Сімфанічны канцэрт «Музычнае прынашэнне ў дні Вялікага посту» адбудзецца 3 красавіка ў Белдзяржфілармоніі

26 сакавіка 2019

304201915.jpg

3 красавіка 2019 года, па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у рамках культурна-адукацыйнай праграмы Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла «Музычнае прынашэнне ў дні Вялікага посту» ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбудзецца сімфанічны канцэрт.

Галоўным музычным творам канцэрта стане сімфанічная араторыя «Страсці паводле Матфея» мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна (Алфеева). У аснову твора пакладзена апавяданне з Евангелля ад Матфея, прысвечанае пакутам і смерці Хрыста. Чытанне фрагментаў Евангелля чаргуецца з музычнымі нумарамі-рэчытатывамі, хорамі і арыямі, тэксты якіх запазычаныя, галоўным чынам, з праваслаўнага богаслужэння Страсной сядміцы. Твор мітрапаліта Іларыёна стварае атмасферу малітоўнага і эмацыянальнага суперажывання Госпаду Іісусу Хрысту, які пакутуе, садзейнічае асэнсаванню Яго Крыжовай смерці.

У праграму дадзенага канцэрта таксама ўвайшлі ўверцюра з оперы «Жыццё за цара» М. Глінкі і сімфанічная карціна «З Апакаліпсіса» А. Лядава.

Упершыню на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі прагучаць сімфанічныя антыфоны «Духоўная вайна» беларускага царкоўнага кампазітара протаіерэя Андрэя Бандарэнкі (Гродна).

Творы будуць выкананы Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава, пры ўдзеле Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы (мастацкі кіраўнік Вольга Янум) і мітрапалічага хору Мінскага Свята-Духава Кафедральнага сабора (рэгент Віталь Сабалеўскі). Евангельскі тэкст будзе прачытаны на беларускай мове ў перакладзе Біблейскай камісіі Беларускага Экзархату (тэкст чытае Алег Вінярскі).

Па пытаннях набыцця білетаў можна звяртацца ў офіс Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра (пр. Незалежнасці, 24, к. 304, кантактныя тэлефоны: +375 33 6969941 — Алена, +375 44 5652025 — Марыя), а таксама ў касы Белдзяржфілармоніі.

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр / Church.by