Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы зацвердзіў Праграму мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню ў 2022 годзе 1030-годдзя Праваслаўя ў Беларусі
29 снежня 202114 снежня 2021 года Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы заслухаў паведамленне мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, аб ходзе падрыхтоўкі юбілейных царкоўных урачыстасцяў і памятных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 1030-годдзя Праваслаўя на Беларускіх землях, якое будзе адзначацца ў 2022 годзе.
У мэтах падрыхтоўкі да святкавання 1030-годдзя Праваслаўя на Беларускіх землях рашэннем Сінода Беларускага Экзархату 7 верасня 2021 года (журнал № 85) быў створаны арганізацыйны камітэт, які ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У склад камітэта ўвайшлі архіерэі Беларускага Экзархату, святары, прадстаўнікі духоўных навучальных устаноў, царкоўныя і свецкія навукоўцы і спецыялісты ў галіне багаслоўя і царкоўнай гісторыі.
Першае працоўнае пасяджэнне аргкамітэта адбылося пад старшынствам Патрыяршага Экзарха 23 лістапада 2021 года. Удзел у ім прынялі архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, рэктар Віцебскай духоўнай семінарыі; архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан; архіепіскап Феадосій; епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій; епіскап Светлагорскі Амвросій, старшыня Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай царквы; протаіерэй Аляксандр Раманчук, старшыня Сінадальнай гістарычнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, намеснік старшыні арганізацыйнага камітэта; кіраўнікі сінадальных аддзелаў; кіраўнікі духоўных і свецкіх вышэйшых навучальных устаноў; прадстаўнікі царкоўнай і свецкай навукі.
У ходзе пасяджэння быў разгледжаны праект праграмы мерапрыемстваў святкавання 1030-годдзя Праваслаўя на Беларускіх землях, які ўключае як прапанаваныя да правядзення агульнацаркоўныя для Беларускага Экзархату мерапрыемства, так і тыпавы план епархіяльных мерапрыемстваў, рэкамендуемых да рэалізацыі ў рамках святкавання юбілейнай даты. Членамі аргкамітэта быў таксама прыняты арганізацыйны план падрыхтоўкі мерапрыемстваў святкавання 1030-годдзя Праваслаўя ў Беларусі.
Пачатак правядзенню мерапрыемстваў, прымеркаваных да 1030-годдзя заснавання першай на тэрыторыі сучасных Беларускіх зямель праваслаўнай Полацкай епархіі — падзеі, ад якой справядліва весці адлік афіцыйнай гісторыі Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Беларусі — пакладзены ўжо ў гэтым годзе.
У шэрагу епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы восенню бягучага года адбыліся рэгіянальныя і епархіяльныя адукацыйныя чытанні, якія былі прысвечаны маючай адбыцца памятнай даце.
1030-годдзе з часу заснавання Полацкай епархіі стала адной з асноўных тэм ХХ Еўфрасіннеўскіх педагагічных чытанняў.
Дадзенай тэме таксама былі прысвечаны рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Праваслаўная Царква ў гістарычным лёсе беларускага народа», якая праходзіла 24 лістапада 2021 года ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце, а таксама XIV чытанні памяці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), якія праходзілі на базе Мінскай духоўнай семінарыі 6 і 7 снежня 2021 года.
Сінод Беларускага Экзархату (журнал № 102 ад 14 снежня 2021 года) ухваліў папярэднія вынікі працы аргкамітэта БПЦ па падрыхтоўцы да святкавання 1030-годдзя Праваслаўя на Беларускіх землях, а таксама зацвердзіў распрацаваныя рабочай групай аргкамітэта праграму мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 1030-годдзя Праваслаўя ў Беларусі ў 2022 годзе і арганізацыйны план святкавання 1030-годдзя Праваслаўя ў Беларусі ў 2022 годзе. Паводле зацверджаных дакументаў, у 2022 годзе ў рамках святкавання юбілейнай даты плануецца правядзенне ўрачыстых набажэнстваў, хрэсных хадоў, канцэртаў царкоўнай музыкі, канферэнцый, выстаў, інтэрактыўных экскурсій, творчых вечароў, злётаў праваслаўнай моладзі, конкурсаў творчых работ навучэнцаў і іншых мерапрыемстваў.