Здзейсніўся візіт Блажэннейшага Патрыярха Александрыйскага Фёдара ў Польскую Праваслаўную Царкву

26 верасня 2018

top.jpg

З 19 па 24 верасня 2018 года адбыўся афіцыйны візіт у Польскую Праваслаўную Царкву Блажэннейшага Фёдара II, Папы і Патрыярха Александрыйскага і ўсяе Афрыкі. У састаў дэлегацыі таксама ўваходзілі Высокапраасвяшчэннейшы мітрапаліт Нубійскі Сава і архімандрыт Сільвестр.

Пасля афіцыйнай сустрэчы ў Варшаўскім аэрапорце імя Фрэдэрыка Шапэна дэлегацыя наведала кафедральны сабор роўнаапостальнай Марыі Магдаліны. У храме Яго Блажэнства здзейсніў кароткі малебен, падчас якога ўзнёс малітвы за народы Афрыкі і Польшчы, за развіццё праваслаўнай місіі ў Афрыцы і за мір ва ўсім свеце. Блажэннейшаму Патрыярху Фёдару саслужыў Блажэннейшы мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава разам з духавенствам Польскай Праваслаўнай Царквы. Прадстаяцелі Памесных Цэркваў абмяняліся прывітальнымі словамі і каштоўнымі падарункамі.

На наступны дзень Яго Блажэнства наведаў шэраг прыходаў Варшавы і манастыр святых Марфы і Марыі на гары Грабарцы.

У пятніцу, 21 верасня, Блажэннейшы Патрыярх Фёдар узначаліў Бажэственную літургію ў прыходзе Нараджэння Багародзіцы ў Бельску-Падляскім. Па заканчэнні літургіі Блажэннейшыя Прадстаяцелі дзвюх Памесных Цэркваў падпісалі сумесны зварот па сітуацыі на Украіне. У той жа дзень высокі госць наведаў манастыр Нараджэння Багародзіцы ў Зверках.

Увечары таго ж дня Яго Блажэнства ўзначаліў усяночнае трыванне ў Нікольскім кафедральным саборы Беластока, куды са Зверак былі дастаўлены мошчы мучаніка немаўляці Гаўрыіла Беластоцкага. Па традыцыі Беластоцкай епархіі, кожны год святыя мошчы пераносяцца на зіму ў кафедральны сабор, а на лета яны вяртаюцца ў жаночую абіцель ў Зверках. Штогадовае перанясенне мошчаў са Зверак у Беласток здзяйсняецца звычайна 22 верасня, у гадавіну перанясення мошчаў святога з Гродна ў Беласток, якое адбылося ў 1992 годзе.

У суботу 22 верасня Блажэннейшы Патрыярх Фёдар узначаліў Бажэственную літургію ў беластоцкім кафедральным саборы свяціцеля Мікалая, пасля чаго наведаў розныя храмы Беластока.

Нядзельную літургію Яго Блажэнства ўзначаліў у Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы Любліна. У той жа дзень высокі госць наведаў мемарыял на месцы нацысцкага лагера смерці Майданэк. Блажэннейшы ўладыка ўсклаў вянок і здзейсніў памінальную ліцію па ахвярах нацызму.

У панядзелак Блажэннейшы Патрыярх Фёдар II сустрэўся з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Польшча. Пасля гэтага высокі госць адбыў на радзіму.

Сумесны зварот Блажэннейшага Патрыярха Александрыйскага і ўсяе Афрыкі Фёдара ІІ і Блажэннейшага мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы (пераклад протаіерэя Яўгена Грамыкі)

Мы, прадстаяцелі дзвюх Памесных Цэркваў, сустрэўшыся на польскай зямлі і ўсведамляючы адказнасць за жыццё Святога Праваслаўя ў сучасным грамадстве, яго мір, адзінства і захаванне дагматычна-кананічнага парадку, перад абліччам абставін, якія перажываюць праваслаўныя ў Украіне, звяртаемся ў духу брацкай любові да ўсіх, ад каго залежыць выпраўленне царкоўных неўладкаванняў, якія ўзніклі падчас атрымання Украінскай Царквой аўтакефаліі, зрабіць усё, што ад іх залежыць для таго, каб пагасіць канфлікт і ўсталяваць мір царкоўны на ўкраінскай зямлі.

Служачы Святую Літургію ў дзень Святога Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, молімся аб адзінстве і міры ва ўкраінскім народзе і адначасова пасылаем братэрскае прывітанне Прадстаяцелям Памесных Праваслаўных Цэркваў і ўсёй паўнаце Святога Праваслаўя».

Фота: афіцыйны сайт Польскай Праваслаўнай Царквы

Church.by