Адбыўся трэці моладзевы велапрабег Гродзенскай епархіі «Гродна – Навумавічы – Рацічы – Сапоцкін»

13 верасня 2021

top.jpg

Па благаславенню епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія 11-12 верасня ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных памяці яўлення Божай Маці ў Аўгустоўскіх лясах, прайшоў трэці моладзевы велапрабег Гродзенскай епархіі.

Велапрабег пачаўся з агульнай малітвы ў храме велікамучаніка Панцеляімана ў Гродне, дзе протаіерэй Валерый Барычэўскі здзейсніў малебен і акрапіў усіх удзельнікаў святой вадой, пажадаўшы Божай дапамогі ў здзяйсненні велапаломніцтва. Праслухаўшы правілы руху ў групе веласіпедыстаў у суправаджэнні супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі, моладзь адправілася па зацверджаным маршруце.

Першым прыпынкам стаў храм у гонар Аўгустоўскага абраза Божай Маці ў мікрараёне Баранавічы. Велапаломнікаў сустрэў настаяцель прыхода іерэй Цімафей Наздрын. Ён правёў для гасцей экскурсію, расказаўшы аб з'яўленні Багародзіцы ў 1914 годзе рускаму войску ў Аўгустоўскіх лясах.

Пераадолеўшы частку шляху і спыніўшыся ля форта №2 каля вёскі Навумавічы, велапаломнікі накіраваліся да паклоннага крыжа. Крыж быў усталяваны ў памяць загінуўшых салдат і афіцэраў Чалябінскага палка імператарскай арміі, якія трымалі абарону форта ў 1915 годзе, а таксама загінуўшых тут у гады Другой сусветнай вайны воінаў-абаронцаў. Іерэй Георгій Скорб здзейсніў памінальную ліцію, памаліўшыся пра ўсіх воінаў, загінуўшых у гэтых месцах, а таксама аб нявінна забітых у часы Вялікай Айчыннай вайны жыхарах бліжэйшых вёсак.

Перадапошнім прыпыначным пунктам быў памятны крыж, усталяваны на месцы пахавання салдат Першай сусветнай вайны каля вёскі Рацічы. Тут велапілігрымы разам са святаром памаліліся за спачылых воінаў, пасля чаго працягнулі падарожжа.

Па прыбыцці паломнікаў у гарадскі пасёлак Сапоцкін у прыходзе храма Праабражэння Гасподняга быў здзейснены малебен з акафістам Прасвятой Багародзіцы перад Яе іконай «Аўгустоўская перамога». Памаліўшыся, настаяцель храма іерэй Георгій Скорб падзякаваў удзельнікам велапрабегу за працу і паднёс памятныя падарункі.

Пасля богаслужэння госці адправіліся на начлег на аграсядзібу «Тартак», дзе для моладзі была арганізавана вячэра і гутарка са святаром ля вогнішча. Удзельнікі велапрабегу змаглі наведаць Аўгустоўскі канал, палюбавацца маляўнічымі месцамі і зрабіць фота на прыродзе.

Раніцай 12 верасня ў храме Праабражэння Гасподняга ў Сапоцкіне адбылася Бажэственная літургія, за якой удзельнікі велапрабегу разам з прыхаджанамі прычасціліся Святых Хрыстовых Таін. Па заканчэнні службы госці падзякавалі прыхаджанам храма за цёплы і сардэчны прыём.

Гродзенская епархія/Church.by