Рэканструкцыя Тураўскага крыжа: традыцыі старажытнасці і пропаведзь для сённяшняга дня
25 верасня 2020Завершаны работы па аднаўленню Тураўскага крыжа XII-XIII стагоддзяў, якія пачаліся яшчэ ў 2018 годзе — з абвяшчэння конкурсу эскізных праектаў. У конкурсе тады ўдзельнічалі дзевяць ювеліраў і мастакоў. Перамогу атрымаў праект мастачкі Алены Андрушчанка.
Уздзвізальны (напрастольны) крыж Тураўскага кафедральнага сабора быў галоўнай святыняй Тураўскай епархіі. Ён быў згублены пасля землятрасення, якое разбурыла сабор у XIII стагоддзі.
Крыж узноўлены ў двух экземплярах — для Беларускай Праваслаўнай Царквы і Нацыянальнай акадэміі навук. У першы будуць укладзены часцінка Крыжа Гасподняга, а таксама часцінкі мошчаў свяціцеля Мікалая, апостала Андрэя Першазванага і велікамучаніцы Варвары.
Святыню ўпрыгожваюць абразы свяціцеля Кірыла Тураўскага, дабравернага князя Андрэя Багалюбскага і мучаніцы Варвары. На бакавых рукавах крыжа — выявы першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла.
Выяўленыя на крыжы святыя так ці інакш былі звязаныя з беларускай зямлёй, з Тураўскім княствам. Князь Андрэй Багалюбскі кіраваў у Тураве ў пачатку XII стагоддзя, а ў гонар велікамучаніцы Варвары на Піншчыне быў пабудаваны жаночы манастыр, які дзейнічае і сёння.
Характэрны і той факт, што Тураўскае княства было мірным, не ініцыявала міжусобных войн, а толькі абаранялася ў выпадку нападаў. І менавіта цяпер малітва аб міры больш чым неабходная нашаму народу…
Праца па рэканструкцыі была няпростай — ад стварэння канцэпцыі да ўвасаблення рукамі ўмелага майстра. Ювелір Алег Ермаловіч, які працаваў над крыжам, распавёў пра тое, як вялася гэтая няпростая і адказная работа.
— Алег Леанідавіч, як працаваць над такой святыняй?
— Гэта было вельмі няпроста... Гэты крыж ў цэлым асаблівы. На старце, калі мы падыходзілі да ўвасаблення ў жыццё гэтага вырабу, пытанняў было шмат, а інфармацыі — мінімум. Таму і ўзнікла ідэя правесці конкурс эскізаў.
— За аснову браліся ўжо вядомыя ўзоры таго перыяду? Адразу прыходзіць на розум Крыж Еўфрасінні Полацкай…
— Гэты крыж выкананы ў прапорцыях Полацкага крыжа, аснова ў яго таксама кіпарысавая. Так, у плане памераў і матэрыялаў за аснову браліся аналагічныя вырабы. І, у прыватнасці, Крыж Еўфрасінні Полацкай. Але першыя мае думкі адрозніваліся ад таго, што ў выніку было ўвасоблена. Па ходзе працы мы аналізавалі, даследавалі даступную інфармацыю. Дапамагло і веданне тэхналогій таго часу — бронзавае ліццё, выкарыстанне ліцейных формаў з сцеаціту, са сланцаў, радовішчы якіх знаходзіліся побач — у Оўручы. Усё гэта ў сукупнасці і прывяло да тых рашэнняў, якія ўвасобіліся ў выніку.
— А якім быў гэты вопыт для Вас як для хрысціяніна?
— На прэс-канферэнцыі казалі пра цуды, якія, магчыма, будуць суправаджаць гэтую святыню (усміхаецца). Пытанне такое, вядома, выклікае іронію, але я магу сказаць, што ў працэсе працы маленькіх цудаў было дастаткова — на кожным этапе. Калі зайшла гаворка аб выглядзе тыльнага боку, я са здзіўленнем натрапіў на выяву крыжа, які мы назвалі цяпер Тураўскім. Гэта чатырохканцовы крыж на фрэсках, на мазаіках Кіеўскай Сафіі, датаваных X-XIII стагоддзямі. Мы знайшлі каля дзесяці малюнкаў у розных месцах.
