДАЎ БАЦЬКОЎ НАШЫХ, але ўспомні руку Тваю і імя Тваё ў гэты час, бо Ты — Гасподзь Бог наш, і мы ўславім Цябе, Госпадзе». (Вар. 3: 4-6). «Раздавай хлябы твае пры магіле праведных, але не давай грэшнікам» (Тав. 4: 17).

— А як ідуць справы з пытаннем аб малітве за памерлых у Новым Запавеце?

— Для біблейскага свядомасці маліцца за памерлых і тварыць у іх памяць дзеянні з рэлігійным сэнсам было зусім натуральным, і Хрыстос гэтыя малітвы і дзеянні не адмяняў — і гэтыя дзеянні былі здзейсненыя і ў адносінах да Яго Цела, пасля Яго смерці. Менавіта для таго, каб здзейсніць нездзейсненыя дзеянні над Целам Іісуса, ідуць міраносіцы да Гроба... Аплакванне памерлых ніхто не адмяняў і ў Новым Запавеце: «Сцяфана пахава́лі мужы́ бога­бая́зныя і спра́вілі вялікае галашэ́нне па ім» (Дзеян. 8: 2). Серну аплаквалі яе родныя (Деян. 9: 39)…

Аб тым, што Хрыстос не адмяніў малітвы за памерлых, сведчыць і вопыт Старажытнай Царквы. Адразу з узнікненнем хрысціянскага пісьменства з'яўляюцца і першыя сведчанні малітваў за памерлых. Арыген (2-3 стагоддзе), у тлумачэнні на кнігу Іава, кажа: «Мы творым памяць святых і бацькоў нашых ці шануем набожна памяць сяброў, у веры памёршых, як радуючыся іх прахалодзе, так і просячы сабе набожнага ў веры скону». Тэртуліян (2-3 стагоддзе) у кнізе «Аб вянку воіна» кажа: «Мы творым прынашэньне за памерлых кожны год у той дзень, у які яны памерлі». Святы Кіпрыян, епіскап Карфагенскі (3 стагоддзе), у пятым павучанні: «Мы творым памяць раней спачылых: па-першае, патрыярхаў, прарокаў, апосталаў, пакутнікаў, каб іх малітвамі і маленнямі Бог прыняў нашы малітвы; потым молімся аб памерлых св айцоў і епіскапаў і, нарэшце, аб ўсіх паміж намі памёршых, моцна верачы, што гэта прыносіць вялікую карысць душам, за якіх прыносіцца малітва святой і страшнай ахвяры, на алтары прынесенай». І гэтыя сведчанні можна працягваць...

Дарэчы, калі і не аргументам, то ілюстрацыяй можа служыць і тое, што ў іудзеяў меліся і маюцца памінальныя набажэнствы — не толькі ў час зямнога жыцця Іісуса Хрыста, але ў нашу эру, аж да гэтага дня.

— Ці ведаюць нашы памёршыя родзічы, што адбываецца з намі ў рэальным жыцці? Просяць за нас у Госпада?

— Смерць — гэта разлучэнне душы цела з усімі яго матэрыяльнымі пачуццямі, т. б, у памерлага няма вачэй, каб бачыць, і вушэй, каб чуць у звыклым сэнсе гэтых дзеясловаў. Калі мы тут, на зямлі, фізічна аддаляючыся адзін ад аднаго, губляем кантакты і інфармацыю адзін пра аднаго, то тым больш смерць — хоць яна і часовая — пагаршае тыя прорвы ў часе і прасторы, якія меліся на зямлі паміж людзьмі. Смерць аднаго з людзей — гэта, хутчэй, негатыўны фактар для магчымасці камунікацыі, а не станоўчы. Таму Эклезіяст піша: «У магіле, куды ты пойдзеш, няма ні працы, ні разважання, ні ведаў, ні мудрасці» (9: 10).

Важна ўлічыць і іншае: пазбавіўшыся пяці асноўных пачуццяў, даступных чалавеку ў яго целе, чалавек пазбаўляецца цялеснага ведання аб тым, што адбываецца цяпер у свеце матэрыі. Аднак ён нават пасля смерці захоўвае пры сабе сваё духоўнае сэрца — нешта, чым любяць, спадзяюцца, вераць, перажываюць. Усё тое, што і вызначае глыбіннае Я чалавека, яго асобу. Пазбавіўшыся ад афектаў і ілюзій цялеснага ўспрымання, чалавек атрымлівае чыстую магчымасць асэнсаваць сваё асабістае пражытае жыццё – у тым ліку і ў тых яе месцах, у якіх яно судакраналася з жыццём яшчэ жывых людзей. Памерлыя ўжо самі нічога не могуць змяніць у сваім жыцці, але яны захоўваюць і нават, будучы свабоднымі ад усяго зямнога, узмацняюць магчымасць малітвы да Госпада, у тым ліку і аб тых, хто жыве. На такіх меркаваннях, сярод іншага, і заснаваныя нашы малітвы да святых — памерлых праведнікаў: яны чуюць нашы малітвы не сваімі вушамі (іх душы пакінулі цела), але духоўным сэрцам. Вось чаму важна навучыцца маліцца не проста мовай: можна застацца непачутым і незаўважаным.

— Чаму пра нябожчыкаў гавораць альбо добра, альбо нічога?

— Думаю, што, прытрымліваючыся падобнай максімы, мы спрабуем быць максімальна тактоўнымі да сваякоў памерлых, а таксама ўсяляк цурацца граху асуджэння. Маліцца за памерлых можна і трэба, але асуджаць іх — нельга і не трэба. Калі на памерлых распаўсюджваецца запаведзь аб любві, то на іх жа павінна распаўсюджвацца запаведзь і аб неасуджэнні. Зразумела, нішто нам не перашкаджае разважаць над памылкамі жывых і памерлых, наадварот! Успомнілася добрая справа спачылага – праславі за гэта Бога, успомнілася дрэннае — памаліся, каб Бог дараваў яму. Маліцца не проста аб спачыне, але і аб прабачэнні канкрэтных грахоў памерлага — гэта цалкам па-хрысціянску.

— Чаму мы ўспамінаем аб Страшным Судзе ў дзень, калі памінаюць пайшоўшых у іншы свет?

— Нішто так не нагадвае пра будучую нашу ўласную смерц, як смерць нашых блізкіх. Усе мы ведаем, што памром, але ці ўсе ў гэта верым? Ці ўсе адчулі гэта і жахнуліся? І паколькі для нас смерць асацыюецца не са знікненнем, а ўваскрасеннем і з маючым адбыцца адказам на Страшным судзе перад Прастолам Усявышняга, то так і атрымліваецца…

— Што Вы пажадаеце братам і сёстрам у гэты дзень?

— Больш уважліва ўслухацца ў велікодныя спевы і прачуць іх галоўную ідэю: дзякуючы Хрысту, смерці больш няма, пекла зрынута і асмеяна. А тое, што мы называем смерцю, для вернікаў і не смерць зусім. Разлука, смутак, часовае растанне — так... Але не смерць! Быць хрысціянінам — гэта вялікае шчасце быць у Царкве: у Эклесіі, г. зн., у Сходзе ўсіх веруючых у Іісуса Хрыста: і жывых, і мёртвых.

Church.by