Вонкавая частка яго ўпрыгожана камянямі. У працэсе працы з Полацкім крыжам прыйшло нейкае разуменне таго, чым з'яўляліся камяні — дзе яны размяшчаліся, як і чаму. У тых жа традыцыях мы размясцілі камяні і на Тураўскім крыжы. Лазурыты натуральныя ў ніжняй частцы дрэўка, зялёныя хромдыяпсіды, чырвоныя гранаты — досыць буйныя. Уверсе «ўзначальвае» крыж буйны зялёны смарагд (вырашчаны ў лабараторыі Нацыянальнай акадэміі навук — заўв. рэд.), а на цэнтральным крыжы размешчаны рубін.
Дзіўны быў момант... калі ішлі працы над эскізам, камяні былі расстаўленыя аўтарам інакш. Па ходзе выканання работы і ў колеры, і ў саміх камянях — усё на сваім месцы знаходзіцца.
— Што менавіта вы маеце на ўвазе?
— Мы ведаем, што ў Нагорнай пропаведзі Іісуса Хрыста ёсць словы, дзе згадваецца камень — камень домабудаўніцтва. «Кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені» (Мф. 7:24). І такі дом выстаіць, якія б буры і стыхіі ні пагражалі... а калі пабудаваць на пяску, то пойдзе дождж, падзьмуць вятры — І дом разбурыцца... дык вось, камень-аснова — гэта камень з пэўнымі ўласцівасцямі. Гэта і цвёрдасць, і не толькі…
— Ці можна сказаць, што ўдалося ўзнавіць не толькі сімвалічнасць, але і старажытныя тэхналогіі?
— Так, крыж выкананы ў сярэднявечных тэхналогіях. Вядома, некаторыя сучасныя метады мы не маглі цалкам выключыць, і сплавы металаў адпавядаюць сучасным стандартам. Але гэтыя стандарты блізкія да прапорцый, якія прымяняліся ў XII-XIII стагоддзях. Для крыжа, які часта трымалі ў руках, проба бралася некалькі ніжэй, таму што тут важная пэўная трываласць. Але, напрыклад, самі абразкі зробленыя з золата 958-й пробы — гэта практычна максімальная проба, метал мяккі і пластычны, выглядае фактычна як чыстае золата.
— Характэрныя тут і тэхналогіі, і, так бы мовіць сказаць, духоўнае напаўненне…
— Духоўнае напаўненне, сюжэтная частка — хутчэй за ўсё, гэта было прэрагатывай манахаў, духоўных асоб. На крыжы Еўфрасінні Полацкай надпіс: «Евфросінія же, раба Хрістова, стяжав крест сей, да пріімет вечную жізнь со всемі святымі». На жаль, у савецкія часы гэта слова перакладалася як «заказаўшы», але гэта няправільна. Дзеяслоў «стяжать», напрыклад, ужываў Серафім Сароўскі. Ён казаў, што мэта жыцця хрысціяніна — здабываць ("стяжать") Духа Святога. Гэта плён ўсяго жыцця. І ўвесь вобраз Полацкага крыжа — гэта свайго роду плён жыцця Еўфрасінні Полацкай…
Што ж тычыцца Тураўскага крыжа — мы стараліся, каб быў улічаны і гэты вопыт, і пэўныя традыцыі. Таксама перад выкананнем гэтай працы я прачытаў нямала пра гісторыю Тураўскага княства. XII-XIII стагоддзі — гэта смутныя часы, заставалася літаральна пару дзесяцігоддзяў да нашэсця манголаў. І гэта была свайго роду пропаведзь у выглядзе вобраза Крыжа — сімвал адзінства, аб'яднання. Вельмі спадзяемся, што і ў Тураўскім крыжы гэты вобраз у пэўным плане увасоблены ў жыццё!
Анастасія Марчук